– І дзе стаяла тая лаўка, за якой ляжала такая сякера? – насмешліва спытаў Даніла.
– Якая розніца? – кінуў незадаволена Даніла. – Ёсць сістэма і ёсць. Мая распрацоўка.
– Для мяне розніца, – усё гэтак жа ўсміхаючыся, цвёрда сказаў Мацвей. – Таму што я дакладна помню, дзе была яна запісаная – у маім нататніку. Які ляжаў пад матрацам.
– Ды чорта я ўжо помню! – павысіў голас і Даніла. – Можа і так. Як цябе забралі, мне твой сужывец прынёс той блакнот. Нейкія былі там запісы. Столькі гадоў прайшло, усё выкінуў, як пераязджаў на кватэру.
Даніла падчапіў відэльцам кавалак чырвонай рыбіны, пракаўтнуў. Ён неадрыўна сачыў за Вольгай і тым мужчынам, і яго пачало распіраць ад злосці. Яшчэ грамаў сто – і ён пакажа, што бывае з тымі, хто яго абражае.
– А сужывец часам не казаў, якім чынам лістоўкі апынуліся ў тым чахле замест нататніка? – не мяняў тэму Мацвей.
– Не, не казаў, – адмахнуўся ад Мацвея Даніла. Напачатку трохі напружаны гэтай нечаканай сустрэчай, ён цяпер не прыдаваў ніякай увагі Мацвею і ягоным пытанням. Нічога ты не дакажаш!
– Разумею, ты не жадаеш прызнаць, што украў маю распрацоўку сістэмы, што маеш дачыненне да таго, як трапілі лістоўкі ў мой матрац? – настойваў на тэме размовы Мацвей.
Даніла адарваў свой позірк ад клубоў Вольгі, скасіў позірк на Мацвея: хударлявы, як адзін на адзін, дык Даніла ўкладзе яго адным, ну няхай трыма ударамі. Глядзі ты, прыехаў правы качаць.
– Ідзі на…, Мацвей. Я ўсё зарабіў сваім гарбом. Пра сістэму ты не дакажаш. А мне карціць зараз некаму праўду давесці…
Ён наліў сабе сам, прагна выпіў. Ужо хацеў узняцца, як заўважыў: той самы мужчына пакінуў Вольгу і накіраваўся да іх. Даніла напружыўся, бо неспадзявана падумаў: ягоныя позіркі мужчына мог зразумець на свой лад. Бачыш, зіркнуў вельмі ж зласліва…
– Ну што наш сябра? – спытаўся Грак, без запрашэння сеўшы на вольнае крэсла, нібы і не бачачы Данілу.
– Не прызнае, – тэатральна развёў рукі ў бакі Мацвей.
– Зусім нічога?
– Зусім-зусім!
Даніла адчуў халадок унутры жывата, сцягнулася скура на патыліцы. Ён уцяміў: Мацвей і гэты мужчына – заадно, зусім невыпадкова Мацвей запрасіў яго ў рэстаран! Яны нешта замышляюць…
– Мне трэба ісці, – памкнуўся ён устаць і сцяўся ад сцішанага, загаднага сіпення Грака, якому нельга было запярэчыць:
– Сядзець…
Нейкі момант усе маўчалі. Загаварыў Мацвей.
– Невясёлы ў цябе сёння дзень, а, Даніла? А ты ведай, сябра мой, гэта дзякуючы нам. Дзякуючы нам ты не патрапіў у царскі пакой. Ну гэта так, каб злёгку прыпсаваць табе летуценны настрой на самым пачатку. Твой пакой абставілі самай савецкай мэбляй, па нашай просьбе яе адшукалі. Замоўлены абед табе не панеслі, таму што мы так захацелі. Фотаздымкі твае сямейныя Вольга атрымала сёння дзякуючы нам. Але гэта так, гульня…
Даніла раптоўна абмяк, скеміўшы: за словамі Мацвея нейкая вялізная сіла, бо ён насамрэч столькі змог.
– Што ты хочаш? Грошы? Я магу даць табе… магу даць пяцьсот! Тысячу дам, на болей не разлічвай! – выгукнуў ён.
– Нам палову фірмы хочацца! – гаркнуў Грак.
– А што мы будзем з ёй рабіць? – знарочыста здзіўлена спытаў Мацвей.
– Прадаваць сістэму “ДанГал”!
– А хто яе купіць? Яна ж дзіравая! – зноў роблена дзівячыся выгукнуў Мацвей і падміргнуў па-змоўніцку Данілу. – Дзіравая ж сістэма, га?
Твар таго імкліва чырванеў.
– Як гэта – дзіравая? – хрыпата выціснуў ён, спадзеючыся, што гэтыя словы Мацвея – блеф.
– А так, сябра мой верны, – павярнуўся да яго Мацвей у крэсле. – Ты прадаў сістэму на чатырнаццаць прадпрыемстваў. На васьмі з іх ужо адбыліся несанкцыяваныя дзеянні з рознымі вынікамі. Недзе палец адрэзала аператару, недзе дзірак нарабілася не там, дзе планавалася. Алгарытм сістэмы быў у маім тым нататніку, які чароўным чынам ператварыўся ў пук лістовак. З-за якіх мяне паперлі з магістратуры. А ты, бач, спакойна прайшоў на маё месца ў аспірантуру. Дзіўная выпадковасць, праўда? Але маўчы, не спяшайся. За гэтыя гады я знайшоў сапраўдную дзірку. І на адным прадпрыемстве вопытным шляхам гэта паказаў. Усе астатнія прадпрыемствы атрымалі паведамленні з папярэджаннем браку ў сістэме. І тэарэтычныя доказы. Паўсюль праведзены выпрабаванні па прапанаванай схеме. Пасля выходных у гаспадарчы суд пойдуць чатырнаццаць іскаў. Па некаторых твая фірма мусіць выплаціць значныя сумы. Ды яшчэ штрафныя санкцыі за прастоі. Зразумела, ты забярэш сваю сістэму назад, а грошы – вернеш.
Твар, вушы, скура на галаве Данілы наліліся такой чырванню, што здавалася, вось-вось пырсне кроў.