У Данілы перахапіла дыханне: ён сустракаў гэтага чалавека! Памяць пакутліва перабірала твары, але гэты ніяк не згадваўся, хоць некалі Даніла бачыў яго, ён быў знаёмы!
– Не пазнаў? – куточкі вуснаў мужчына быццам склаліся ва ўсмешку, а вочы заставаліся халоднымі, свідравалі позіркам голага Данілу.
– Зараз апрануся, – асіплым голасам вымавіў ён, таропка нацягнуў трусы. – Не пазнаю, – застаўся стаяць, адчуваючы сябе такім чынам у бяспецы, бо ад незнаёмага нібы клаўся трывожны цень на падлогу.
– Ты сядай, – паказаў той позіркам на фатэль, і Даніла падпарадкаваўся загаднаму голасу. – Помніш магістратуру?
– Мацвей!? – гукнуў Даніла, і раптоўна ў галаве яго праяснела. Няма сумненняў, гэта ён! Бач, як змяніўся: бародка, твар смуглы, памужнеў. Зусім не некалішні ціхоня-магістрант. – Вось дык маеш! Адкуль ты? Дзе ты?
Было імгненне – яму хацелася працягнуць руку, але нешта стрымала. Ці тое, што Мацвей адкінуўся глыбока ў фатэль, і каб падаць руку, самому трэба было устаць, падыходзіць і нахіляцца, а ён не апрануты, ці тое, што Мацвей ніяк не адрэагаваў на той факт, што яго пазнаў некалішні сябар.
– Ды па рознаму, – унікліва адказаў Мацвей. – У Беларусі не быў шмат гадоў, прыехаў, гляджу, асвойваюся.
– Бачу, жанаты, дачка расце. Вялікая ўжо, – паспяшаўся Даніла паказаць Мацвею, што заўважыў іх раніцай. – А я во не пазнаў цябе. Хоць і сам змяніўся, бач, – нервова рагатнуў ён, паказваючы на сваё невялікае пуза. Адчуванне небяспекі не праходзіла. Чаго ён хоча, Мацвей? Сустрэў выпадкова, дык вырашыў зазірнуць?
– Ды не, знаёмыя, – абыякава адмахнуўся ад пытання Мацвей.
– Неблагія знаёмыя, для іх царскі пакой здымаеш!
– Так, добрыя. Можа, пойдзем у рэстаран, пасядзім за чаркай, паўспамінаем-пагаворым? – прапанаваў Мацвей.
– Ага, давай!
– То апранайся, я пайду замоўлю столік ды чаго выпіць-закусіць. Гарэлка, каньяк ці што іншае?
– Гарэлку і піва напачатку.
Даніла заходзіў у залу рэстарана, яшчэ пустога, і тут яго ажно апякло: ля дальняй барнай стойкі ён пабачыў постаць, якую ні з кім не мог зблытаць, бо еў гэтыя клубы і ногі вачамі зусім нядаўна і марыў лашчыць іх гэтай ноччу – на высокім табурэце сядзела Вольга, бессаромна высока загаліўшы адну нагу. Побач з ёй быў мужчына, гадоў сарака. Была думка – ірвануцца да стойкі, крычаць і абражаць, але спыніла нават не бязглуздасць магчымага ўчынку, бо хто ён такі, каб мець нейкія правы на гэтую жанчыну, а постаць мужчыны побач з ёй: упэўненая, дужая. І таму стрымаўся, накіраваўся да століка за якім угледзеў Мацвея, і краем вока прыкмеціў: Вольга і мужчына павярнуліся да яго і нягучна размаўляюць.
Мацвей сам наліў у кілішкі. З’явіўся афіцыянт з халодным півам.
– Пад піва што-небудзь? – спытаў Мацвей.
– А? Не, не турбуйся, – разгублена кінуў Даніла. – Хопіць тут бутэрбродаў вось, – ён кіўнуў на талеркі з халоднымі закускамі. Мусіў сесці на крэсла насупраць Мацвея – і бачыў Вольгу і таго мужчыну ўвесь час.
– Вярнуўся, хацеў даведкі якія пра былых сяброў знайсці, – казаў раздумліва Мацвей. – Сустракаю тваё прозвішча: дырэктар фірмы. Малайчына!
– Ат, – нехаця скрывіўся Даніла, прызнаўся: – Не мая фірма, цесцева. Я ўсяго шырма, грошы напачатку ягоныя. Ён у акадэміі невялікі начальнік, сувязі ёсць па краіне. Вось і пайшла справа.
– Няблага ты ажаніўся – і на жанчыне, і на грашах. Малайчына ўсё адно. У навуку вырашыў не ісці?
– Кожны сам выбірае, з кім ажаніцца, ад каго адхрысціцца. Які з мяне вучоны? Я – практык! – пакрывіўся Даніла.
Пасля другога глытка піва і кілішка гарэлкі ён пачуваўся спакайней. Закідваў у рот маленькія бутэрброды з чырвонай ікрой, жаваў з сілай, сківіцы хадзілі хадуном – яго ўсё больш раздражняла парачка ля бара, якая, ён бачыў, раз-пораз кідае позіркі на яго. Ён злавіў сябе на думцы, што калі вып’е шмат, то палезе ў “разборкі” – знаў за сабой такі грэх: абавязкова п’яным высвятляць адносіны. І гэта хацелася зрабіць. Хай бы ён і пацярпеў, абы гэтай шлюндры плюнуць у твар…
– Ну, не кажы. Чытаў пра тваю сістэму кіравання. Дангал – Даніла Галоўчык, так? – падміргнуў Мацвей.
Даніла уздрыгнуў.
– Так.
Позірк Мацвей стаў вострым, ён прымружыўся:
– У мяне добрая памяць на такія рэчы, і гады не самага лепшага жыцця на памяць не паўплывалі, Даніла. Я помню, што алгарытм гэтай сістэмы – мая ідэя.
Даніла памарудзіў, наліў сабе кілішак, выпіў.
– Я ўжо не помню, чым мы там займаліся. Выпадкова знайшоў нейкія накіды, працаваў.