– Дамовіліся, чакайце ў госці, назначайце дзень.
– Заўтра. Навошта адкладваць?
– Э, у нас жа тут вяселле! – засмяяўся Грак. – Хто ж раніцай пасля першай шлюбнай ночы едзе на дзелавую сустрэчу?
– Прабачце, праўда, – сканфузіўся Мархель. – Дамовімся на пазаўтра? Пажадана ў першай палове дня – лепшы час для думак і рашэнняў.
Да Мацвея падышла Кацярынка, ён пасадзіў яе да сябе на калені. Нейкі час яна сядзела ціха, прыпаўшы да ягоных грудзей, потым спытала:
– А сонейка ўжо схавалася?
– Так, яно за лесам. Але калі падысці да сажалкі, дык павінна быць відно. Хочаш паглядзець?
Яна моўчкі кіўнула галоўкай. Ўзяла яго за руку, павяла сама.
Сонца ледзь-ледзь краналася зямлі. Яно было вялізнае – чырвона-залацісты шар, здавалася – жывы і чуйны.
Мацвей прысеў, каб зірнуць на захад з росту Кацярынкі, узяў яе на рукі – так яна бачыла сонца лепш.
– Татачка, – па-змоўніцку зашаптала Кацярынка: – Мне адна дзяўчынка ў садку пад вялікім-вялікім сакрэтам казала, што сонца можа выконваць жаданні!
– Праўда? – здзівіўся Мацвей, імкнучыся, каб яго здзіўленне было натуральным. – А як загадваць?
– Трэба рана-рана устаць, калі ўсе спяць, вясной. На Паску, вось! Тады сонейка, як устае, яно іграе!
– Як іграе?
– Я ж не ведаю, не бачыла, – уздыхнула Кацярынка. – І тады, калі сонейка іграе, загадаць жаданне. Ты мяне разбудзіш, татачка, як настане Паска?
– Абяцаю! А што ты хочаш загадаць, не сакрэт?
Кацярынка прыціснулася да яго, прашаптала ў вуха:
– Каб усе-усе былі шчаслівыя…