– Прабачце, спадар Мікалай. Гэты мужчына сказаў, што чакае менавіта вас… Ён зрабіў заказ, усё, што вы замаўляеце.
Мікалай паморшчыўся. Вечар пятніцы быў святым для яго ў сэнсе поўнай адключкі ад рабочых спраў. А гэты малады, няйначай, з прабіўных пастаўшчыкоў.
Мужчына, калі Мікалай наблізіўся да століка, узняўся і працягнуў руку:
– Прабачце, Мікалай Віктаравіч, што такім чынам імкнуся завалодаць вашай увагай, але ж маю да вас справу, якая, упэўнены, найперш цікавая вам асабіста. Мацвей Хрысцік.
Паважлівы тон і прыязны твар трохі кампенсавалі прыкрасць ад пачутага пра нейкую справу. Мікалай паціснуў руку. Афіцыянт тут жа прынёс замоўленае госцем.
– У вас добры густ наконт рыбы, – усміхнуўся Мацвей. – Я гарэлку не асабліва люблю, буду піць піва.
– Вы даведаліся што-кольвечы пра мяне, то павінны былі б ведаць і тое, што я ніколі не рашаю пытанняў, якія звязаныя з маёй працоўнай дзейнасцю па-за межамі завода і тым больш у пятніцу, – ветліва, але цвёрда папярэдзіў Мікалай, гэтаксама пацягнуўся па піва.
– Усе правілы трымаюцца на выключэннях, – мякка запярэчыў Мацвей. – І ёсць справы, якія такімі выключэннямі з’яўляюцца.
Мікалай пільна зірнуў у вочы субяседніку, не заўважыў там якой пагрозы для сябе, таму застаўся спакойным. Ці мала што ў людзей…
– Тады давайце адразу да справы, – паморшчыўся ён. – Я кажу вам праўду, мне важна адпачыць пасля тыдня.
– Разумею, – кіўнуў Мацвей. – Да справы дык да справы! – Ён глынуў піва, узяў большую з рыбінак і пачаў няспешна чысціць. – Два гады таму вы запусцілі новы канвеер. Для яго кіравання скарысталі сістэму “Дангал”. Не танная, дарэчы сістэма.
– Але вельмі гнуткая і надзейная, – не утрымаўся, уставіў Мікалай.
– Знаёмы з ёй.
– Зразумела, – пасміхнуўся Мікалай. – У нас будуецца яшчэ адзін цэх, расшыраемся. Паўаўтаматычная лінія. Гэтаксама плануем ставіць пад кіраваннем “Дангала”. Вы – з канкурэнтнай фірмы, у якой ёсць падобны прадукт? Папярэджу: вы памыліліся наконт магчымасці вось так і тут весці перамовы.
– Чакайце, чакайце, – спыніў Мацвей інжынера прыўзнятай далонню. – Нічога замест гэтай сістэмы вам прапаноўваць не збіраюся. Нагадаю: я абяцаў, што размова цікавая вам, а не мне. Дайце мне выказацца, дабра?
– Кажыце.
– Сістэма “Дангал” мае шмат пераваг перад усімі іншымі. Гнуткая, простая ў наладцы, мінімум кантактных злучэнняў, мінімум тых жа правадоў, практычна неабмежаваная колькасць устаноўкі дадатковых датчыкаў і вузлоў кіравання, лёгкасць уключэння іх у сістэму. Усё дзякуючы алгарытму.
– Вы ведаеце сістэму, – заўважыў Мікалай. – Але новага не пачуў.
– Да гэтага новага трошкі засталося. Тры месяцы таму у вас на канвееры быў няшчасны выпадак…
– Так, быў, – насцярожыўся Мікалай, адклаў рыбінку ўбок, старанна выцер рукі.
– І наколькі я ведаю, работніца тлумачыла, што яна не паспела раскласці дэталь для абрэзкі, як канвеер перасунуў яе пад нож. Хацела паправіць у апошні момант, тут нажом ёй і адсекла палову фалангі на сярэднім пальцы левай рукі. Так?
– Што вам да гэтага? Так. Выпадак для нас не самы зразумелы.
– Вы асабіста таксама пацярпелі сур’ёзна?
– Такія правілы. Прабачце, – занерваваўся Мікалай, – гэта справа асабіста мая. Не жадаю размаўляць на гэтую тэму. У вас усё? Не магу вас затрымліваць.
– Мікалай Віктаравіч, назваць вам сапраўдную прычыну таго надзвычайнага здарэння?
– Вось як? – інжынер насамрэч здзівіўся, адклаў убок скамечаную сурвэтку. – І што гэта?
– Тэмпература паветра, – адказаў Мацвей і узяў піва. – Ці вільготнасць.
Інжынер нейкі час глядзеў на спакойны твар Мацвея. Пачутае ўдавала на насмешку, але ён адчуваў, што гэта незнаёмец ведае куды больш, чым кажа.
– Патлумачце, – папрасіў Мікалай, гэтаксама адпіў піва. – Цікава паслухаць.
Мацвей нейкі час засяродзіўся на піве і рыбе, але роўна на столькі, каб не раздражняць субяседніка сваім маўчаннем. Урэшце выцер рукі і загаварыў няспешна: