– Канкрэтна? – перапытаў Мацвей.
– Пайшла каманда на спыненне работы на трэцім блоку – там свідравальны аўтамат, – разгублена патлумачыў наладчык. – Але ж работа там не пачыналася!
Мацвей павярнуўся да Мікалая:
– Такое можна прадэманстраваць камісіі. Тэарэтычныя разлікі я зраблю на аснове аналізу самой сістэмы і таго апісання, што дае пастаўшчык.
Мікалай нервова пакусваў вусны.
– Памылковая каманда, такім чынам, можа адбыцца ў любы момант?
– Але. Чым больш задзейнічана датчыкаў і вузлоў выканання, тым большая верагоднасць.
– У панядзелак лінію не запускаць, – распарадзіўся Мікалай да начальніка цэха. – Хадзем да мяне, падумаем пра камісію.
Праз тры гадзіны Мікалай заехаў да Мацвея ў гасцініцу – з поўным “джэнтльменскім наборам”. Прыселі ў цесным нумары за нізкім столікам – Мацвей на ложку, госця пасадзіў у адзінае вялікае крэсла.
– Уражаныя? – пацікавіўся са спачуваннем Мацвей.
– Дужа, – адказаў заклапочана Мікалай. – Магло б здарыцца і куды горшае?
Мацвей у адказ паціснуў плячыма.
– Магло б.
– Слухайце, хіба у вас там, у вучоных, магчыма так: скрасці ідэю і каб нельга было даказаць аўтарства? Яна каштуе грошай, сістэму ахвотна купляюць. І вам нельга даказаць ніяк, што яна – вашая?
Мацвей патлумачыў безэмацыйна:
– Не да таго было тады. Мяне адправілі ў турму, пасля я трапіў у такія месцы, дзе было галоўным выжыць. І па шчырасці, не чакаў ад сябра. Цяпер – нельга.
– Бойся сяброў – яны могуць прадаць, – Мікалай узняў наліты кілішак.
– Ваша рацыя, – згадзіўся Мацвей.
Частка 19
Для Данілы Галоўчыка, маладога дырэктара закрытага акцыянернага таварыства, якое спецыялізавалася на распрацоўцы праграмнага забеспячэння аўтаматычных сістэм, тры дні адпачынку пачаліся з непрыемнасці. У забаўляльна-гасцінічным комплексе, які размяшчаўся ў адрэстаўрыраванай паштовай станцыі першага класу, забраніраваны пакой аказаўся заняты. Перад ім страшэнна выбачаліся, казалі пра нейкія там памылкі ў сістэме браніравання. Ён псіхануў, але ехаць не было куды: тут ён назначыў сустрэчу з Вольгай, вольнай жанчынай, менеджарам адной фірмы, якая нядаўна закупіла “Дангал” – прадукцыю фірмы Галоўчыка. Вольга была старэйшая за Данілу на пяць гадоў, але выглядала равесніцай. Да таго ж, вельмі хацела замуж, як сама прызналася. То угаварыць яе ў першы раз на кароткі неабавязковы сэкс пасля вечарыны было лёгка. Іншая справа – такі адпачынак на дзве салодкія ночы, тут жанчыне неабходны грунтоўныя спадзевы…
Рэклама сцвярджала, што некалі ў гэтай паштовай станцыі спыняліся на ноч царскія асобы – нездарма яна была першага класу, размешчаная на некалішнім тракце Масква-Варшава. На фотавыявах Данілу ўразілі сваім аздабленнем менавіта царскія пакоі: тут усё было вытрымана ў тым, імператарскім расейскім стылі: мэбля, цяжкія атласныя шторы на вокнах. І сам пакой, лічы, кватэра – з санвузлом, вітальняй, гасцявым пакоем і спальняй з шыкоўным ложкам, на якім Данілу не аднойчы маляваўся вобраз Вольгі ў зваблівай карункавай бялізне…
Пакой, які прапанавалі Данілу ўзамен, быў звычайным гасцінічным з шырокім простым ложкам, цесным санвузлом і шафай. Ну, яшчэ столік часопісны і два фатэлі. Нават халадзільніка не было, тэлевізара! Даніла мацюкнуўся ў думках. Прыкрасць згладзілася хіба выбачэннямі работніка комплексу, абяцаннем знізіць кошт пражывання на чвэрць за нязручнасці і сама сума ў параўнанні з суседнім нумарам. Даніла тут жа прыкінуў, што такім чынам зэканомленых грошай хопіць на дадатковую партыю гульні ў боўлінг (ён размяшчаўся ў некалішняй канюшні станцыі), добрую вячэру і на які дробязны падарунак Вользе.
