Сёння, заходзячы ў дом па ад’ездзе групы расейцаў, аглядваў выбітае шкло ў дзвярах, паламаны ложак, залітыя ванітамі дарожкі на падлозе, падцёкі тых жа ванітаў на сценах, раскіданыя ў самых розных месцах прэзерватывы, і яму балела. Не, ён ужо палічыў грошы – іх хапала на рамонт і навядзенне парадку і яшчэ заставалася. Балела ад іншага: гэта ягоная зямля, ягоны дом, ягоная праца тут, а вось даводзіцца прымаць іх, якія паскудзяць, займаюцца непатрэбшчынай, не проста карыстаюцца, а гвалцяць ягоную маёмасць, ягоную ўласнасць.
Ён бы, як і раней, выклікаў пару жанчын-вясковак, каб вымылі-выдраілі тут усё, бо Тамара пасля першага такога загула гасцей наадрэз адмовілася прыбіраць чужыя ваніты. Але грошай бракавала. У апошнія месяцы ў іхнім горадзе з’явіўся канкурэнт ягонаму бізнесу – яшчэ адна кантора з назвай “Хуткія грошы”. У іх быў свой офіс! Андрусь крадком пабыў там і дапяў: у справу ўкладзены вялізныя сродкі, замежныя прытым – во аўтамабіль з расейскімі нумарамі, прыпаркаваны побач. Новая фірма актыўна рэкламавалася ў мясцовай прэсе, у сеткавых групах. Андрусь пастараўся не адстаць, хоць кліентаў у яго за першы месяц паменшыла ўдвая. А тут званок-папярэджанне: лепей яму заняцца якім іншым бізнесам і не бегаць дробным сабачкам, замінаць сур’ёзным людзям. Андрусь нічога не адказаў, бо што было адказваць? Чым большыя грошы, тым карацейшыя размовы. Пачынаць свой бізнес у блізкім ад яго, але чужым горадзе, сэнсу не было, бо тут ужо такі бізнес існаваў не адзін год.
Ішло лета, наперад прынятыя заяўкі ад такіх падобных кампаній, гэта магло б прынесці неблагі прыбытак. Што праўда, Андрусь пачаў сумнявацца ў слушнасці выбару кантынгенту для сваёй сядзібы. Хай бы прыязджалі якія сямейныя пары з дзецьмі ці хоць ціхія насцярожаныя палюбоўнікі – і так запоўняць сядзібу цалкам. Хай бы карпаратывы былі зрэдчас – свае людзі, выхаваны народ, а як нехта перап’е, дык і павіняцца за яго і паправяць. Але ж, халера, зімой сямейнікі не катаюцца па Беларусі, у міжсезонне адно такія групы прыязджаюць – каб адарвацца напоўніцу ў алкагольным забыцці, бы жывуць апошнія дні і не набралі патрэбнага грузу грахоў перад спускам у пекла. Тамара яшчэ падрабляла ў прыватніка ў краме, а Андрусь звольніўся і ўвесь аддаўся сядзібе – як адкрыліся ды прынялі першых наведвальнікаў. Ну, свой асабісты бізнес трохі займаў часу, дык во цяпер ён накрываўся медным тазам. Куды яму ісці, чым заняцца – прырасло ягонае сэрца да гэтага гаю, дзе ён кожную бярозку з заплюшчанымі вачыма зараз адрозніць, рукамі памацаўшы.
Тамара патэлефанавала, спытала, ці з’ехалі “турысты”, ці прыбраная сядзіба. Андрусь засвоіў: не вернецца з гораду, пакуль не чыста. І што яна такая гідлівая стала? Раней жа неяк мірылася…
Ён заўважыў яшчэ з мінулага года, як змянілася стаўленне Тамары да справы. Тады прымалі групу з сямі чалавек – гэтых самых, якія прыязджаюць на тры-чатыры дні пераўтварыць сядзібу ў мясцовы філіял вуліцы чырвоных ліхтароў. Саміх гаспадароў папрасілі з’ехаць з тэрыторыі сядзібы – каб не перашкаджалі сваёй прысутнасцю. Вяскоўцы затым расказвалі, што сярод гаю ўначы шугала полымя (і з роспаччу Андрусь сам разглядаў вялізнае вогнішча, зламаныя маладыя дрэўцы), і голыя постаці дзявок скакалі вакол, і крык-піск стаяў усю ноч). Гэтыя госці пакінулі срач страшэнны, але да вызначанай сумы дадалі столькі ж ружовымі еўра, а ў пакоі – палова скрыні гарэлкі і колькі бутэлек віна, у халадзільніку – ці не тыднёвы запас ежы на армейскі ўзвод.
