Ён сеў на задняе сядзенне, оперупаўнаважаны абышоў машыну і сеў побач з ім. Антон моўчкі, не пытаючыся, сеў спераду, побач з міліцыянерам з аўтаматам, які заняў вадзіцельскае месца.
– Грамадзянін Жураўлёў, да нас паступіла заява ад грамадзяніна Антона Кавалёва, што вы падманам атрымалі ад яго грошы ў памеры васьмі тысяч долараў і залаты пярсцёнак. Што вы на гэта скажыце?
На гэтых словах Антон спераду моўчкі цераз плячо працягнуў два аркушы паперы оперупаўнаважанаму, затым уключыў відэазапіс у мабільным тэлефоне, счакаў момант, выключыў.
– Увесь запіс цалкам, дзе грамадзянін Жураўлёў мне хлусіць, перапісаны на флэшку і будзе перададзены органам, – не паварочваючы галавы, паведаміў Антон і працягнуў яшчэ адзін аркуш паперы: – А гэта распіска Мацвея Хрысціка, якую атрымала ягоная маці, сплаціўшы цалкам доўг сына грамадзяніну Жураўлёву. Тут жа роспіс грамадзяніна Жураўлёва аб тым, што ён атрымаў грошы ў поўным памеры. Гэтаксама у нас маюцца сведкі, якія пакажуць, хто даглядаў маці Хрысціка, хто арганізоўваў і аплачваў пахаванне.
Андруся прабіла на пот, ён узмакрэў увесь імгненна, буйныя кроплі сабраліся на твары, адна агідна павісла на кончыку носа і казытала нясцерпна.
– Я… Я вярну грошы, – мітусліва стаў лапаць па кішэняў, круціцца.
– Значыць, вы прызнаеце факт махлярства? – раўнадушна спытаў цывільны.
– Я ж вяртаю, наце! – Андрусь кінуў побач з сабой грошы і пярсцёнак.
– Прызнаеце? – не адступаў оперупаўнаважаны і Андрусь выдыхнуў з усхліпам:
– Прызнаю!
Загаварыў Антон, і такім тонам, бы не міліцыянеры, а ён тут быў галоўны:
– Хутка расказвай: якая роля Данілы Галоўчыка ў тым, што Мацвей Хрысцік апынуўся за кратамі?
– Я не знаю…
– Ты казаў мне дваццаць хвілін назад, што ведаеш дакладна!
– Я здагадваюся, я ж не магу ведаць!
– Слухай, – Антон гэтым разам павярнуўся да яго і Андрусь убачыў у позірку грэблівасць і рашучасць – так глядзяць на якую небяспечную дрэнь, што паўзе па дарозе, каб укусіць, а ты яе можаш раздавіць сваім абцасам. – Слухай, Андрусік! Ты можаш элементарна сесці на добры тэрмін – гэта табе гарантуецца. Альбо ты ўсё выкладваеш начыста, я забіраю заяву – і ты ідзеш гуляць на ўсе чатыры бакі, смуродны і нікому не патрэбны. Кажу гэта ўслых, пры капітане міліцыі. Твой першы сказ стане табе прысудам, я не жартую. Проста выходжу з машыны і пакідаю цябе таварышу капітану і аўтаматчыку. Ім такі кадр – як хлеб з маслам: вось злачынства і вось ужо яно раскрытае.
Андрусь няўцямна лыпаў вачыма, імгненна пракручваючы сітуацыю: яго падставілі зусім для іншых мэт? Усё гэта толькі затым, каб даведацца пра той вечар, які ніяк не сціраецца з ягонай памяці? Але ж і ён там замешаны, хай крышачку. Што збіраецца рабіць гэты Антон? А Мацвей? Раптам сюды заявяцца тыя ісламісты, яны ж пачнуць рэзаць…
– Я… не помню ўжо! Не помню!
Антон адчыніў дзверцы, выкінуў нагу вонкі, збіраючыся устаць.
– Рукі сюды! – нечакана гыркнуў оперупаўнаважаны да Андруся, і аднекуль з’явіліся металічна-шэрыя кайданкі.
– Раскажу, раскажу я, што помню, – у адчаі захліпнуўся словамі Андрусь, зразумеўшы, што з ім зараз абыдуцца так, як казаў гэты Антон. Трэба быць шчырым, шчырым да рэшты, ну, не да самай рэшты, канешне… І ён заспяшаўся гаварыць, глытаючы канчаткі слоў:
– Гэта яны, Даніла і Раман! Прыйшлі да мяне ў той вечар. Злыя былі. Даніла жаліўся: Мацвею месца ў аспірантуры ёсць, а яго пракідваюць! А Раман біцца збіраўся, бо Мацвей пайшоў з Марго, а ён бегаў за ёй. І яны… Выпіць хацелі. У мяне на той час была халтурка такая: трэба было лістоўкі раскідваць па паштовых скрынях. Мне за гэта плацілі добра. Я не збіраўся кідаць, яшчэ зловяць, там абы фотаздымкі зрабіць. Мы зрабілі здымкі, купілі выпіць. А лістоўкі, якія засталіся, Даніла сказаў не выкідваць у сметніцу. У Рамана нейкі родзіч быў у КДБ. Яны і дамовіліся падкінуць лістоўкі Хрысціку і паведаміць куды трэба. Даніла знаў пра Мацвееў вялікі нататнік пад матрацам, хацеў сабе забраць. Яны падкінулі!
– Там жа быў яшчэ жылец у пакоі, – нагадаў Антон.
– Мне сказалі, каб я паклікаў яго для размовы на кухню. Я не мог іх спыніць! Я здуру прапанаваў гэтыя лістоўкі, каб зарабіць на выпіўку, бо ж сам зарабляў абы-чым, студэнт жа, мне маці не давала грошай, а Раман прыгразіў: не паслухаешся, дык здам КДБ! Я не ведаў, што так будзе!
– Але ты ведаў, чым займаецца твой стрыечны дзядзька, так? – з’едліва спытаў Антон. – Ты даваў яго нумар тэлефона Мацвею і раіў пазваніць і падзарабіць у Расеі, ведаў жа пра тое, дзе можа апынуцца Мацвей?
– Не думаў я! – заўпарціўся Андрусь, голас яго дрыжэў. – Каб Мацвей з якой брыгадай быў, дык вярнуўся з грашыма, там жа і з грашыма прыязджалі.
– Але дзядзька табе казаў, каб ты прапаноўваў ягоны тэлефон такім самотным мужчынам, якія шукалі заробкі?
– Так…
Антон моўчкі адчыніў дзверцы і выйшаў. За ім падаўся вонкі і оперупаўнаважаны, прыхапіўшы грошы і пярсцёнак. Абярнуўся да Андруся, кінуў з насмешкай:
– Можаш ехаць. І хутчэй!