– Ёсць такі, на яго нямнога. Надта скрытны, кажуць, што хабар не проста бярэ, а патрабуе. Але хітры.
– Ці ўмее даваць сам патрэбным людзям, – услых падумаў Грак. – Працягвай.
– Ашчадны. Жыве сціпла як для кіраўніка такога ўзроўню. Куды грошы збірае – ніхто не ведае. Сын у Нямеччыне.
– Для Нямеччыны і збірае, – выказаў здагадку Мацвей.
– Вельмі нават магчыма. У яго лецішча непадалёку ад сталіцы, то на выхадных там. І ўвесь участак у градках, шчыруюць з жонкай. Там лецішчы даўно, водаправод падведзены, дык суседзі казалі, наш Вітольд вырашыў копанку выкапаць, каб не плаціць за ваду, маўляў, дорага, бо лічыльнікаў няма, плацяць па сярэдняму, а ён крычаў, што не збіраецца плаціць за тых, хто басейны напаўняе ды плёхаецца днямі. Ягоны ўчастак з краю, нізкі, там азярцо побач зусім – метраў сто. Вось і капае. Прывёз поліэтыленавай трубы скрутак вялізны, мяркую, думае крадком злучыць сваю копанку з азярынай.
– Разумны дзядзька!
– Капае, кажаш? – задумліва перапытаў Грак.
– Ага, сам. Учора вечарам.
– Варта нам крышачку дапамагчы чалавеку, як думаеце? – хітравата прыжмурыўся Грак. – Чалавек так любіць грошы, ды яшчэ збіраецца, магчыма, з’ехаць дажываць свой век недзе за мяжой… Ёсць ідэя. Але каб знайсці якую скрыначку металічную, такую іржавую, бы яна ў зямлі многа год пралежала.
– Ты што надумаў?
– Ды згадаў тыя жаночыя бранзалеткі розныя з пячоры, я ж іх забраў. Ёсць сэнс нейкую частку аддаць дзяржаве, га?
– Праз чыстыя рукі спадара рэктара? – падміргнуў, здагадваючыся пра думкі Грака, Мацвей.
Вітольд Сямёнавіч Прыходзька кіраваў універсітэтам апошні год – пенсійны век надышоў незаўважна, і так дзякуй, што далі папрацаваць тры гадкі звыш нормы. Хоць тое “дзякуй” важыла для Прыходзькі зусім не мала, калі казаць адкрыта.
Заставалася яшчэ два тыдні адпачынку. Ідэя мець сваю невялікую копанку на ўчастку захапіла Прыходзьку не на жарт. З аднаго боку, водаправод – зручна! Але ж, халера, хіба можна параўнаць: колькі ён вады ліе на сваім участку, і колькі іншыя? Казалі пра лічыльнікі – ніяк не вырашаецца пытанне. А так кіне насос невялікі – і паліваць добра. Ды і вада, вада якая! То ж сапраўдная, азёрная, з яе карысць! Самы вугал участка нізкі, жонка тут агуркі садзіць, паліваць не трэба – гэтак многа вільгаці. Тут і быць копанцы, павінна збірацца вада.
Канешне, меў Вітольд Прыходзька ў запасе адну невялікую хітрасць. Да азярыны праз невялікі лужок нічыйнай зямлі – шэсць дзясяткаў крокаў. Закончыцца сезон, а зямля не схопіцца яшчэ маразамі, то пракапаецца вузенькая, у адно лязо рыдлёўкі траншэйка. Туды укладзецца труба. І пабяжыць вадзічка з азярыны ў копанку. Усё акуратна закапаць, замаскіраваць – хто што дакажа? Ды і якая тут каму справа? Траншэю нойме каго капаць, каб за паўдня паспець…
Фізічную працу Прыходзька не любіў, але прымушаў сябе працаваць, бо тлушч на пузе стаў перашкаджаць завязваць шнуркі чаравікаў. Ты збіраешся ехаць у сучасны еўрапейскі горад жыць, мусова форму адпаведную мець. Жонка ўпарціцца наконт пераезду. Вітольд намякаў Эльвіры, што варта і ім падумаць, як бы гэта ўслед за сынам асесці ў Нямеччыне, а яна маўчала. Колькі разоў гасцявала ў сына, песціла ўнучку, але хутка пачынала сумаваць. Вось па гэтых градках. Праўду кажуць: можна выехаць з вёскі, ды вёска з цябе не выедзе. Такая во жонка дасталася. А доктар навук! Ты скажы, як пасля сарака гадоў абудзілася, ажно выбухнула ў ёй жаданне корпацца ў зямлі. З аднаго боку і няблага: вунь колькі грошай эканоміцца – свае гуркі, памідоры, варэнні за зіму не з’ядаюцца. Ну і магчымасць зганяць наетае пуза, хоць, трэба прызнацца, не дапамагае тое калупанне ракам у градках. От сапраўдная работа – копанку выкапаць! Тут папацееш добра!
