– Які груз прыйшоў? Пра што ты?
– Ды наш груз. Экспедытар з вадзіцелем і яшчэ двое нашых разгружаюць.
– А… Аварыя, рака???
– Ды, як вам сказаць… – замяўся Алесь, у гэты час дзверы прыадчыніліся, зазірнула бухгалтар:
– Дазвольце, Андрэй Кузьміч?
– Заходзьце, Ірына Леанідаўна. Што ў вас?
– Згодна з законам, вы павінны падпісаць загад аб поўнай кампенсацыі мной страт фірме за маю памылку. Вось загад. Грошы я ўжо ўнесла. І яшчэ, – яна вытрымала паўзу, выдыхнула: – Апошні наш банкаўскі крэдыт сёння пагашаны.
Мархель устаў з крэсла.
– Што адбываецца? – ціха, з просьбай у голасе спытаў ён, азіраючы па чарзе Алеся і бухгалтара.
Намеснік уздыхнуў, прызнаўся:
– Адзінае, што мяне прасілі вам перадаць: дзякуй за ваш клопат пра маці Мацвея Хрысціка. Больш я нічога не ведаю.
Грак з Мацвеем сядзелі ў кавярні.
– Іншы раз і даўгі аддаваць – прыемна, – задумліва заўважыў Грак.
– Так, – згадзіўся Мацвей. – Бывае прыемным і абавязак.
– Цяпер, я разумею, будуць даўгі іншага кшталту?
– Тое не ад нас залежыць, – паціснуў плячыма Мацвей. – Але ж аддаць неабходна. Атрымаў адзін, несправядліва забывацца на астатніх. Чаму мы іх павінны забываць?
– Згодзен, няхай атрымае кожны. Каб не казаў, што на яго забыліся.
– Так. Хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным.
Частка 16
Аграсядзіба, некалішні хутар, стаяў далёка ад вёскі, у невялікім гаі, абнесены шчыльным металічным плотам вышынёй у два метры. Група расіян – двое мужчын гадоў па сорак і тры жанчыны, ледзь дасягнуўшыя ўзросту палавой згоды, – выехалі к абеду. Андрусь Жураўлёў, настроіўшы сябе на тое, што гатовы пабачыць любую прыкрасць, рушыў аглядаць сядзібу. «Мы там трошкі сапсавалі, насмецілі, то вось кампенсацыя», – казаў перад ад’ездам адзін з мужчын, кінуўшы на завэдзганы доўгі стол пад навесам купку купюр расейскіх грошай. Мужчына быў шыракаплечы, стрыжаны пад нуль, з-чаго ягоныя і так вялікія вушы здаваліся прылепленымі для нейкага забаўляльнага шоу. Другі, з тварам каўказца, каржакаваты, трохі крываногі, тыдзень цалкам ігнараваў самога Андруся і на Тамару, гаспадыню сядзібу, зіркаў, як на пустое месца.
Зрэшты, і гэты кароткастрыжаны “качок”, і трое даўганогіх распусных дзяўчат, пасяліўшыся на тыдзень у аграсядзібу, ніяк не заўважалі гаспадароў. Жывучы ў маленькім дамку – летняй кухні – ў глыбіні саду, Тамара і Андрусь з першага дня зразумелі, што ім лепш не з’яўляцца на вочы гасцям, бо словы “качка” пра тое, што на гэты тыдзень гасцям патрабуецца поўная вольніца і дах над галавой, мелі самае сапраўднае значэнне. Тамара, выйшаўшы першай раніцай на надворак папытацца: як спалася гасцям на новым месцы, імкліва заляцела назад з вырачанымі вачыма:
– Сорам згубілі! Трахаюцца на арэлях двое, а двое другіх на стале! Голыя ўсе! Ночы ім мала было! Мяне быццам не бачаць, як… як сабака на надворак зайшоў!
Тое, што на сядзібе пад выглядам агратурызму два апошнія гады адбываліся распусныя сексуальныя гульні з нямеранай колькасцю спіртнога, гаспадары ведалі. А дзе яшчэ адарвацца жанатым мужчынам са сваімі гёрламі, як не ў такіх месцах? Хіба не для таго ствараліся гэтыя аграсядзібы? Ну так, Андрусь чуў ад вопытных гаспадароў у пачатку сваёй справы: можна пакрысе заваяваць статус густоўнага, цнатліва-прыстойнага месца адпачынку для багатых сямейных пар ці сямейнікаў з дзецьмі, але то бізнес сезонны, ды і працаваць трэба паслядоўна і настойліва, падладжвацца і дагаджаць, па грыбы-ягады вазіць ці на рыбалку, ферму якую са страусамі ці козамі-авечкамі завесці, пляцоўкі спартыўную ды гульнявую зрабіць. І чакаць доўга, пакуль пагалоска пойдзе, збяруцца сталыя наведвальнікі. Прасцей – звычайны бардэль, замаскіраваны шыльдай агратурызму. Некалькі пакояў для сну, двор з мангалам, лазня абавязкова. Вялікую залу мець – для карпаратываў на чалавек дваццаць. І маеш кліентаў цягам году. Ну так, слава пра цябе пойдзе адпаведная, кантынгент “турыстаў” будзе асаблівым, затое будуць грошы. Праўда, пасля кожнага заезду давядзецца недзе фарбаваць-шкліць-пераклейваць. Балазе, такія госці з аднаго намёку кампенсавалі шкоду – са сведкам тваіх гуляў няварта псаваць адносіны. Гаспадар хоць і запісвае для сваіх справаздач левыя пашпартныя даныя, а нумары аўто?
