– Пачакаць, пакуль ты мяне адтрахаеш? Выкусі, курвель!
І злосць жанчыны нарэшце выплюхнулася ў адзіны ўзмах-удар рукі – знізу пад паднос.
Яна не затрымалася паглядзець, што атрымалася з яе удару – імкліва прайшла да машыны, запіхнула валізку на задняе сядзенне, завяла аўтамабіль і крутнулася на выезд, раскідваючы дробныя каменьчыкі падсыпанай гравіем зямлі.
Выскачыў афіцыянт – пачуў бразгат посуду і звон шкла.
– Вам трэба заплаціць за разбітае!
Даніла ніяк не зрэагаваў. Яму пякло шыю і грудзі – гарачая поліўка трапіла за кашулю.
– Зараз вярнуся і заплачу, – выціснуў ён, кінуў пусты паднос пад ногі.
У гэты час Вольга вывернула на аўтатрасу, пабачыла вялікі чорны ўседарожнік і вадзіцеля, які ускінуў руку ў просьбе прыпыніцца. Яна яшчэ не набрала хуткасць, дый выхаваная за гады прафесійная ветлівасць вадзіцеля прымусіла збочыць і спыніцца. Апусціла шкло, ды не стала чакаць – сама выйшла з машыны.
Грак ішоў ёй насустрач, вусны былі складзены ў ветлівую і вінаватую ўсмешку.
– Прашу прабачэння, шаноўная пані Вольга! – пачаў ён, і жанчына напружылася: адкуль ён ведае яе імя?
– А вось ведаю я, як вас па імю, і прозвішча, і дзе жывяце, дзе працуеце, – быццам угадаў яе думкі мужчына. – Ад сябе асабіста, ад сваіх сяброў – вялікія вам прабачэнні! Мы разумеем, што сапсавалі ваш адпачынак…
– Вы мне званілі? – мільганула здагадка ў Вольгі, яна, заінтрыгаваная, разгубленая, амаль забылася на сваю крыўду і злосць.
– Я. І фотаздымкі даслаў. Вы цяпер мой тэлефон ведаеце…
– Навошта?
– Ну, тэлефон, каб пазваніць мне… Волечка, такая доўгая гісторыя, у ёй столькі драмы і нават трагедыі… Але ж, прызнайце самі: мы зрабілі разам з дрэнным і добрае: не далі вас падмануць.
– І што за гісторыя? – яшчэ больш уражаная, спытала Вольга – цікавасць перамагла.
– Доўгая, трошкі сумная, але захапляльная, сёння яе так прыемна распавесці ў добрай кампаніі сяброў, якім верыш! – Грак выпрастаўся, узняў смешна грудзі, бы гусак, і ці не прадэкламаваў: – Мы з сябрамі, нас трое, двое з жонкамі і дзецьмі, адзін я – самы сапраўдны халасцяк, запрашаем вас адпачыць з намі у гэтым цудоўным месцы. Пагуляем у боўлінг, у більярд, паблукаем па лесе, пасядзім у рэстаране і патанцуем! І, як абяцаў, гісторыя! Такі набор.
Вольга разгубілася і ёй было трошкі смешна ад гэтай тэатральнасці дарослага мужчыны. Мабыць, такія не здольныя на злое, падумала яна. Прамаўчала, і Грак адважыўся далей:
– Я вам абяцаю расказаць усю гісторыю. Ад пачатку і да рэшты. Яшчэ абяцаю, што ваш няспраўджаны кавалер праз гадзіну адсюль знікне. Але тое вы самі вызначыце: ваша воля для нас – закон! Згадзіцеся пабыць актрысай – а ў вас атрымаецца, я вас папрашу трошачку яшчэ падыграць у адным спектаклі. Не задарма! За самы смачны, за любы кошт кактэйль! А яшчэ… – тут Грак, замяўся, нават трошкі засаромеўся, – прызнаюся, вы мне вельмі спадабаліся.
– Адразу, з першага позірку? – усміхнулася Вольга, насамрэч уражаная усім пачутым.
– Не з першага, – уздыхнуў Грак. – Я знаю вас ужо два тыдні!
– А Божа, што за тайнае сачэнне? – выгукнула Вольга, канчаткова супакоіўшыся – ад размовы і самога мужчыны не патыхала небяспекай. І было жудасна цікава, ажно распірала ўсё даведацца: што тут за тайна?
– Усё патлумачу, як ёсць, – прыклаў руку да сэрца Грак, і Вольга коратка рассмяялася:
– Не ведала, што яшчэ сустрэну недзе такія рыцарскія прамовы!
– І гэтыя словы расчуем як вашу згоду? – хітравата прымружыўся Грак.
– Хай чуецца згода, – кіўнула Вольга, падумаўшы: усё адно адпачынак, дык хай будуць прыгоды замест сексуальных уцех і падману.
Яна развярнула аўтамабіль і зноў паехала да паштовай станцыі. Грак на сваім уседарожніку ехаў за ёй, як вартавы. Вользе неспадзеўкі зрабілася весела – нядаўняй прыкрасці як не было. Загадкавасць вабіла яе, дый дзень жа, тут – сучасны комплекс, якая можа быць небяспека большая за магчымасць быць падманутай? А гэта ўжо адбылося, чаго яшчэ баяцца? Урэшце, яна збіралася адпачыць. То чаму б і не пабыць у кампаніі, хай і незнаёмай, якая затое добра ведае цябе?
У сваім нумары Даніла скінуў брудную адзежу прама на падлогу, ужо з нянавісцю гледзячы на саўковае аздабленне нумара. Стаў пад душ, але не столькі мыўся, колькі пад струменямі вады спрабаваў знайсці адказ: адкуль у Вольгі гэты здымак? Жонка мела акаунт у Інстаграме яшчэ да замуства, яна не мяняла ў акаўнце нічога. Сам ён у ніякіх сацсетках не рэгістраваўся, ягоных фотаздымкаў, акрамя як у жонкі, ў сеціве не было… Знайсці б гэтую сволач, якая так сапсавала планы!
Выйшаў, выціраючыся і ўздрыгнуў ад неспадзеўкі – у адным фатэлі сядзеў мужчына, той самы, якога ён бачыў нядаўна з жанчынай і дзіцём.
– Прабач, я пастукаў, дзверы былі адчыненыя, – не ўсміхаючыся, сказаў мужчына. І зняў акуляры.