Андрусь тады ўзяў грошы, тут жа перадаў Тамары, сам гукнуў яе, каб паказаць здабытак на кухні, але – вось дзе дзіва – вочы Тамары ніколькі не засвяціліся тым знаёмым агеньчыкам жарсці, які раней успыхваў, калі яна трымала ў руках добрую суму.
Яна і надта змянілася за апошні год, аддалілася ад самога Андруся – у рэстаране яны былі два разы за вясну-лета, у лазню пад рознымі падставамі з заўсёдным там, дзяжурным сэксам Тамара адмаўлялася ісці ўжо каторы раз, спасылаючыся на тое, што ёй цяжка пераносіць гарачы дух. Часам з’язджала на дзень-два – у іншыя аграсядзібы, расказвала потым, часцей з сумам, пра тое, як там адпачываюць сапраўды прыстойныя людзі, з дзецьмі, бадмінтонам, гаспадары маюць сталых наведвальнікаў. Андрусю не было часу задумацца над настроем жанчыны – хапала праблем без бабскіх капрызаў.
Сярод тыдня Андрусь прыняў дзіўны званок: малады мужчынскі голас спытаў яго, удакладніў, дзе ён вучыўся, ці ведае некалішняга аспіранта Мацвея Хрысціка. І папрасіў аб сустрэчы, але ў суседнім горадзе, бо яму няма на чым дабірацца, ён з хворай нагой. Ці Андрусь помніць: Мацвей Хрысцік пазычаў у яго грошы? Незнаёмец мае даручэнне вярнуць доўг. Андрусь усхваляваўся, хацеў ляпнуць адразу, што доўг сына цалкам сплаціла маці, але ў час прыкусіў язык – хто ведае пра тое, а маці Хрысціка памерла. Спытаў адно, чаму незнаёмец мусіць перадаць грошы, але той адмовіўся казаць нешта яшчэ – падрабязнасці пры сустрэчы.
Андрусь Жураўлёў выехаў са сваёй сядзібы, а праз колькі хвілін ля яе спыніўся чорны аўтамабіль. Мужчына сярэдніх гадоў – гэта быў Грак – націснуў кнопку званка ля аўтаматычна зачыненых варот.
– Дзень добры, гаспадынька! Ці дазволіце мне адпачыць у вас колькі гадзін? Гэтак здарожыўся – ажно немагчыма!
– Добры… Але на гадзіны – у нас няма такога тарыфу. На суткі сама меней, – лянотна адказала Тамара, дадала: – Як свайго есці няма, то давядзецца пачакаць, згатую. Гэта дадатковы кошт.
– Есці ў мяне з сабой нямала, – паспяшаўся адказаць Грак. – Наконт сутак – ды калі ласка, адчуваю, мне тут падабаецца, такая прырода вакол!
– Дык вы адзін? – Тамара са здзіўленнем зірнула цераз плячо Грака на ягоны аўтамабіль, не пабачыла там жаночай постаці, ураз палагаднела: – Во адчыню вароты, заязджайце!
У невялікім пакойчыку, убраным у чырвона-чорныя колеры з вульгарнай фотарэпрадукцыяй у стылі “ню” на сцяне Грак прылёг на шырэзны ложак і прыкрыў вочы – сем гадзін дарогі стамілі. Тэлефон паклаў на тумбачку ля ложка, праверыў. Ён чакаў званка.
На сярэдзіне шляху Андрусь захваляваўся. У апошнія гады, мажліва таму, што ён жыў на зямлі, у яго абудзілася звярынае пачуццё адчування небяспекі – ён па адным толькі вітанні будучых гасцей сваёй сядзібы мог вызначыць, якія праблемы могуць узнікнуць. У хадзе і позірках вяскоўцаў бачыў іх стаўленне да сябе, у вачах – прыхаваныя пачуцці, часцей – зайздрасць, радзей – грэблівасць. Пяць гадоў мінула з таго выпадку, калі раз’юшаныя мужыкі шукалі па горадзе, яго стрыечнага дзядзьку, які займаўся наймам работнікаў, а тыя пасля траплялі зусім не на прыстойныя заробкі. Не можа быць, каб нехта мог дакапацца да іх сувязяў. Мацвей Хрысцік… Мамчын гонар, надзея ліцэя, шыракалобы ганарысты аспірант. Дзе ты знік? Няма розніцы, твой лёс такі. Твая маці, настаўніца, памерла. Але глядзі ты, бачыла яна сутнасць рэчаў, і ягоную, Андрусеву, сутнасць разгледзела: у зямлі яна. Але той грэблівасці падчас навучання Андрусь ёй не дараваў і не даруе.
