Ён заплакаў п’янымі буйнымі слязьмі, плечы яго трэсліся, у шклянцы боўталася і плюхалася на паліраваную стальніцу налітае.
Так пачаліся непрыемнасці.
Мархель угаварыў Сяргея ехаць у Ізраіль, класціся ў клініку. З абаротных сродкаў фірмы давялося выдаткаваць суму на лячэнне. Непрыемнасці здарыліся ў асабістым жыцці Мархеля – вярнулася з Польшчы дачка. З дзіцём. Яе сужыцель застаўся ў замежжы. Не, Мархель не ўпікаў сябе тым, што варта было б прыкрыкнуць па-бацькоўску напачатку іх стасункаў. Знялі там кватэру, сабраліся нараджаць дзіця, а каб хоць неяк аформіць свае адносіны – ім не важна. Але і сам Мархель, і жонка Таццяна прынялі новыя формы сумеснага жыцця моладзі як змену часін году – што тут паробіш? Таму не ганілі, шчыра перажывалі за дачку – яна знаходзілася ў рэальнай дэпрэсіі з-за здрады, і радаваліся ўнуку. Будучыня дачкі і ўнука малявалася імі ўсё адно ў светлых фарбах – змаглі назбіраць грошай, каб пачаць будаўніцтва кватэры для яе ў новым доме, а што без бацькі дзіцё, дык тое – пакуль, усё яшчэ пачынаецца.
Але тут пакацілася, бы ком з гары. Планавая, не нейкая там нечаканая, а планавая праверка, да якой кожны бухгалтар абавязаны падрыхтавацца, выявіла парушэнні. І там, дзе наступствы абяцаліся быць самымі непрыемнымі, – у аплаце падаткаў і адлічэнняў у пенсійны фонд. Штраф быў велізарны. Бухгалтарка, вопытная, далёка не першай маладосці жанчына, сядзела ў сваім кабінеце, які наскрозь прапах валяр’янкай і карвалолам. Яна не магла толкам адказаць, якім чынам здала маху. Ну так, яе сын трапіў у аварыю паўгода таму, адтуль і пацягнулася нітка памылак…
Іншага выйсця Мархель не бачыў, падзяліўся сваімі думкамі з жонкай і аплаціў штраф тымі грашыма, які былі падрыхтаваныя на будаўніцтва, бо грошай у фірмы катастрафічна не ставала: нельга было ні ў якім разе скарачаць колькасць спажыўцоў, якіх у жорсткай канкурэнцыі ўдавалася утрымліваць якасцю паслуг і меншымі коштамі.
Адной раніцай Мархеля чакалі тры лісты з прэтэнзіямі: устаноўленая ліцэнзійная праграма прапрацавала два тыдні ў спажыўцоў і непрадбачана запатрабавала аплаты за дадатковую рэгістрацыю. Ён даручыў аддзелу закупак звязацца з пастаўшчыком, праз дзве гадзіны яму даклалі: пастаўшчык знік. Яго шукаюць не адны яны. Вытворца праграмнага прадукту паведаміў, што ліцэнзіі той фірме на пастаўку свайго прадукту не выдаваў.
Апошнія грошы фірмы Мархель патраціў на паўторны закуп праграмнага забеспячэння ў вытворцы і бясплатны пераналад праграм у спажыўцоў.
Склад быў пусты. Ранейшы крэдыт банку фактычна не было чым плаціць – з-за гэтага знізілі на колькі маглі і затрымалі зарплату работнікам. І тады прыйшло паведамленне – выйграны тэндар на пастаўку камп’ютараў і іх праграмнае забеспячэнне ва ўніверсітэт. Гэты заказ мог выратаваць становішча. Мархель звязаўся з іншым банкам. Безумоўна, навіны пра захварэлага кіраўніка і велізарны штраф распаўсюдзіліся па гэтых сферах. Крэдыт давалі пры ўмове забеспячэння. Забяспечваць не было чым, акрамя свайго жытла. Мархелю нічога болей не заставалася. Таццяна выслухала ягоную просьбу моўчкі і сказала: “Я з табой”.
За тры дні змаглі падпісаць дамовы з усімі пастаўшчыкамі, аплаціць крэдытнымі грашамі пастаўку. Пацвердзілі гатоўнасць выканаць умовы тэндара. Аўтамабіль пайшоў за аргтэхнікай у Германію. Увесь час вадзіцель і экспедытар (ён жа атрымліваў і праграмнае забеспячэнне) былі на сувязі. Пасля праходжання мытні, калі да дому заставалася нейкіх чатыры сотні кіламетраў, сувязь знянацку перарвалася. Толькі праз пяць гадзін пазваніў экспедытар:
– Андрэй Кузьміч, бяда… Паехалі па старой Брэсцкай трасе – хацелі зэканоміць, каб не плаціць за дарогу. Пераязджалі мост, лівень сыпануў. Сустрэчны аўтамабіль занесла, лоб у лоб. Нас выкінула з моста, у раку. Віцька, вадзіцель, у бальніцы, траўмы розныя, пераломаў няма. Груз увесь на дне ракі, там тры метры глыбіні. Даруйце…
Мархель асэнсаваў, што гэта – крах.