Вітольд Прыходзька не думаў надта над тым, як складзецца лёс далей. Нешта няўцямнае мроілася. Ён пакуль асцерагаўся думаць прадметна пра сваю будучыню недзе ў Германіі, каб не спудзіць. І менавіта пра сваю, бо ў новай будучыні жонкі, гэтай абуджанай зямлёю сялянкі, не прадбачыцца. Жорстка, канешне, але ж людзі мяняюцца з гадамі, у іх выкрышталізоўваюцца свае погляды на жыццё, свае каштоўнасці і патрабаванні. То навошта біцца, каб усё разбіваць, калі ёсць магчымасць цывілізавана разбегчыся для вольнага жыцця, захоўваючы нейкае падабенства захавання шлюбу? Ён элементарна не выцягне яе з гэтых градак! Яна ж, ты толькі чуй, ужо пагаворвае пра тое, каб зрабіць печку ў дачным дамку. Маўляў, восенню прахалодна. А ўжо як пачала намякаць, то ўжо выесць пячонку, а свайго дамагнецца. Бо ж сялянская натура такая: не мыццём, дык катаннем! Што вымалёўваецца? Яна загадае і яму кукаваць на лецішчы ад ранняй вясны да позняй восені? А там і зімаваць, бо печка ж! Ну не, няхай сабе застаецца, як хоча, у гэтай гнілой Беларусі. Гэта ж падумаць, во: у Англіі сонечных дзён больш за год бывае, чым тут! Ды хай яна лясне. Добра там, дзе нам добра, а не там, дзе нас няма. Кватэра ў чатыры пакоі ім нахалеру? Прадаць, купіць аднапакаёўку – для яе. Ён стане прыязджаць на лета, ён зробіць з гэтага лецішча сапраўдны куточак для адпачынку. Хай яна сабе грабецца сярод кустоў памідорных. Ды і яму не зашкодзіць капнуць раз рыдлёўкай…
Вітольд Прыходзька, размаўляючы з некім асабліва давераным у сваёй галаве, капаў няспешна, заганяючы лязо рыдлёўкі ў мяккую чорную зямлю нагой. Зямлю выкідаў побач – раннюю цыбулю жонка ўжо выбрала, а гуркі ў гэтым годзе вымерзлі. Шкада, але яшчэ градка вышэй ёсць.
Зямля на паўметра ў глыб была зусім вогкая, кідаць было цяжка. Чарговы раз наступіўшы нагой у старой красоўцы на лязо, Прыходзька пачуў непрыемны металічны скрыгат. Камень, падумаў ён. Падагнаў лязо ніжэй, капнуў…
Металічная іржавая скрыня, памерам са звычайную кнігу, таўшчынёй акурат у том кшталту “Вайны і міра”. Завэдзганая ў чорную гразь. Прыходзька не паспеў як след здзівіцца, а рукі ўжо спрактыкавана дзеўбанулі рыдлёўкай ў вечка, якое ўгадвалася. А што рукамі чапаць, найперш – рыдлёўкай.
Вострае металічнае лязо зрабіла шырокую, праз усю скрыню, дзірку, метал накрыўкі, лічы, высыпаўся ва ўнутр скрыначкі.
І адтуль засвяціла жоўтым.
Прыходзька спуджана прысеў, кінуў рыдлёўку, працягнуў рукі, якія раптам затрэсліся, да той дзіркі. Ён разагнуў ломкія краі шчыліны, кінуліся ў вочы жоўтыя кружкі і паўкружжы з характэрным металічным ззяннем.
Сэрца закалацілася недзе пад горлам.
Устаў на ватных нагах, зверавата агледзеўся.
Жончына постаць, сагнутая удвая, цямнела ў цяпліцы. На суседнім участку мужык круціўся ля сваіх кустоў парэчак – вырэзваў лішняе, у ягоны бок не глядзеў.
Вітольд разважаў хвіліну.
Схапіў скрыню, засунуў пад майку разарванай накрыўкай да жывата, пад гумку шортаў, сагнуўся і выкараскаўся з яміны. Так, сагнуўшыся, падаўся хутчэй у дамок – бы яму хапіла жывот.
Ён лічыў пра сябе: дванаццаць, пятнаццаць, дваццаць два, дваццаць тры… дзверы!
І ліхаманкава забегалі вочы: дзе, дзе схаваць? Куды пакласці?