– Дзякуй, – Вользе сапраўды было прыемна бачыць, якое узрушэнне выклікала яна ў мужчыны сваім з’яўленнем. – Там мае рэчы ў багажніку…
– Вох, колькі ж жанчыне патрабуецца ўсяго, – пасміхнуўся Даніла, узважваючы ў руцэ валізку. – Ты хочаш памыцца-пераапрануцца ці мы паабедаем спачатку?
– А ты як хочаш? – стрэльнула позіркам Вольга. – Рукі памыць у любым выпадку.
– Хачу – як ты! – зноў прыцмокнуў Даніла, скасіўшы вочы на калені і клубы жанчыны. – Ты неверагодная проста!
Падышлі да нумара, і Даніла выбачаўся: паабяцаны ім раней царскі нумар аказаўся заняты. Але ім будзе зручна, тут жа не жыць тыдзень, праўда? На парозе яго ахапіла ўзбуджэнне, ён памкнуўся быў абняць жанчыну, але Вольга патушыла ягоны ўздым адным ціхім уздыхам расчаравання:
– Якая ўбогасць, звычайны савок…
Даніла праглынуў прыкрасць.
Прыйшлі да альтанкі, прыселі, Даніла зірнуў на гадзіннік – пяць хвілін таму абед павінны былі прынесці. Ён выбачаўся перад Вольгай, набраў нумар.
– Прабачце, мы выносім абеды ў альтанкі толькі пастаяльцам царскага пакоя. Зайдзіце самі.
Даніла скрыгатнуў зубамі, каб не вылаяцца.
– Я праз хвілінку, – кінуў ён Вользе з крывой усмешкай і скіраваўся ў бок рэстарана.
Жанчына з млявай цікаўнасцю азірала двор. Пабачыла, як да яе ідзе з прабачлівай усмешкай жанчына, трымаючы за руку дзяўчынку.
– Прабачце, калі ласка, – павінілася жанчына. – Недзе ўпусціла ў траву свой мабільны. Вы не маглі б мне пазваніць, каб ён зайграў?
– Канешне, – заспяшалася Вольга. – Дыктуйце нумар.
Яна выйшла з альтанкі, набрала нумар, і разам зрабілі колькі крокаў да сярэдзіны дворыка, чуйна прыслухваючыся. Мелодыя пачулася недзе з боку, жанчына паднялася свой тэлефон.
– Дзякуй вам!
Яна з дачкой няспешна пайшла да адмысловых дзвярэй у будыніне – відавочна, гэта і быў той самы царскі пакой, які абяцаў Вользе Даніла. Вольга адчула пакутлівае жаданне мець дзіця – ажно разлілося па целе неспадзяванае цяпло.
Сонца не сляпіла, але было горача, у дворыку не адчувалася і аднаго подыху ветрыку. Вольга падышла да берага сажалкі. Мёртвая мутная вада выклікала гнятлівае пачуццё. Тэлефон у руцэ завібрыраваў і загучаў мелодыяй выкліку. Вольга зірнула: нумар быў незнаёмым. Але не скінула выклік.
– Слухаю.
– Дзень добры! Прабачце за гэты званок, але вам лепш пабачыць некалькі здымкаў, каб пасля не шкадаваць, што вас моцна абдурылі.
І голас, мужчынскі, добразычлівы, змоўк.
Дзінькнуў Вайбер. Вольга разглядала фотаздымкі: адна вясельная – Даніла і жанчына з непрыгожым, выцягнутым тварам; далей яны разам: адпачынак недзе ля мора; у шыкоўным рэстаране; у вулічнай кавярні. Усе здымкі былі з датамі. Апошні – нейкі ці то прыём, ці то выстава – датаваны летам гэтага года.
Вольга адчула пустату, якую ўміг запоўніла злосць, і злосць ірвалася вонкі, патрабавала дзейнічаць. Яна шпарка пайшла да альтанкі, схапіла са століка ключ ад нумара. Хутка забрала сваю валізку, дзвярэй нават прычыняць не стала.
Пайшла да стаянкі аўтамабіляў, якраз у бок рэстарана. Ужо збіралася павярнуць, але прыпынілася з застылай усмешкай гаргоны на твары – пабачыла праз шкло дзвярэй, як цягне ў руках паднос з талеркамі і бутэлькамі Даніла.
Ён усміхаўся ёй, мо падумаў, што Вольга падышла, каб дапамагчы. У наступнае імгненне Данілу кінулася ў вочы валізка ля ног жанчыны. Усмешка яшчэ заставалася на вуснах, а вочы заміргалі разгублена, напоўненыя прадчуваннем непазбежнага і страшнага, што павінна здарыцца вось-вось.
– Дык кажаш, халасты і вольны? – насмешліва скрывілася Вольга, загарадзіўшы шлях Данілу, калі той сышоў з прыступак. – Кажаш, засумаваў па сапраўдных адносінах, дзяцей хочаш завесці, сям’ёй жыць?
– Вольга, Волечка… – агаломшана залепятаў Даніла, пакутліва думаючы над тым, дзе ён мог “пракалоцца”. Няўжо яна шнырыла па ягоных рэчах і пабачыла пярсцёнак? – Я табе усё патлумачу…
– І гэта патлумачыш? – Вольга тыцнула пад вочы Данілы свой мабільнік.
Ён не змог разгледзіць выразна здымак, але здагадаўся, што там: ягоная Рэгіна, гэтая кабыліца, выкладала ў свой Інстаграм безліч сямейных фота. Але адкуль яны ў Вольгі? Дзе яна іх пабачыла? Калі?
– Гэта… Пачакай, пайшлі да альтанкі, – толькі і змог выціснуць з сябе Даніла, сам не ведаючы, што будзе там казаць. Хіба тое, што збіраецца разводзіцца?