З гэтым кавалём у яе здарыўся сэкс, і той быў ніяк не запланаваным: яна прыехала трэцім разам, ужо не “выпадкова”, ужо на госці, а ён выцяў руку так моцна, што не мог яе ўзняць, каб памыцца як след у лазні. Хоць, якая там была лазня? Не тое што ў Тамары на сядзібе – абшытая “вагонкай”, блішчастая і жоўценькая. Гэтая была старая, са сценамі, на якіх сабраўся куродым мо за пяцьдзясят гадоў. І нібы так і запланавана было: прапанаваць Аляксею (такое было імя ў каваля) дапамагчы памыцца. Яна пайшла ў гарачы пар вясковай лазні, скінуўшы з сябе ўсё як ёсць. Аляксей сядзеў на палку, сканфузіўся, бы хлопчык… Там было так горача – і так вольна дыхалася, так лёгка, так невыносна салодка – нічога саладзейшага не было дагэтуль у яе жыцці.
Ён праз два тыдні прапанаваў не прыехаць да яго “папарыцца ў лазні”, але прыехаць, каб быць жонкай яму, маці дзяўчынцы і будучай маці іхніх дзяцей.
Тамара набрала нумар.
– Аляксей… Прыедзь, калі ласка, забяры мяне. Я хачу быць тваёй жонкай. Прабач, што так тэрмінова, не магу ні хвіліны тут больш.
Выйшла за агароджу сядзібы на дарогу і чакала.
Пачула, як дзынкнула шкло.
Не страпянулася нават.
І толькі цені, што раптоўна заскакалі па зямлі вакол яе постаці, прымусілі азірнуцца: з разбітага акна сядзібы шугала зыркае ружовае полымя. Андрусь быў на мансардным паверсе, вываліўся праз расчыненае акно і крычаў:
– Выкусі, сучка! Выкусі! Мая, нікому не аддам! Хай гарыць!
Беглі да сядзібы вяскоўцы. Андрусь сустрэў людзей ў варотах – з налітымі кроўю вачыма ён размахваў рыдлёўкай і гразіўся, што рассячэ галаву кожнаму, хто зробіць крок на ягоную сядзібу. Тамара выклікала пажарных і міліцыю. Яны прыехалі ўмомант – полымя яшчэ не выбілася на паддашак. Пажарнікі уключылі ваду і струменем з брандспойта павалілі Андруся на зямлю, накінуліся міліцыянеры і закруцілі рукі за спіну, зашчоўкнулі на іх кайданкі.
Праз тры дні на сядзібу прыехаў Грак з Мацвеем. Тамара вярнула задатак – яна разумела, што такую сядзібу за дамоўленую раней суму не прадасць.
– Шкада, – з сумам працягнуў Грак, прымаючы грошы і сузіраючы закуродымленыя сцены. – Але ў такім выглядзе купляць не магу. І час траціць на рамонт – не маё.
– Ды я разумею. Падрамантую, можа, – абыякава адказала Тамара. – Дам аб’яву, знойдуцца пакупнікі. Месца ад горада блізкае, усе дамы пад дачы разабралі, і гэты купяць.
Мацвей не утрымаў свайго здзіўлення.
– Прабачце, вы неяк і не надта засмучаная.
– Ага, ваша праўда, – без хітрыкаў адказала Тамара. – Кропка пастаўленая, па новаму ўсё пачынаць пара. Чаго пра мінулае шкадаваць? Добра, што так, бо ж маглі і пазабіваць адзін аднаго…
Частка 18
Мацвей прапанаваў спыніцца ў якой кавярні, там пачакаць Антона, але Грак зачмыхаў:
– Мне гэтыя прысмакі шырспажывецкія – во дзе! – чыркнуў рукой на горле. – Заязджаем у які буйны супермаркет, бяром сапраўднае мяса, хлеб, зелень якую, падбіраем твайго Антона-шпіёна і прыстройваемся за горадам на беражку. Пашкадуй ты мой страўнік. Пасля столькіх гадоў спажывання натуральных прадуктаў са стала мілых сяброў-чачэнцаў мне гэтыя піцы-бургеры як камяні глытаць…
Мацвей згадзіўся. Затаварыліся, патэлефанаваў Антон Кавалёў – ён быў непадалёк, то і ехаць нікуды не давялося. За тры дні “камандзіроўкі” у гэты горад Антон выведаў нямала, і сярод іншага – добрае месца адпачынку за горадам.
