– Справа ў тым, што “Дангал” – практычна мая распрацоўка. Так атрымалася, што даводзілі да завяршэння ідэю іншыя людзі. Але гэта мой алгарытм і мая будова. Быў у мяне вольны час падумаць, была адна падказка, і я наноў пералічыў алгарытм. І знайшоў памылку.
– Чакайце, чакайце, – з недаверам перапыніў яго Мікалай. – Ваш алгарытм, кажаце? І ён ненадзейны? Вы гэта сур’ёзна?
– Сам алгарытм – надзейны, – паправіў Мацвей. – На шлейф дадзеных можа паступаць аднамомантна да ста тысяч розных сігналаў, памылкі ў апрацоўцы не будзе. Але ёсць тры варыяцыйныя сумы дадзеных, пры якіх рашэнне функцыі прымае выгляд квадратнага ураўнення.
– Што? – узрушыўся Мікалай. – Можа быць прынята адно з двух рашэнняў, прычым, адно няправільнае?
– Правільна зразумелі, – пацвердзіў Мацвей. – У вашым выпадку не санкцыянаванага руху канвеера магла адбыцца такая сітуацыя. У вас жа, вядома, стаяць датчыкі камфорту?
– Так.
– Яны і маглі выдаць у нейкі момант тыя дадзеныя. Дакладна я буду ведаць тады, калі сам пратэстую сістэму. Гэта зойме дзве-тры гадзіны. Скажу вам болей: сістэма была пастаўленая на яшчэ некалькі прадпрыемстваў. І на ўсіх ужо здараліся розныя непрыемнасці, якія спісваліся на няспраўныя датчыкі. Недзе дробязі, у вас – траўма чалавека, а ў вашых суседзяў – сапсаваная партыя дарагіх дэталяў. Урон надзвычай вялікі.
Мікалай нейкі час маўчаў, барабанячы па стале пальцамі, пазіраючы за акно.
– Не разумею вось што, – нарэшце выдыхнуў ён. – Навошта вам зараз прызнаваць сваю памылку, бо яе фактычна немагчыма даказаць без ведаў вашага ўзроўню? Вы ж панесяце такія страты, вам прад’явяць такія сумы…
– Буду шчырым: гэта сапраўды мой алгарытм, але ў мяне яго скралі на пачатку распрацоўкі, цяпер даказаць яго аўтарства не змагу. Тое, што планую зрабіць, будзе маім адказам на той крадзеж. І вы мне дапаможаце. Бо я хачу дапамагчы вам. Завод – ваш, вы зацікаўлены кроўна. Другое: вы не замаўчыце справу і адмовіцеся ад хабару, які абавязкова вам прапануюць распрацоўшчыкі праграмы кіравання. Нам вядомыя вашы адносіны да хабарніцтва.
– Дык вы і не адзін, выходзіць? Няблага падрыхтаваліся да сустрэчы, – заўважыў у роздуме Мікалай. – Мусіць, мне час выпіць гарэлкі, пакуль яна канчаткова не стала гарачай, – заўважыў ён нявесела. – Ваша рацыя: завод дарагі мне. Няшчасны выпадак каштаваў нам вялікіх грошай, нам важна было не страціць рэпутацыю. І, вядома, мне не трэба сістэма кіравання з магчымасцю непрадказальнай памылкі. Што прапануеце?
– Вы склікаеце камісію, запрашаеце спецыялістаў з універсітэта, я падкажу прозвішчы. І мы пры іх тэстуем сістэму.
Мікалай задумаўся.
– Але, я так разумею, ёсць шанец паправіць сістэму, так?
– Ёсць. Паставіць праграмныя фільтры і шляхі абходу гэтых значэнняў.
– Як скора?
– За адзін-два дні. Мне патрэбны яшчэ разумны праграміст.
– Праграміста знойдзем, ёсць талковы. Заключым дамову, аплата гарантаваная.
– Я згодзен, – кіўнуў Мацвей.
– Калі хочаце пачаць?
– Каб заўтра праверыць. А потым – як збераце камісію.
– Добра, заўтра дык заўтра. Я выклічу на работу патрэбных людзей, – прыняў рашэнне Мікалай. – Колькі і каго?
– Найперш, зацікаўленыя. У дапамогу колькі наладчыкаў.
…Новая лінія запаўняла амаль усю яго прастору цэха. Мікалай сказаў Мацвею, каб распараджаўся ён сам. Мацвей загадаў уключыць камп’ютар кіравання, зняць з мацаванняў, але не адключаць датчыкі тэмпературы і вільгаці. І нагрэць чайнік вады.
Затым ён коратка патлумачыў:
– Нам дастаткова таго, што на ўсе датчыкі пададзена сілкаванне. З некалькіх датчыкаў камфорту паступае інфармацыя, якая мяняецца ў шырокім дыяпазоне па нашым жаданні. Уключаемся. Датчыкі тэмпературы – у ёмістасці з вадой. Туды пакрысе ліём гарачую ваду.
Мікалай, Мацвей, начальнік цэха, два інжынеры-тэхнолагі замёрлі ля манітора. Скакалі лічбы паказчыкаў клімату, але ў рабоце лініі нічога не мянялася. Мікалай пакусваў вусны, крадком паглядваў на Мацвея. Раптам закралася падазрэнне, што гэта – нейкі незразумелы спектакль, мэта якога яму невядомая і таму страшная.
– Намачыце колькі ануч у вадзе і па адным паступова накрывайце датчыкі вільготнасці, – між тым упэўнена загадаў Мацвей тром наладчыкам. – Датчыкі тэмпературы зноў у халодную ваду і зноў падліваем гарачай…
І тут на маніторы успыхнуў квадрацік.
– Бляха! – не утрымаўся наладчык. – Яна дала каманду на трэці блок!