Тамара не адказала, глядзела на яго вачамі, у якіх быў недавер і чаканне неверагоднай удачы.
– Замалая сума? – спытаў Грак.
– Як не жартуеце, дык прыстойная прапанова, – ціха вымавіла Тамара.
– Не жартую. Прызнаюся: адзін мой сябра быў тут, дасылаў фотаздымкі, бо ведае, што я шукаю. І я ў вас не выпадкова. Карацей, калі ёсць жаданне падумаць над прапановай, я магу пакінуць невялікі задатак, як сур’ёзнасць майго намеру, – і Грак прыўзняў фужэр з віном, жэстам запрашаючы жанчыну зрабіць тое.
– Так, падумаю, – куснуўшы вусны, Тамара ўзняла свой фужэр, яны чокнуліся і выпілі па глытку. – Слухайце, а вы мяне не разводзіце дзеля нейкіх сваіх спраў? Неяк усё скора.
– Я – ваенны чалавек, не ўмею доўга цягнуць, калі цэль – выбраная, – падкрэсліў апошнія словы Грак, узяў сваю невялікую сумку, адкрыў яе і дастаў пару пачак грошай у банкаўскай упакоўцы. – У мяне тут з сабой трохі… Мы можам скласці невялікую дамову аб намерах, я даю вам дзесяць працэнтаў як залог майго рашэння набыць вашу сядзібу, а вы прымаеце грошы, як залог вашага бачання ўва мне пакупніка. Пад’едзем да натарыуса. Згода?
– Вы так спяшаецеся… – Тамара зноў куснула вусны, позірк яе стрэльнуў у бок грошай як на сваю ўласнасць, якая па нейкай там прычыне колькі гадзін патрымаецца ў чужых руках, і таму давядзецца пацярпець-пачакаць.
– Не спяшаюся, рашаю справы, – паправіў Грак. – Вы любіце блукаць па магазінах, перабіраючы рэчы? А я заходжу, бяру тое, што першым трапіла на вока, і выходжу. Дарэчы, у нас ёсць час, здаецца, нейкі райцэнтр тут паблізу, мы маглі б сёння паспець, каб заверыць натарыяльна свае намеры.
– Паслугі натарыуса аплачваеце вы, ваша ініцыятыва! – узбуджана-весела паставіла ўмову Тамара.
– Няма праблем, – згадзіўся Грак. – З вамі прыемна мець справы. Дарэчы, пра рэчы. Накідваю пяць працэнтаў ад кошту за маёмасць унутры. Ці будзеце вывозіць?
– На халеру яна мне! – махнула рукой Тамара. – Але ж вы выпілі?
– Глыток сухога віна? – пасміхнуўся Грак. – Вы перажываеце, ці змагу я упэўнена весці, ці што мяне спыне міліцыя?
– Што міліцыя спыніць, перажываю.
– Не варта хвалявацца, усякага злога чалавека ў пагонах лёгка ўлагодзіць паперкамі з партрэтамі амерыканскіх прэзідэнтаў. Мы едзем?
– Едзем!
Да райцэнтра заляцелі за пятнаццаць хвілін. Балазе, да натарыуса не было ў гэты час чаргі. Грак жартамі падахвоціў састарэлую жанчыну-натарыуса хутка аформіць папярэднюю дамову аб продажы і атрыманне Тамарай шасці тысяч еўра ў эквіваленце як залог – яны сышліся па дарозе аб поўным кошце сядзібы ў шэсцьдзясят тысяч еўра.
Тамара папрасіла заехаць у банк, каб пакласці грошы на рахунак. Грак падвёз Тамару да сядзібы, дзе стаў развітвацца:
– Я еду за грашыма, дамовіліся? Буду праз тры дні, бо мне ж у Расею трэба. Пастарайцеся не перадумаць.
– Не перадумаю! – са смехам адказала яму Тамара. – Вы не перадумайце!
Андруся калаціла ўсю дарогу. Дрыжэлі рукі і ногі, ён ледзь мог упраўляць аўтамабілем. Калі наперадзе зноў пабачыў машыну ДАІ і інспектара ў форме, з глоткі ледзь не ірвануўся звярыны рык. Але стрымаў сябе. Пакуль інспектар падыходзіў, ён няспынна выціраў твар ад поту, які каціўся і каціўся з-пад валасоў.
Інспектар раўнадушна прадставіўся, папрасіў правы, уважліва глядзеў на картку ў іх, на Андруся.
– Вы часам не выпівалі, грамадзянін?
– Не, – рэзка адказаў Андрусь, паспяшыў выправіцца: – Не ўжываў, прабачце, у мяне праблемы, таму такі нервовы.
– І ўсё ж я папрашу вас выйсці з машыны, прайсці да нас і падыхаць у трубачку, – настойліва прапанаваў інспектар.
Андрусь падпарадкаваўся. У яго зацеплілася думка, што гэтая праверка – звычайная, дзяжурная.
Так, зрэшты, і аказалася. Хоць на ўсё пра ўсё пайшло не менш за чвэрць гадзіны, Андрусь не псіхаваў, наадварот, ён пакрысе супакойваўся. Прынамсі, рукі дрыжаць перасталі. Хваляванне і страх зніклі, на іх месца прыйшла злосць – магутная, яна запоўніла ўсё яго нутро. Здавалася, кроў набрыняла ёй і варта пракалоць палец, як не капне, а пырсне пад велізарным ціскам гэта шалёная, поўная, як шампанскае віно газам, кроў.
Не ўехаў, уляцеў на надворак сядзібы, рэзка затармазіў, ажно завішчалі шыны. Тамара, якая якраз была на вуліцы, азірнулася, але не спуджана, на яе твары ў другое імгненне прачытвалася: “А, гэта ты…”.
Андрусь выйшаў з машыны, ні слова не кажучы жанчыне, зайшоў у сядзібу, на кухні дастаў з халадзільніка бутэльку гарэлкі, прыхапіў шкалік. Сеў пад навесам, крутнуў накрыўку, мо залішне рэзка, тая пракручвалася, не адкрываючы бутэльку. Падхапіўся, азіраючыся, кінуўся да мангала, дзе ляжаў вялікі нож. Крамсаў накрыўку бутэлькі, перакуліў нарэшце, а гарэлка цякла худзенькім струменем.
– Сук-ка!
Кульнуў кілішак, яшчэ стаў цадзіць з бутэлькі.