Будынак станцыі ў плане выглядаў вялізнай літарай “П”, павернутай вяршыняй да дарогі, то утвараўся утульны, закрыты з усіх бакоў дворык – з чацвёртага боку ён выходзіў да доўгай і вузкай сажалкі з масткамі, далей – невялікі лясок. У самім дворыку сярод рослых бяроз на акуратна падстрыжанай траве стаялі альтанкі рознага памеру – на тры-чатыры чалавекі і на вялікую кампанію. Яшчэ – розныя адрэстаўрыраваныя вазкі і брычкі, ля адной ужо выстройваліся для фотаздымкаў купка наведвальнікаў. Але двор быў такім вялікім, што гэтыя пярэстыя сваімі ўборамі людзі не уяўлялі пагрозы для самоты астатніх. З астатніх, акрамя Данілы, які абраў для сябе невялічкую альтанку бліжэй да сажалкі, быў яшчэ малады хударлявы мужчына з бародкай у цёмных акулярах, хоць зырка не было – на небе сонца плавала бы ў топленым малаку. З мужчынам у альтанцы была жанчына, на якую раз і другі крадком кідаў позірк Даніла: у шорціках, што шчыльна аблягалі яе клубы, падкрэсліваючы бездакорнасць форм маладога цела; у кароткім топе, які адкрываў для цікаўных позіркаў круглявы жывот з мілай ямінкай пупка; з распушчанымі чорнымі валасамі, густымі і адначасова лёгкімі, хвалістымі.
Даніла каўтнуў, абмацваючы вачыма постаць жанчыны. Доўгія ногі з прыгожымі лыткамі… О, як бы яна цудоўна глядзелася на тым царскім ложку…
У гэты час з дзвярэй таго самага царскага пакою выйшла маленькая дзяўчынка. Нетаропка прычыніла дзверы за сабой, няспешна, неяк ашчадна нават, падышла да альтанкі, яе на рукі асцярожна ўзяў мужчына, пасадзіў да сябе на калені, нахіліўся над яе светлаваласой галоўкай, удыхаючы пах яе валасоў. Дзяўчынка даверліва прыціснулася да грудзей мужчыны.
Даніла каўтнуў яшчэ раз. Вось хто заняў царскі пакой – сям’я. Шчаслівыя. А з кім Данілу заводзіць дзяцей, ствараць сям’ю? З ягонай Рэгінай, кабыліцай гэтай? Ды хай цесць аддасць канцы, ён яе кіне найхутчэй, нямнога чакаць засталося, годзікаў пяць-сем. Ажаніцца можна дзеля грошай, але не навешваць жа на сябе кайданы з дзяцей пасля вяселля, каб плаціць пасля аліменты!
Даніла патэлефанаваў у бар, заказаў абед на дваіх у альтанку – Вольга даслала паведамленне, што прыедзе праз чвэрць гадзіны. Ён млява пазіраў на шэрую ваду сажалкі, раптам спахапіўся: на пальцы правай рукі заставаўся заручальны пярсцёнак. Вылаяўся пра сябе, стаў сцягваць-здзіраць: за два гады шлюбу ён добра-такі паправіўся, пярсцёнак быў цесным. Рэгіна ж раўніва сачыла за тым, ці носіць яго муж. Даніла падхапіўся, пабег у нумар. Сцягнуў нарэшце, счырванеўшы ад натугі і хвалявання. Прыхаваў пярсцёнак сярод сваіх рэчаў, расціраў палец – на ім заставалася выразная ямінка-палоска. Падхапіўся, сунуў руку пад кран з гарачай вадой, трываў і трымаў. От, цяпер паска ад пярсцёнка амаль не заўважная. Бо іначай нельга: Вольга катэгарычна папярэдзіла яго: жанаты мужчына-кныр ёй не трэба, мела справу адзін раз і больш не жадае думаць пра такое. Тыдзень таму Даніла, гэтаксама зняўшы пярсцёнак, быў кавалерам-летуценнікам, які не ведае, чаго хоча ад жыцця, тым і завалодаў увагай – якая ж жанчына не марыць давесці халастому мужчыне, што шчасце ў сям’і і дзецях? Здаецца, упэўніў, што мае адносна Вольгі самыя сур’ёзныя планы на будучыню. Яна адразу павесялела і пасур’ёзнела адначасова, уключыўшы няхітры “комплекс мамкі” са сваімі клопатамі пра яго. Але ж галоўнае: паверыла і згадзілася на гэты трохдзённы адпачынак, як маленькі экзамен для іх дваіх на сыходжанне характарамі.
Даніла выйшаў да сваёй альтанкі. Па двары праходжваліся даўганогая жанчына з дзяўчынкай, пра нешта размаўлялі, і цяпер ужо смялей ён позіркам абмацаў вабноты жанчыны. Азірнуўся на вароты – заязджаў аўтамабіль. Ёкнула ў прыемным хваляванні сэрца – то была Вольга. Ён чакаў, пакуль яна выйдзе з машыны – хацелася здалёк параўнаць яе і гэтую незнаёмку ў шортах. І праз момант быў узнагароджаны: Вольга апранулася надзвычай спакусліва: кароткая сукенка, адкрытыя плечы. Яна мела куды шырэйшы азадак, чым гэтая ў шортах, вялікія пругкія грудзі, і выглядала здаровай самкай, што прагнула такога ж здаровага самца. Даніла адчуў, як юрлівасць пагнала хутчэй кроў па жылах.
Падышоў да Вольгі, павітаўся і, разлічваючы, што мае на тое права, бо абое ж ведалі, дзеля чаго сустрэліся, мякка, але смела прыцягнуў да сябе жанчыну і коратка пацалаваў у вусны. Вольга на нейкі момант разгубілася – мабыць, не разлічвала на такія адкрытыя адносіны з першага моманту сустрэчы, але не заўпарцілася, і вусны яе ў адказ здрыгануліся, хутчэй, рэфлекторна.
– Проста шыкоўна выглядаеш! – у шчырым захапленні прыцмокнуў Даніла. – Ты – цудоўная! Хадзем!