Але ж зазвычай госці хоць і пазбаўляліся ўсякіх рамак прыстойнасці, зачыніўшы за сабой дзверы, бачылі ў гаспадарах людзей. Трапляліся розныя, канечне: пужлівыя, як злодзеі, фанабэрыстыя. І пагардлівыя. Апошнія паводзілі сябе з гаспадарамі так, як чалавек паводзіцца побач з хатняй коткай. І Андруся гэта, кажучы па-простаму, вар’явала. Як і Тамару, бо да ўспрымання навакольнага свету яны былі вельмі блізкія, што і садзейнічала іх збяганню пад адзін дах не столькі з мэтай стварэння сям’і, як прынята яе разумець, а з мэтай атрымання грошай.
Сышліся яны на заводзе, дзе Андрусь у якасці інжынера-праграміста мусіў адпрацоўваць свой тэрмін па размеркаванні. Даволі буйны райцэнтр паспрыяў таму бізнесу, пра які марыў Андрусь, а тут і заканадаўства паклапацілася: грошы афіцыйна магчыма даваць у доўг пад любыя працэнты. Андрусь на рабочым камп’ютары надрукаваў першую сотню абвестак – і справы пайшлі. Вядома, без рызыкі ніяк: прыстойныя на першы погляд пазычальнікі не ў адным выпадку выяўляліся звычайнымі алкашамі, якія спецыяльна ідучы па абвестцы “Хуткія грошы” старанна галіліся і апраналі свой касцюм, які вісеў у шафе з часоў іхняга вяселля самотным прыстойным гарнітурам. А потым яны знікалі. Давялося наймаць “выбівалу”, былога амапаўца, выгнанага за п’яную бойку з саслужыўцамі і камандзірам. Амапавец, вясковы дзяцюк, якому б па меху мукі насіць на кожным плячы на якім млыне, быў тупым да ідыятызму, што, зрэшты, не перашкаджала яму збіраць даўгі, чвэрць якіх клалася ў ягоную асабістую кішэню па ўсіх правілах дамоўленасці.
Тамара гэтаксама прыйшла па абвестцы і здзівілася, пабачыўшы інжынера завода, які сядзіць ад яе праз кабінет і даўно абмяркоўваецца сярод жанчын як даволі перспектыўны жаніх. На той час Тамара мела бацькоўскую двухпакаёўку, жыла ў ёй адна, бо самі бацькі з’ехалі на дзядзіну. Тамара разгубілася толькі на імгненне, а ў наступнае ўжо прапанавала за пазычаныя грошы, якія мелася патраціць на новы тэлевізар, адпрацаваць спаўна: прыняць да сябе на кватэру халасцяка, бо чаго яму душыцца ў завадскім інтэрнаце, а ў яе пустуе шыкоўны пакой з еўрарамонтам? Яшчэ гарантаваны абед-вячэра, ды і ложак перад сном Тамара можа пагрэць, але тут плата асобная.
Андрусь прыкінуў сваім матэматычным розумам: выгоды для цела і духа былі непараўнальна большымі за грашовыя траты. Паразумеліся. Праз дзень Андрусь перасяліўся да Тамары. Пакрысе яны адчулі, што ў многім падобныя адзін да аднаго, сходзяцца ў галоўным: грошы не пахнуць, і дзеля добрых заробкаў можна і забыцца на тое, што гнілая інтэлігенцыя заве сумленнем. Тамара добра ведала свой горад, яна старанна “падчысціла базу кліентаў” Андруся, каб было як мага менш рызыкі. За год яны зблізіліся. Не, не ў плане фізічным – секс у іх як здарыўся ў першы вечар прыезду Андруся, так і заставаўся звычным дапаўненнем да пераліку паслуг гаспадыні кватэры, за якія Андрусь плаціў і маўчаў, бо разумеў усю рацыю Тамары. Якраз яны зблізіліся настолькі, каб той секс стаў бясплатным. Грошы на прадукты выдаваў Андрусь, а гаспадыня выключыла ўслед за сексам з ліку платных паслуг пранне ў машыне бялізны Андруся і гатаванне абедаў. Затое раз на тыдзень яны ехалі ў які бліжэйшы горад (у сваім надакучыла) у рэстаран на толькі набытым Андрусём аўтамабілі, і плаціў за гэта сам Андрусь. Ён аплачваў палову камунальных паслуг і дадаваў “кватэрныя” – Тамара збірала гэтыя грошы на свае жаночыя мэты. Два гады запар яны ездзілі адпачываць у Турцыю.
