– Прабачце, пералічу, – натужліва ўсміхнуўся, паставіўшы размашысты подпіс пад распіскай.
– Няма праблем, – з разуменнем кіўнуў Антон, складаючы аркуш у чатыры столкі. – Я замоўлю каву, у мяне ёсць для вас яшчэ невялікая просьба. Многа часу не зойме, хвілін дзесяць. Вам замовіць?
– Так, так, – не ўзнімаючы галавы і не перастаючы лічыць купюры, згадзіўся Андрусь.
Антон узняў руку, каб звярнуць увагу афіцыянта, той падышоў, праз хвілін пяць прынёс кубачкі з кавай, шклянкі і бутэльку вады. Антон найперш адкрыў ваду, наліў сабе, выпіў. Дастаў з кішэні і паклаў перад сабой на столік, любуючыся міжвольна, пярсцёнак з жоўтага металу з вялікім блакітным каменем.
– Мацвей расказваў мне яшчэ, – задуменна пачаў ён, гледзячы на пярсцёнак, – у яго была дзяўчына. Ён быў закаханы ў яе. Яны нават не развіталіся. Ён разумеў: у той сітуацыі, у якой апынуўся, ён мог яе скампраметаваць, таму не стаў званіць. І разумее, чаму яна не званіла. Што ж, гады прайшлі, верагодна, яна выйшла замуж, гэта яе бясспрэчнае права. Няма ні крыўды, ні жалю – так склалася. А пярсцёнак ён прасіў перадаць ёй, як падарунак. Вы не дапаможаце мне яе адшукаць? Яе імя Маргарыта, ну і дзе вучылася, ёсць даныя.
Андрусь глядзеў на пярсцёнак, ноздры шырока раскрываліся ад узбуджэння.
– Той дрэні – такі падарунак? – выгукнуў ён, прадоўжыў упэўнена і бы з радасцю: – Ды яна круціла і з Мацвеем, і з Раманам, быў такі спартсмен на той час. І ніколькі яна не шкадавала Мацвея! Наадварот, падышла да мяне праз тры дні і сказала, каб я, як зямляк, перадаў, што яна блізка бачыць і чуць яго не хоча, каб імя яе не згадваў! І замуж выскачыла за Рамана, яшчэ дыплом пішучы. У яе бацькі – чыноўнікі, у Рамана гэтаксама, як яна сама казала, эліта дзяржаўная. Дзяшоўка! І ёй такі пярсцёнак? За што?
Андруся панесла – ён не мог раўнадушна глядзець на золата на стале. Той факт, што гэты цямця-лямця верыць ягонаму кожнаму слову, надаў смеласці і ён роблена абурыўся:
– Мацвей помніў пра доўг, выдатна! А чаму не папытаўся: хто даглядаў ягоную маці? Хто яе хаваў, за чые грошы? Я прыйшоў быў спытаць, ці не вярнуўся Мацвей, яна не адчыніла дзверы. Выклікаў пажарных, праз акно залезлі ў кватэру – яна ляжала ў ложку без прытомнасці. Хуткую выклікаў, прыходзіў у бальніцу, яшчэ плаціў суседцы, каб даглядала за ёй. Хай там і невялікія грошы пайшлі, але ж! А як памерла, дык мне суседка пазваніла, усе клопаты на мне былі!
– Вось як, – працягнуў разгублена Антон, прыкрыў далонню пярсцёнак, павагаўся і пасунуў яго ў бок Андруся: – У мяне няма больш грошай, Мацвей не казаў пра такое. Думаю, я паступаю правільна. Яшчэ распішыцеся, што атрымалі пярсцёнак за догляд і пахаванне маці Хрысціка. Момант адзін, прабачце: Мацвей неяк абмовіўся, што з маці жыла кватарантка?
– Ды збегла яна мігам ад хворай і старой, замуж выскачыла, – ужо зусім лёгка збрахаў Андрусь.
– Нічога не зробіш, – са скрухай уздыхнуў Антон, дапіў каву. – Што ж, на гэтым у мяне ўсё, засталося наведаць лепшага сябра Мацвея, Данілу. Але таго буду шукаць сам, наўрад ці вы пра яго ведаеце.
– А навошта вам Даніла? – уздрыгнуў Андрусь.
– У мяне з сабой паперы. Тыя гады, каб не звар’яцець, як ён сам казаў, ад адзіноты, Мацвей працягваў работу над той тэорыяй, якую яны пачыналі з Данілам. То, мажліва, разлікі спатрэбяцца сябру.
Андрусь памаўчаў, раздумваючы: карысці з папер яму ніякай, але чаму таму лаўкачу павінна зваліцца з неба халява? За тое, што падкінуў лістоўкі ў нататнік?
– Не маю права некага судзіць, але скажу адно: не такі верны сябар Даніла, як Мацвей думае.
– Вось як? – здзівіўся Антон. – Вам ёсць што пра гэта апавесці?
– Пра гэта казаць не буду. Яшчэ ёсць да мяне справы? – заспяшаўся ён, баючыся, што ягоны легкаверны субяседнік раптоўна перадумае і запатрабуе назад і грошы, і пярсцёнак.
– Гэта ўсё.
Андрусь сеў у аўтамабіль, і толькі цяпер дазволіў пачуццям вырвацца на волю. Ах тваю ж макаўку! З неба грошы ўпалі! А пярсцёнак, пярсцёнак які! Канечне, не на Тамарын ён пальчык. Хай паляжыць, ёсць адна пава на прыкмеце.
Ён ад’ехаў ад горада кіламетраў пяць, як сустрэў машыну ДАІ і службоўца ў форме на дарозе. Спыніўся па ўзмаху паласатай палкі, намацаў у кішэні грошы – на ўсякі выпадак. Правілаў не парушаў, будуць чапляцца да дробязей. Заўважыў, што з машыны даішнікаў выйшаў нейкі мужчына ў цывільным, за ім міліцыянер з аўтаматам цераз плячо, таксама ішлі да яго аўтамабіля. І менавіта гэты цывільны першым нахіліўся да адчыненага акна:
– Андрусь Рыгоравіч Жураўлёў? Старшы ўпаўнаважаны аддзела унутраных спраў Валянцін Мохар, – і разгарнуў пасведчанне перад тварам Андруся. – Вы затрымліваецеся па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам… Крымінальнага кодэкса. Выйдзіце з машыны, калі ласка!
– Што? – Андрусь папярхнуўся і закашляўся. – Які яшчэ артыкул, начальнік?
– Махлярства. У буйным памеры. Ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
– Дзе? Дзе я махляваў, з кім?
– Выйдзеце з машыны!
Міліцыянер з аўтаматам стаяў спераду. Яны што, страляць будуць? Што за дрэнь? Андрусь, раз’ятраны, выскачыў з машыны.
– Я ішачу як пракляты на сваёй аграсядзібе, я выконваю дзяржаўную задачу па стварэнні з Беларусі турыстычнай краіны, які я вам махляр?
– Разбяромся, – без інтанацыі спыніў яго цывільны. – Сядайце на задняе сядзенне, пагаворым.
У гэты момант за крокаў колькі да іх збочыў і спыніўся чорны уседарожнік. З яго выйшаў і накіраваўся да іх той самы Антон, з якім чвэрць гадзіны таму размаўляў Андрусь. Ішоў без кульбы. І ў сярэдзіне Андруся засмактала.