Ён адкрыў бутэльку віскі, якую не дапіў раней Сяргей, наліў палову шклянкі і паўтарыў у думках пытанне, якое гучала ў гэтым кабінеце: “За што?”.
Таццяне дома ён напачатку не прызнаўся. Але сёння немагчыма было схаваць хоць нешта – у сеціве імгненна разнеслася інфармацыя аб здарэнні. Называлася і фірма, гаварылася пра тое, як мясцовыя хлапчукі даставалі з дна ракі камп’ютары ў надзеі нечым пажывіцца. Груз расцягнулі за лічаныя гадзіны. Экспедытар бездапаможна сядзеў гэты час на беразе. Спыніць рабаўніцтва ён не мог ды і сэнсу не было – аргтэхніка была загубленая. Да яго прыехаў Алесь, намеснік Мархеля, прывёз грошы, якія былі апошнімі асабістымі дырэктара фірмы, – каб выцягнуць аўтамабіль з ракі.
Ля іх двух, сядзеўшых бяздумна на ўзбочыне дарогі, прыпыніўся вялікі чорны аўтамабіль. Яны не павярнулі галоў. Падышоў мужчына, сеў гэтаксама, бы знаёмы, побач, глядзеў, як трактар цягне, а кран падважвае аўтамабіль.
– Непрыемнасці, – паспачуваў раптам мужчына.
– Больш чым непрыемнасці, – адгукнуўся Алесь.
– Дык трэба вырашаць гэтыя непрыемнасці, каб яны не сталі праблемай, – заўважыў мужчына, дадаў: – Няма сэнсу глядзець на тое, што памерла, яно не ажыве. Паедзем!
– Куды? – Алесь няўцямна выпучыў вочы на мужчыну.
– Пра гэта і пагаворым…
Ішоў трэці дзень. Па часе быў якраз абедзенны перапынак. У памяшканнях і кабінетах было бязлюдна – Мархель усіх адправіў у адпачынак. Пакуль у адпачынак. Адзінае, над чым ён думаў: дзе знайсці хоць колькі грошай, каб выплаціць работнікам зарплату перад закрыццём фірмы. Кватэра была закладзеная, банк яе з часам адбярэ. Аўтамабіль каштаваў трохі грошай, але іх не хапала. Бацькоўскі дом пад горадам можна было прадаць, але ён – стары, возьмуць хіба як пляц, ды і месца не надта выгаднае: газ не падведзены, водаправода няма. Ды самім жа недзе трэба жыць… Ён шукаў у сеціве таго, каму б прадаць не новую офісную мэблю разам з аргтэхнікай, таксама не новай. Пакупнік быў адзіны, прапанова ад яго была проста смешнай – амаль задарма.
Мархель зрабіў чарговы глыток са шклянкі, баўтануў бутэльку – заставалася крыху. Гэта было апошняе – купіць больш не было за што.
У глухой цішыні пачуліся крокі, нягучна ляпнулі дзверы, данесліся галасы. Мархель, здзіўлены, прыслухаўся. Знаёма рыпнула шафа сакратаркі. Ён пасядзеў яшчэ хвіліны тры ў неўразуменні, потым выйшаў з кабінета. Сакратарка радасна ўсміхнулася яму, павіталася, утаропілася зноў у манітор. Ён адказаў на прывітанне, пайшоў па калідоры, зазіраючы ў кабінеты. Ва ўсіх працавалі ягоныя работнікі, узнімалі галовы, віталіся.
Ён вярнуўся ў прыёмную, у няўцямнасці спыніўся:
– Волечка, што адбываецца?
– А што такое, Андрэй Кузьміч? – здзіўлена ўзняла бровы сакратарка. Працуем…
Ён зайшоў у кабінет, націснуў кнопку выкліку свайго намесніка.
– Алесь? Ты на месцы? Зайдзі, калі ласка.
Той зайшоў, павітаўся ад парога, Мархель ступіў яму насустрач, каб паціснуць руку.
– Навошта вы, Алесь? Не мае ж сэнсу, разумееш? – ціха спытаў, апусціўся ў крэсла.
– Не разумею вас, Андрэй Кузьміч, – загадкава ўсміхнуўся Алесь. – Усё нармальна, працы многа – груз прыйшоў, ідзе прыёмка-разгрузка, на заўтра рыхтуем каманду на падключэнне і ўстаноўку праграмнага забеспячэння. Тэрміны падціскаюць, то дазвольце скарыстацца спецыялістам з боку? Навучым на месцы, там няма складанасці.