Міліцыянера за вадзіцельскім месцы ўжо не было. Андрусь спехам, выціраючы густы пот з ілба і вачэй, перасеў, завёў рухавік і газануў з месца.
З чорнага аўтамабіля выйшаў Мацвей Хрысцік. Оперупаўнаважаны аддаў яму пярсцёнак і грошы.
– Усё, як дамаўляліся!
– Выдатна, дзякуй вялікі! – Мацвей узяў грошы, акуратна адлічыў колькі купюр, працягнуў цывільнаму: – Усё як дамаўляліся!
– Бывайце здаровымі! – оперупаўнаважаны паціснуў рукі Мацвею і Антону, махнуў рукой міліцыянеру з аўтаматам. Яны селі ў аўтамабіль даішнікаў, той развярнуўся, рэкнуў сірэнай на развітанне.
– Ну што, тэлефанаваць Граку? – спытаў Мацвей Антона.
– Тэлефануй. Збрахаў ён нямнога, – кіўнуў за спіну Антон, маючы на ўвазе Андруся, аўтамабіль якога быў ужо маленькай кропкай на дарозе. – Хаўруснікаў было трое. Кожны з іх цябе ненавідзеў па сваёй прычыне, але нішто так не яднае людзей, як нянавісць да аднаго чалавека. Які ж слізкі да агіднага гэты Андрусь і як гладка брэша, – церануў рукі Антон. – Не ведай я пра сплачаны тваёй маці доўг, пра яе пахаванне – паверыў бы яму!
Мацвей набраў нумар на тэлефоне.
– Грак, купляй сядзібу. У цябе паўтары гадзіны максімум. Нашу гусь яшчэ затрымаюць на мяжы абласцей, гэта хвілін пятнаццаць. Дзейнічай. Так, рацыя была твая ад самага пачатку. Хто зацікаўлены ў выніках, той і дзейнічае…
Частка 17
Грак сапраўды задрамаў, таму лёгка ўздрыгнуў ад гука мабільніка. Адказаў Мацвею, выйшаў на надворак, адшукаў вачыма гаспадыню, падышоў і папрасіў згатаваць каву.
– Дык, можа, есці хочаце? Многа не запатрабую, вячэра ў мяне простая, – падахвоцілася Тамара.
– Можна і з віном, – падміргнуў Грак.
Сядзеў на лаўцы ля другога выхаду з агароджанай сядзібы, які адчыняўся ў гай. Падышла Тамара з талеркамі, пачала ставіць на стол.
– А пасядзіце са мной, калі вам магчыма, – запрасіў Грак. – Я прынясу віно…
Схадзіў да аўтамабіля, вярнуўся з бутэлькай.
– Мабыць, застануся на ноч. Ці яшчэ на ноч, – задумліва сузіраў ён наваколле. – Колькі шукаю такое месца – знайшоў…
Тамара пільна зірнула на госця, прысела.
Нетаропка елі-выпівалі, Грак расказваў:
– Сам я былы ваенны. Ваяваў, жаніцца не паспеў. Дзяды-бабулі, бацькі памерлі. Братоў-сясцёр няма. І так неспадзеўку стаў багаты: у маці быў свой бізнес, трымала школу фларыстаў. Нерухомасць зноў жа – тры кватэры, ледзь прадаў, ды яшчэ свая засталася. Прагну перабрацца ў Беларусь, спыніцца вось у такім месцы, бо ж бабуля мая беларуска была. Відаць, кроў цягне, – усміхнуўся ён. – Не ведаеце, дзе б купіць вось такі дамок?
– Ды ў любой вёсцы пустых дамоў, яшчэ добрых – заваліся ў нас, – крыва ўсміхнулася Тамара. – Думаеце, цікава тут жыць? Ваўком сярод лесу? Абслугоўваць розную мярзоту, што сюды нажырацца ды натрахацца прыязджае? Мыць за імі, прыбіраць?
– Мне якраз цішыня важная, – пакруціў галавой Грак. – Паверце, я ўдосталь наеўся зносінаў з людзьмі, менавіта ваўком і хачу пажыць. У вас тут водаправод свой? Бачу, ацяпленне ад катла?
Тамара ўздрыгнула.
– Што, вока паклалі на маю сядзібу? Свая свідравіна ёсць…
– Не вока, душа тут спусцілася, – прыязна паправіў яе Грак. – О, я б за такі дом даў многа…
– І колькі?
Тамара інстынктыўна падалася наперад, вочы яе загарэліся цікавасцю.
– А колькі б вы хацелі? – ужо дзелавіта спытаў Грак, наліў віна ў фужэры.
– Ну, мала не спытаю, – сур’ёзна пачала Тамара. – Не проста хутар у такім дзівосным месцы – тут бізнес наладжаны, кліентура ёсць…
– Кліентура мяне не цікавіць, нікога прымаць не буду, толькі сяброў, –спыніў яе Грак. – Прапаную суму, за якую магчыма набыць адносна новую кватэру ў сталіцы.