– Што, свята нейкае?
Тамара стаяла ўзбоч, падышла і села насупраць на такую ж доўгую лаву.
Андрусь прамаўчаў. Цяжка соп, ці то адыходзячы, ці набіраючыся яшчэ больш лютасці.
– Ну? – не адставала Тамара.
– Не лезь… Маўчы! – працадзіў скрозь зубы, наліў трэцюю, выпіў.
– А я і не лезу, – абыякава заўважыла Тамара. – А ты мне рот не затыкай на маім надворку. Мне што табе сказаць трэба: задумала я дзіця нараджаць. Неўзабаве трыццаць, час ужо.
Андрусь праглынуў “маім надворку”, няўцямна скрывіўся:
– Мне дзеці не ўпалі.
– А я пра цябе і не кажу. Ты што, думаў, я ад цябе збіраюся нарадзіць? Які ты бацька! Замуж я пайду. Завуць.
Андрусь пабачыў прымружаныя вочы, уладныя куточкі вуснаў. Квола верачы ў тое, што пачуе нейкі іншы адказ, спытаў:
– А я табе – хто?
– Сужыцель. Часовы, – жорстка адказала Тамара, не спраўдзіўшы надзеі Андруся. – Пажылі – досыць. Мне пра сям’ю думаць трэба. Пакахала я. Харошы мужчына, добры бацька.
– Ага. Так. І што далей? – Андрусь зноў глынуў гарэлкі. – Што далей, сучка?
Тамара як не пачула абразы. Вочы яе звузіліся да тонкіх шчылінак.
– Што са мной – мяне хвалюе, не табе ведаць. І што ты рабіць будзеш, не мая справа. Збірай рэчы і правальвай.
Гэта аглушыла. Гэтага Андрусь ніяк не чакаў.
– Што??? Што збіраць?
– Сядзібу я прадаю. Праз тры дні тут будзе новы ўладальнік. Можаш пасля наняцца да яго эканомам ці дворнікам, – скрывіла вусны Тамара.
Андрусь моўчкі нацыраваў гарэлку ў шкалік. Рука дрыжала, ён ціснуў на шкло, нібы мог прымусіць струменьчык зрабіць жвавым.
– Гэта мая сядзіба. Я сюды ўклаў усе свае грошы, – скрыгатнуў ён зубамі. – Не аддам!
– Я цябе карміла гэты час, ты карыстаўся маім целам. Магу рахунак выставіць, – насмешліва адказала Тамара, зноў прымружылася, падалася хціва наперад: – Мне дзяўчаты з банку паказалі твае рахункі, ажно тры. Ты ад мяне грошы хаваў, а я тады галодная сядзела, на хлебе і малаку. У цябе і цяпер хапае. А сядзіба – мая. Мая, чуў? І вымятайся! Сёння ж! Міліцыю выклічу!
– Выклікай, – амаль раўнадушна кінуў Андрусь, падняўся, і тут лютасць вырвалася вонкі: склаў кукіш і тыцнуў у твар Тамары, заверашчаў, пырскаючы слінай: – Во табе сядзіба! Мая яна! Мая!
І калі Тамара ўзнялася ўслед за ім у поўны рост, не стрываў, не змог глядзець у яе насмешлівы твар, рэзка, без замаху, тыцнуў у яго кулаком і закрычаў на ўсю глотку:
– Мая сядзіба!!! Мой гэта дом, мой лес, мае бярозкі! Не аддам! Сама вымятайся, паскуда, подсцілка!
Тамара кульнулася цераз лаўку, моцна выцялася спінай. У наступнае імгненне яна была ля мангала, схапіла даўгую качарэжку, замахнулася ёй, бо і Андрусь п’яна вываліўшыся з-за доўгага стала, сунуўся на яе.
– Падыдзі, гіцаль! Падыдзі, атрымаеш!
Андрусь раз’юшана соп, але спыніўся: ягоны п’яны розум тым не менш папярэджваў: Тамара не жартуе, лясне як ёсць. А качарэжка доўгая і моцная.
– Во табе сядзіба! – гыкнуў ён, зноў склаўшы кукіш, тыцкаючы ім у напрамку жанчыны.
Крутнуўся і пабег у дом.
Тамара няспешна выцягнула з кішэні джынсаў тэлефон, зірнула – шкло было пабітае, але тэлефон ажыў ад націскання кнопак. Яна не маніла Андрусю наконт замуства і дзяцей: два месяцы таму на адной сядзібе яна пазнаёмілася з удаўцом, бацькам мілай дзяўчынкі. Ягоная жонка загінула ў аўтааварыі. Сам ён быў рамеснікам-кавалём, аграсядзібу на два невялічкія пакоі трымала нябожчыца. Пакрысе там надыходзіла запусценне, бо ён мала што цяміў у такіх справах, кузня займала ўвесь ягоны час. Дзіўна, але менавіта там Тамара мо ўпершыню адчула жаданне падабацца – і падабацца яму, гэтаму ціхаму, невысокаму, але з такімі шырокімі моцнымі далонямі мужчыне. Ды яшчэ дзяўчынка шасці гадоў – яна ў першы прыезд стала так гарнуцца да Тамары, што ў той заскрэбла ў горле.