– Там ёсць зона для шашлыкоў, сёння будні дзень, якраз бязлюдна.
Не зусім каб бязлюдна, але на беразе штучнага вадаёма ў гэты час людзей было небагата. Ва ўсякім разе, адна альтанка з шашлычніцай ля яе і трыма лаўкамі з бярвёнаў прывабіла іх сваёй аддаленасцю і пустатой. Грак выкладваў на засланы стол альтанкі падрумяненую курыцу-грыль, хвацка ламаў яе рукамі на часткі. Адкрамсаў сваім нажом з шырокім бліскучым лязом тоўстымі скібкамі чорны жытні хлеб, ружовую вяндліну і грудзінку, што на зрэзе ўдавала штучнай – так роўненька чаргаваліся белыя з чырвонымі паскі мяса і сала. Агуркі разразаў удоўж на дзве часткі, памідоры – на чатыры.
– Соллю самі пасыпайце, як у рот несці, – пакамандаваў-параіў. – А то вадой збяжыць уся смаката. Ну, – крытычна агледзеў горку ежы, застаўся задаволены, пляснуў у ладкі: – Прашу грамаду да шалашу! І пагаворым.
Антон Кавалёў пачуваўся трохі скавана, Мацвей заўважыў гэта і падбадзёрыў:
– Ты ў камандзе, усе свае. Не саромейся, не хвалюйся. Расказвай, як ёсць.
Той пачаў:
– Што тычыцца “Тэрмапластыка”… Было надзвычайнае здарэнне на новай лініі – жанчыне адсекла частку пальца. Толкам не маглі патлумачыць – быццам канвеер сам паехаў, без каманды аператара. Лінія запушчана два гады таму, сістэма кіравання – “Дангал”. Галоўны інжынер завода – Мікалай Галавач, сорак гадоў. Мае свой пятнічны рытуал: раніцай на работу яго падвозіць жонка, выкладчыца каледжа, з работы ён едзе з перасадкамі ў свой раён, заходзіць у невялікае падвальнае кафэ. Бярэ адно і тое ж: трохі гарэлкі, піва і пад піва – сушанай рыбы, снятка. Зазвычай праседжвае ў самоце дзве ці тры гадзіны – мабыць, у залежнасці ад таго, якім напружаным выдаўся мінулы тыдзень. Апошнія пяць гадоў фактычна кіруе прадпрыемствам, дырэктар – п’яніца і лайдак, яго хутка знімуць. Галавач падняў завод з небыцця, працуючы там па дванаццаць гадзін шэсць дзён на тыдзень. Сёння там дастойная зарплата, рытмічная работа і шырокі рынак. У Мікалая Галавача жонка раз на год кладзецца на лячэнне, двое сыноў-старшакласнікаў. Паўгода таму завод праводзіў буйны тэндар, празрыста і чэсна. Казалі, Галавач адмовіўся ад “адкату” ў тысячы долараў, хоць грошы яму патрабуюцца: старая машына, цесная двухпакаёўка, дом будуе шосты год і канца не відно.
– Грунтоўна папрацаваў, – ухваліў Грак кароткі расказ. – Як паступім, Монця? Бяром у абарот гэтага інжынера?
– Не, – Мацвей задумаўся на хвіліну. – Гэтага ў абарот не трэба. Я застаюся ў горадзе, у гасцініцы. Вы едзеце па чатырох астатніх адрасах. Збірайце дакладныя даныя, ці адбылося якое здарэнне на іншых прадпрыемствах з устаноўкай “Дангала”. На гэтым заводзе, я упэўнены, адбылося…
Мікалай з парога заўважыў з прыкрасцю, што ягоны столік заняты – там сядзеў малады мужчыны з акуратнай бародкай. Афіцыянт паспяшаўся насустрач Мікалаю: