– Праедзем далей, можа, знойдзем краму на нашым баку ці ў адноснай блізкасці да трасы.
Але далей нічога такога яны не сустрэлі. Праз некалькі кіламетраў будынкі скончыліся і пачаўся лясны масіў. Давялося развярнуцца і ехаць назад па сустрэчнай паласе.
Наблізіўшыся да крамы з надпісам «Stop&Shop», яны зачынілі дзверы, на свой страх і рызыку пакінулі машыну на абочыне і накіраваліся да чырвона-сіняга будынка.
На паркоўцы ля крамы стаяла шмат машын. Уваходныя шкляныя дзверы былі шырока адчыненыя. Ужо здалёк было бачна, як людзі, быццам бессаромная саранча, рабуюць прылаўкі. Марадзёрства ішло поўным ходам. Макар узяў Кіру за руку, і яны ўвайшлі ў будынак.
Крама аказалася невялікай. Знутры яна была амаль цалкам разбураная і абрабаваная. Людзі не паспелі абчысціць усе паліцы дашчэнту, аднак яшчэ колькі гадзін – і ў краме нічога не застанецца. Каля дваццаці-трыццаці чалавек насілася з канца ў канец. На з’яўленне Макара з Кірай ніхто не адрэагаваў – усе былі занятыя крадзяжом прадуктаў, таму новапрыбылыя адразу ж уліліся ў агульны гармідар. Макар схапіў пластыкавы кошык, другі сунуў у рукі Кіры.
Яны апынуліся каля паліц з садавіной, на якіх засталіся толькі яблыкі і дробныя апельсіны.
– Бяром самае неабходнае! Тавар, які хутка псуецца, нам не патрэбны, – сказаў Макар.
– Я ўсё ж вазьму трохі садавіны, з’ядзім па дарозе, вітаміны хутка могуць стаць дэфіцытам, – настаяла Кіра.
Адразу за садавіной былі паліцы з малочнымі прадуктамі – амаль цалкам абрабаваныя. На пустым прылаўку неахайна стаяла некалькі слоікаў пастэрызаванага малака і валяліся дробныя пакуначкі тварагу. Далей Макар заўважыў аддзел з макароннымі вырабамі і алеем. Наклаў у кошык супоў хуткага прыгатавання. Абышоў прылавак. За ім на падлозе ляжалі пакеты з крупамі і мукой, якія хтосьці рассыпаў па кафлянай падлозе крамы. Макар узяў усе больш-менш запячатаныя і пайшоў далей. У аддзеле з прысмакамі ён напаткаў сям’ю азіятаў, якая апантана падчышчала паліцы з печывам.
– Выбачайце, вы не чулі, што ўвогуле здарылася? Якія апошнія навіны? – звярнуўся да іх Макар.
Тыя спалохана пераглянуліся, і лысы плюгавы азіят хутка прамармытаў на ламанай англійскай мове:
– Маньяк Кім скінуў бомбу на Каліфорнію…
– Аднак адкуль столькі попелу?
Пытанне засталося без адказу. Азіяты спешна эвакуяваліся ўглыб крамы.
Кіра назбірала шмат кансервантаў і хлябцоў. Макар засяродзіўся на бабовых і па звычцы ўзяў колькі пачкаў чыпсаў. Бралі таксама гарбату і каву. У пустым аддзеле спіртнога ім пашчасціла знайсці літровую бутэльку «Джэка Дэніэлса». Макар запхнуў у кішэню дзясятак пачкаў цыгарэт, на марку не глядзеў, браў тое, што засталося. Кіра знайшла марынад, крабаў і пачак марскога кактэйлю. Мяса і рыбы ўжо не было. Хацелі прыхапіць бульбы, аднак у кошыках ужо не засталося вольнага месца.
Увесь час Макар асцерагаўся, што з хвіліны на хвіліну з’явіцца паліцыя. Трэба было дзейнічаць хутка і, калі што, кідацца наўцёкі.
Як толькі яны пакончылі з аглядам усіх аддзелаў, Макар падаў Кіры знак адыходзіць. За касай нікога не было, і яны вярнуліся да «джыпа». Закінулі прадукты разам з кошыкамі ў вялікі багажнік і далі па газах.
Толькі ў салоне зразумелі, што горад канчаткова патануў у цемры. Відаць, надышла сапраўдная ноч, робячы і без таго жудасную атмасферу канца свету яшчэ страшнейшай. Макар уключыў блізкае святло. Дарога чорнай стужкай ціха вілася наперад гэтак жа, як у пачатку фільма «Шаша ў нікуды».
Кіра вырашыла праверыць радыё. Пакруціла рэгулятар, аднак на ўсіх хвалях гучаў адно манатонны гукавы фон, які застаўся яшчэ з часоў Вялікага выбуху.
Яны праехалі некалькі кіламетраў і канчаткова пакінулі горад. Абапал трасы ў начным змроку вымалёўваліся абрысы дрэў. Рух на дарозе стаў заціхаць. Машыны абганялі іх зрэдку, і Макар трохі расслабіўся. Навокал па-ранейшаму панавала таямнічае зацішша.
Праехаўшы яшчэ некаторы час, яны заўважылі справа ад трасы невялікую яскравую шыльду прыдарожнай запраўкі «Gulf» на дзве калонкі. Каля адной з іх стаяла машына. Макар вырашыў таксама спыніцца.
Пад’ехаўшы да запраўкі, Макар сказаў Кіры заставацца ў машыне, а сам, надзеўшы рэспіратар, выйшаў.
Каля лядашчага «Форда» завіхаўся пажылы мужчына. Макар заўважыў у салоне сівавалосую жанчыну і двух непаўналетніх дзяцей. Убачыўшы хлопца, мужчына добразычліва павітаўся.
– Ратую ўнукаў. Бацькоў, хутчэй за ўсё, паглынула лава. А вам, малады чалавек, раю запасацца палівам, бо ў найбліжэйшы час з гэтым могуць узнікнуць сапраўдныя праблемы, – сказаў ён.
– А вы ведаеце, што ўсё ж здарылася?
Мужчына здзіўлена паглядзеў на Макара.
– Апошняе, што мы чулі, пакуль канчаткова не абрубілі інтэрнэт, гэта тое, што ў раёне штата Ваёмінг адбыўся моцны выбух, які абудзіў Елаўстонскі вулкан, і той адказаў наймагутнейшым выкідам лавы і попелу. Попел, аднак, не радыеактыўны, так што ваш рэспіратар не патрэбны.
– І што далей?
– Хто яго ведае… Мы з сям’ёй вырашылі пакінуць горад і перачакаць навалу ў жончынай цёткі ў штаце Вермонт, там у яе домік у гушчэчы лесу. Кажуць, што цяпер лепш за ўсё быць бліжэй да прыроды. Лес захоўвае добрае паветра. Наступствы могуць быць самымі непрадказальнымі. Магчыма, хутка пачнецца вайна. Кантынент, як прадказвалі некаторыя нядобразычліўцы, не раскалоўся, аднак выбуху было дастаткова, каб мы страцілі гегемонію і нашы пазіцыі ў свеце значна пагоршыліся. Я чуў, што Расія аб’ядналася з Кітаем. Мяркую, як толькі ўсе ўпэўняцца ў нашым бяссіллі, то абавязкова выступяць супраць нас.
Макар падумаў, што трэба пазбавіцца ад свайго ўсходнеславянскага акцэнту, хаця многія казалі, што ў яго нямецкае вымаўленне.