Даніла запусціў бухгалтарскую праграму. Пароль быў уведзены і захаваны ў браўзеры. Ён зларадна пасміхнуўся.
Справа пяці хвілін – і ўсе сродкі былі пераведзены на рахункі ў афшорных зонах, нумары якіх Даніла з яго здольнасцю да матэматыкі помніў і ў снах.
І ўжо няспешна прымаў душ, пераапранаўся, гуляючы першы раз у сваім жыцці жанатага мужчыны голым па кватэры, быццам помсцячы гаспадарам у выглядзе іх партрэтаў – а такія віселі ў вітальні і мусілі сузіраць голага Данілу які курыў – якое варварства! – у кватэры, піў з горла самы дарагі каньяк з бара цесця.
На тым бары Даніла і пагарэў – цесць сваю калекцыю напояў розных гадоў абагаўляў. Таму замовіў усталяваць просценькую схему, каб па тэлефоне яму паведамлялася пра любое магчымае адкрыванне дзверцаў бара.
Даніла змог узяць білет і сесці ў цягнік. На мяжы праверылі пашпарты, спыталі пра змесціва сумак – усё як звычайна. Даніла не звярнуў увагі, што памежнік колькі слоў сказаў па рацыі. А потым у купэ зайшло двое, цывільных. “Даніла Галоўчык? Прайдземце з намі. Вы падазраяцеся…”.
Даніла ніяк не чакаў, што ў гэты момант у вачах успыхне нядаўняе: малая дзяўчынка даверліва хіне сваю галоўку да грудзей мужчыны. Хацелася завыць.
Частка 20
– Чуеш, Грак, я падумаў: лёгка быць справядлівым, лёгка плаціць па рахунках, як ў цябе грошы ёсць. Хіба гэта сапраўдная справядлівасць? А калі ў каго іх няма, гэтых долараў?
Грак пракаўтнуў, абцёр вусны папяровай сурвэткай.
– Хвілосаф, – рагатнуў. – Усё лагічна, Монця. Самыя вялікія несправядлівасці ў свеце здараюцца з-за грошай, з-за жадання імі валодаць. Клін – клінам. А іначай – як? Ты зразумей, грошы – ўсяго сродак. Мы маем сродкі – мы трошкі аблягчаем сабе задачу. Думаеш, мы не справіліся б, каб іх не мелі? Справіліся б! Успомні скалу… Грошы паскараюць працэс у нашым выпадку. Прыдумалі б іншае і не менш эфектыўнае. Хто там у нас на чарзе, дарэчы? Раман, Марго?
Ля альтанкі гарэў касцёр, жанчыны пайшлі ў танцзалу – у адным з рэстаранаў комплексу гулялі вяселлі, і ім цікава было паглядзець на маладых.
– Дык яшчэ з казак пра тое, як мужык праўду шукаў, акцэнт робіцца на чым? – Антон адставіў высокую і пузатую шклянку з півам, не спяшаўся адказаць на пытанне да яго, мабыць, таксама хацелася выказацца на «вольную тэму». – На магчымасці. Так што дарма пераймацца, Мацвей. Мы проста скарыстоўваем магчымасці.
– Чуеш, Антоне, – па-змоўніцку падміргнуў яму Грак, – То наш Монця задумаўся над усясветнай справядлівасцю.
– Трапач, – кінуў Мацвей у бок Грака. – От мы паглядзім, што пакіне ад цябе ранейшага жанчына.
– Якая жанчына?
– Нябесная, ага, – павёў вачыма Мацвей у бок цэнтральнай часткі будынка, дзе была банкетная зала, і адкуль лілася гучная папсовая музыка.
Грак паглядзеў неяк сумна-летуценна ўслед за Мацвеем на будынак, кракнуў і загаварыў:
– Знаеш, Монця, я не празорлівец, не. Але во што скажу: першы позірк, першы тактыльны кантакт, першы пах, першыя словы – я ніколі не памыляўся.
– А…
– Ціха! Пра жонку змаўчым – тут асобная справа, як і пра сябра, бо ўсё пачалося куды раней, чым я навучыўся. Ты, да прыкладу. Ці той жа стары чачэнец, ці ягоны пляменнік. Мы тады засталіся, не збеглі – бо я меркаваў, што нам заплацяць за гэта справай чэсці. А наконт жанчын… Я чэсна скажу: не ўцямлю, па якіх якасцях, па якіх прыкметах яны абіраюць. А мне дык адно ў жанчыне найважнейшае: ты адчуваеш, што ў момант тваёй найбольшай слабасці, няўдачы і паразы яна прыме тваю галаву ў прыпол, пагладзіць твае валасы і скажа: “Ты гэта перажывеш, пераможаш”, а пасля ніколі, чуеш – ніколі! – не папракне цябе за гэтую хвіліну слабасці. То гэта – твая жанчына. І дзеля такой ты ўсё зробіш, усё адужаеш, сцерпіш, вылузаешся – і да яе прыйдзеш. Хоць пераможцам, хоць пераможаным, але пазней каб перамагчы. Я такую жанчыну ўбачыў у Вользе. Вось яна мяне прыме. Адчуваю гэта. І пасля не ўпікне. Дык што, упускаць шанец? Ну не! Адчуваеш, што гэта тваё – лоб разбівай, а ідзі наперад. Пасля ўсё забудзецца. Усялякія прыкрасці ў небыццё сыдуць, усе шкадаванні змыляцца, але калі шанец не скарыстаў – тое ніколі не запамятаеш.
– Ат, – Мацвею адчуў сябе яўна сарамліва з-за шчырасці сябра. – Я ж жартаваў, а ты тут цэлую тэорыю выклаў з выварочваннем сваёй сутнасці.
– Не жартуй адносна жанчын. Бо адна з жанчын – твая маці, – не мог супакоіцца Грак, памаўчаў, мо сам адчуваючы, якое напружанне ўвёў у сяброўскую гутарку, павініўся: – Прабачце, мабыць, я трошкі перагнуў у сваёй чарговай лекцыі выхавання моладзі. Дык што ў нас чакаецца?
– Чакае нас Раман.
– І гэтая, Марго?
– І Марго. Але у святле табой сказанага наконт жанчын, хай сабе Марго жыве як жыла. Яна зла не рабіла. А здрада… Ну, якая там здрада? Кожны чалавек вольны выбіраць сяброў і ад іх адмаўляцца. Яна проста адмовілася. Мае права. Так думаю.
– Падтрымаю. Антон, на Рамана многа накапаў?
– Хацелася б болей, – прызнаўся Антон і дадаў: – Там яшчэ адна жанчына вымалёўваецца.
– От жа, зноў жанчыны, – пасміхнуўся Мацвей. – Што за яны?
– Ды гэта каханкі Рамана. Як ён толькі умудраецца не паліцца – не разумею. Мае трох у адным горадзе, яшчэ дзве – у суседніх гарадах. І гэта пры жонцы, з якой жыве ў адным доме!
– То збірай дасье! – вырашыў Грак. – У нас яшчэ дэкан, так?