Незнаёмец чакаў яго на летняй тэрасе самага вялікага і вядомага кафэ ў горадзе. Ля ягонага крэсла стаяла кульба – па ёй Андрусь, як па ўмоўнай прыкмеце і пазнаў тэлефоннага субяседніка.
– Антон, – паспрабаваў прыўзняцца малады мужчына ў крэсле, Андрусь паспяшаўся падаць руку:
– Андрусь Жураўлёў. Слухаю, – і плюхнуўся ў нагрэты пластык сядушкі крэсла.
– Найперш выбачаюся, што вам давялося ехаць у такі шлях, але, самі бачыце, – Антон скасіў позірк на кульбу. – Вярнуўся жывым і цэлым, а ў сваёй ванне паслізнуўся, – уздыхнуў ён. – Але, да справы. Я быў у адпачынку, сярод маіх сяброў ёсць тыя, хто жыве на Каўказе. Вось і запрасілі ў госці. Там я сустрэў нашага земляка. Разгаварыліся. Гісторыя яго досыць цікавая і нечаканая, але не станем судзіць чалавека, кожнаму, як кажуць, сваё. З ягоных слоў карціна такая: паехаў на заробкі, трапіў у звычайнае рабства, хоць нічога не прадракала такога зыходу. Тры гады быў за рабочую скаціну, але ставіліся да яго з чалавечым клопатам. Зімой у яго было шмат вольнага часу, чытаў тое, што было ў гаспадароў, мусульман. Гаспадар заўважыў цікавасць хлопца да чытання, запрасіў у дом, даў чытаць Каран. То далей штодзень ён прыходзіў чытаць гэтую кнігу, бо выносіць яе гаспадар не дазваляў. Праз два гады Мацвей прыняў іслам – такі вынік. Ён ведае, што маці яго памерла, цікавіўся, намеру вяртацца сюды не мае. Служыць пры мячэці, нечым там займаецца. Ёсць павага, ёсць грошы. Ён успомніў пра сваю пазыку і перадаў мне грошы. Па ягоных разліках, сума на сёння складае каля васьмі тысяч долараў.
Пры гэтых словах Антон дастаў з кішэні таўсматы пачак купюр, паклаў на столік ля сябе.
– Так, з ўлікам штрафу за пратэрміноўку, – хрыпата рагатнуў Андрусь, каб схаваць сваё хваляванне.
Ён паверыў – чаму не паверыць? Вунь жа і кіно нейкае было: савецкі салдат у палон да афганцаў трапіў, пажыў там і стаў мусульманінам, вярнуўся на радзіму дык гарэлку адмаўляўся з роднымі піць. Канфлікт яшчэ здарыўся… Але ты глядзі: і тут гэтаму Монцю пашанцавала! Але чорт яго бяры, няма чаму зайздросціць. Андрусь вагаўся адзін момант: прызнавацца ці не, што маці Мацвея сплаціла доўг? Канешне ж, не! Ці ён дурань, каб адмовіцца ад тых тысяч долараў, якія яму сёння патрэбныя, як карове паша?
– Прабачце, я спытаць, – працягнуў Антон. – На ўсякі выпадак, так Мацвей, там ягонае імя Муці, прасіў: маці ягоная вам доўг не аддавала?
– Ды не, – Андрусь паціснуў плячыма, маўляў: што тут пытацца і дадаў: – У нас жа былі чыста мужчынскія справы, навошта сюды ўмешваць некага трэцяга. Ды і сітуацыя там была досыць асабістага характару. Заходзіў быў аднойчы, спытаць: ці не вярнуўся ён, ды і ўсё.
– Яшчэ момант, – цягнуў нетаропка, ажно Андрусь заёрзаў – хутчэй жа! – Антон. – Пра распіску. Мацвей казаў, была такая…
– Была, ды даўно я яе выкінуў, – хмыкнуў Андрусь. – Навошта яе берагчы? Як ёсць у чалавека сумленне, дык і без распіскі ўсё помніць.
– Зразумела. Што ж, сёння я вам перадаю у якасці доўгу з працэнтамі восем тысяч долараў ад імя Мацвея Хрысціка, бо ні ён сам, ні ягоная маці, ніхто іншы вам гэты доўг не вярталі. Так? – Антон паклаў руку на купюры, збіраючыся пасунуць іх па стале ў бок Андруся.
– Так, – хрыпата прагаварыў Андрусь. Хіба рэальна было уявіць раніцай, што дзень прынясе такія прыемныя нечаканасці?
– Трымайце, – грошы пасунуліся да Андруся. – Вось яшчэ паперы аркуш, калі ласка, для мяне: напішыце, што атрымалі цалкам усё, што вам вінен Мацвей Хрысцік. Я дашлю Мацвею, мы так дамаўляліся.
Андрусь кашлянуў, прачышчаючы горла.