– Што ты хочаш? – працадзіў ён скрозь зубы.
– Нічога, – развёў у бакі рукі Мацвей. – Хай кожны атрымае тое, што яму належыць. Каб ніхто не пакрыўдзіўся.
– Я дам табе палову, што сёння маю! Ты ж ведаеш, як зацыраваць прарэху, калі знайшоў яе! Ты мяне пляжыш!
– Ведаю, як зацыраваць, – спакойна пацвердзіў Мацвей. – І прапанаваў фірмам за пэўную плату выправіць. Але цябе тое не тычыцца. Некалі вы растапталі маё жыццё. Вы, трое. Андрусь, ты, Раман. Я ведаю. Вы думалі пра мяне?
– Я ні пры чым! Гэта Андрусь з Раманам! У Андруся былі лістоўкі, Раман сказаў: падкінем!
– Але ты іх падкідаў.
– Я толькі забраў нататнік!
У гэты час Грак павярнуўся да барнай стокі, махнуў рукой. Вольга скокнула і падыходзіла да іх століка.
Даніла глядзеў на яе, павольна устаў, хіснуўся.
– Ты яшчэ пашкадуеш… Вы яшчэ пашкадуеце…
Яму ніхто не адказаў. Ён аббег Вольгу паўз сцяну.
– Відаць, у вас была такая цікавая сустрэча, – усміхнулася Вольга. – Ды вы нечым напалохалі Данілу. Ні адзін мужчына яшчэ так ад мяне не ўцякаў!
– Ён вялікі хлопчык, справіцца, – махнуў рукой Грак. – Але пасля такіх цудоўных размоў трэба памыць рукі.
– І ісці кідаць шары і збіваць кеглі, – падказаў далейшыя дзеі Мацвей, устаючы і працягнуў руку Вользе: – Я Мацвей.
– Мне ўжо сказалі, – яна працягнула сваю руку.
– Хадземце, нас чакаюць яшчэ нашы сябры – яны таксама не гулялі, – падахвоціў Вольгу Мацвей, узняў руку да ўвагі афіцыянта. Той спешна падышоў, захоўваючы годнасць.
– Што жадаеце яшчэ, спадар Мацвей?
– Дружа, мы ідзём у боўлінг, гадзіну бавімся там. Калі ласка, альтанка насупраць нашага пакоя – там ёсць кастрышча і мангал, раскладзі агонь, прынясі нам добра так паесці, бо мы ад раніцы каліва ў рот не клалі. Але каб натуральнае такое… Што, Вольга? – павярнуўся ён да жанчыны.
Тая на момант разгубілася, прыкрыла вочы.
– Як вогнішча, дык мо самі насмажым… А не, нясіце паўсмажаныя, мы давядзем іх да кандыцыі! І рыбы свежай хочацца, ёсць?
– Давер справу жанчыне – і ўсё будзе добра, – засмяяўся Грак, павярнуўся да афіцыянта, сунуў яму ў кішэнь камізэлькі купюру і ціха прагаварыў: – Дзякуй, сябра, спектакль адыграны, і ты малайчына.
Першай думкай Данілы было схапіць рэчы і неадкладна з’язджаць адсюль, але выпітага было яшчэ недастаткова, каб адважыцца на гэта, і дастаткова, каб спыніць сябе. Нічога, заўтра – субота, усё зачынена. Калі верыць – але ж трэба верыць! – Мацвею, суды пачнуцца не скора. Грошы на рахунку ніхто не замарозіць да панядзелка-аўторка. Застаецца толькі залезці ў ноўтбук цесця і перавесці грошы. І бегчы, бегчы адсюль! Бо наперадзе – прорва. Пра нешчаслівы выпадак на прадпрыемстве ён ведаў, ездзіў ягоны спецыяліст, правяраў сістэму. Але ж во як атрымалася! Мацвею не верыць не будзеш, бо ж ягоная сістэма. Сука, так падставіў!
З гэтымі думкамі Даніла ўзяў у бары бутэльку гарэлкі, успомніў, што нічога не еў ад раніцы, таму там жа замовіў паўсухіх бутэрбродаў. Ежа не лезла ў рот, давялося яе запіваць, а не ёй закусваць.
На наступны дзень, адаспаўшыся, падвячоркам ён вярнуўся дадому. Перад тым, як адчыняць дзверы, колькі хвілін пастаяў, прыпаўшы да іх вухам: ці чуваць хоць якія гукі. Было ціха, як і павінна быць: субота па распарадку – дачны дзень. Для цесця дача – святое. Нават калі хапіў інсульт, у крэсле інвалідным – а на выходныя вязі на лецішча.
Бы злодзей, Даніла прыадчыніў дзверы, і раптам адчуў, што недзе ў глыбіні душы даўно рыхтаваўся менавіта да гэтага: аднойчы патаемна зайсці сюды, забраць усё самае каштоўнае, кінуць здохліка-цесця і ягоную дачку – канепадобную жонку Данілы – і знікнуць! Збегчы, ведаючы, што на адкрытых раней рахунках ляжаць, накопліваюцца пакрысе грошыкі. Зараз папоўніць гэтыя рахункі, бо ж там – кот наплакаў, на месяц вольнага жыцця. Грошы на рахунку фірмы – ягоныя грошы!
Кватэры была пустая і нечым страшная.
Пакой цесця быў зачынены. Дзверы, сучасныя, з нейкага пластыку ці яшчэ там чаго, былі лёгкія і ўсталяваныя нядаўна, бо так захацела Рэгіна – яна не выносіла натуральнага цяжкага дуба, хай ён там і высакародны. Тыя міжпакаёвыя цяжкія дзверы Даніла прадаў з добрай выгодай, з цесцем падзяліўся – мужык ёсць мужык, не дурань выпіць лішнія сто грамаў, а дачка за ім сочыць, як за дзіцём.
Але што тычылася фірмы, толькі цесць меў доступ да фінансавых дакументаў.
Даніла вагаўся роўна дзве секунды – якая ўжо розніца? Хакнуў, ударыў плечуком – дзверы расчыніліся.
Ноўтбук цесця быў уключаны і стаяў на стале, а той пасярод пакоя, не раўнуючы, як амбон ў царкве.