Памерла бабуля Тамары па кудзелі, паехалі яны на хаўтуры ў далёкі ад іх раён, Андрусь трапіў у вялікі пяцісценак на хутары сярод бярозавага гаю. Мабыць, спрадвечна-сялянскае абудзілася ў ім ад магчымасці быць тут гаспадаром, і ён застыў, уражаны гэтым пачуццём: гэтае велічэзнае месца з зямлёй, бярозкамі, домам, хлявамі і адносна новай лазняй можа быць тваім, цалкам тваім! Свая вотчына! Зямля свая! Гэта пачуццё настолькі ашаламіла Андруся, што ён летуценна блукаў між бярозак у той кастрычніцкі дзень, пакуль у хаце стаяла труна з нябожчыцай. Пачуў, што хата цалкам перададзена па завяшчанні Тамары, і стаў лічыць хутар сваім.
Ідэю пра занятак агратурызмам ён выклаў Тамары адразу пасля хаўтураў. Тая згадзілася, бо перад ёй былі прыклады паспяховага падобнага занятку: былая сяброўка літаральна захварэла на гэта і раскруцілася за год так, што яе некалішні нязграбны цагляны дамок стаў сапраўдным церамам. Там яна колькі разоў прымала Тамару на берагу сажалкі-копанкі з зялёнай вадой, а муж смажыў шашлыкі і падносіў ім мяса на падносе з сапраўднага срэбра і наліваў віно.
Частку грошай ад свайго бізнесу “Хуткія грошы” Андрусь уклаў у рамонт і будоўлю на хутары “Гаёк”, як назвалі афіцыйна зарэгістраваную аграсядзібу. На добры розум, варта б было зарэгістраваць шлюб з Тамарай, але, па-першае, Андрусь меў свой бізнес, якім яму не хацелася ні з кім дзяліцца, нават з Тамарай. Па-другое, ён не бачыў ніякіх прычын, якія б маглі выклікаць расколіну ў іх адносінах: яны настолькі ведалі адзін аднаго і настолькі дазвалялі волі ў паводзінах, настолькі супадалі ў сваіх жаданнях і мерах па іх дасягненні, што разрыў не уяўляўся чыімсьці рэальным. Што праўда, пра дзяцей яны, ужо чатыры гады жывучы разам, ніколі не загаворвалі. І пра шлюб афіцыйны маўчалі абое. Але жылі як спраўная сям’я – і сваркі надараліся яшчэ якія. Бо Андрусь характар меў запальчывы, як што не па ім, то ўзрываўся, ажно пена ля рота збіралася. Выпіваў ён рэдка, перабіраў норму, дык было адно з двух: альбо такі ўжо лагодны і на ўсё згодны, ці – неўтаймаваны ў сваёй злосці немаведама на што і каго. Пры ўсім гэтым Тамара ніколі не саступала ні ў чым Андрусю, ці цвярозы ён слінай пырскаў, ці п’яны скрыгатаў зубамі і сціскаў кулакі. Калі-нікалі яна сама правакавала Андруся словам ці жэстам, можа, карцела ёй даведацца мяжу агрэсіі мужчыны. Упэўненая ў сабе – яна ў фізічнай сіле наўрад бы саступіла Андрусю. Ды магла б хапіць для абароны якую палку ці што іншае, што трапілася б пад руку. Яна адчувала сваю самастойнасць, незалежнасць ад Андруся: сядзіба была яе, а што ён сюды грошы свае укладваў, дык жа і яна жылы тут ірвала. Сам Андрусь маўчаў пра дзяцей і сям’ю па той прычыне, што гэта ўвогуле яшчэ не займала яго думкі. Напачатку стаць моцна на ногі самому, мець надзейную крыніцу даходаў, разгарнуць справу, каб не хвалявацца за заўтрашні дзень. Андрусь, перад тым, як вырашыў укласці грошы ў сядзібу, дакладна палічыў: за тры-чатыры гады ён верне ўкладзенае, бо вывучыў гэты бізнес на прыкладзе многіх гаспадароў аграсядзіб – цэлую зіму ездзіў, распытваў, вучыўся. Што праўда, пакуль усё заробленае ішло зноў у справу, мусова было…