– Ты адкуль даведаўся пра Паліну і Кацярынку?
– Ну, хлопча, ты пра Паліну раней расказваў, лагічна было дапусціць, што яна цяжарная была. І як яе прыняла твая маці, як ты сам пра яе адгукаўся. Ну і прызнаюся: я ў горад твой паўдня таму прыехаў, сёе-тое паспеў даведацца, не крыўдуй. Не ісці ж з пустымі рукамі!
– Разведчык – гэта назаўсёды, – падначыў Мацвей, пасур’ёзнеў, спытаў паўшэптам: – Што з тваімі справамі, раскажаш?
– Чаму не? Норм. Два абгарэлыя трупы замест былой жонкі і былога сябра, – гэтак жа ціха адказаў Грак. – Але мае рукі чыстыя.
– Што здарылася?
– Здараецца ўсякае… Некалі старыя людзі казалі: на чужым няшчасці свайго шчасця не пабудуеш. Такая банальная ісціна. Ён ужо ў запасе быў, яна працаваць не пайшла, бо ніколі не працавала, жыла на мае заробкі раней, цяпер – на ягоную пенсію. Пілі абодва добра, скаціліся. Асяродак быў адпаведны. Ну, неяк майго былога сябра сустрэў адзін чачэнец. Можа і не чачэнец, каўказцаў у тым горадзе шмат, і не ўсе яны добра жывуць, так што знайсці патрэбнага чалавека мне не цяжка было. Чачэнец апавёў майму былому сябру, што я быў у палоне, але меў многа грошай – схованку ў гарах знайшоў бандыцкую. Але захварэў ды памёр, а частку грошай папрасіў чачэнца перадаць жонцы. Яшчэ важна было даведацца чачэнцу: якім чынам я ў палон трапіў ды неяк “аддзячыць” вінаватаму. Мой былы сябар расказаў пасля трох шклянак гарэлкі ў старым гарадскім парку, дзе яны сустрэліся: той асабіст мяне здаў. Бо даведаўся ад некага, што я збіраюся высачыць ягоную схованку ды закласці начальству. І спаліўся мой сябра: нікому ж я пра свае планы не казаў, толькі яму самому. Значыць, ён нашаптаў асабісту. Пацвердзіліся здагадкі. А далей сябра мой горача расказваў, як мяне спрабаваў адшукаць, як ледзь не загінуў, паранены быў нават. І што нібыта ўсе свае грошы патраціў на тое, каб падкупіць каго з баевікоў, абы на мой след выйсці. Карацей, залаты мой сябра! Той чачэнец пытаўся пра маю былую жонку – ёй жа трэба было грошы перадаць, многа грошай. Тут мой былы сябра кінуўся адгаворваць: няварта тое рабіць, бо гуляла мая жонка з нейкім там, не чакала, не сумавала. І ў гэтыя дні жыве абы з кім і абы як. Але чачэнец упарты быў: яму абавязкова апошнія словы мае выканаць. Мой сябра грошай трохі атрымаў, нібыта за тыя ім патрачаныя, вечарам той чачэнец прыйшоў да маёй былой жонкі. Ён мне пазней паказваў фотаздымкі… Гарэлка робіць з жанчынай страшныя рэчы, вось што табе скажу. Чачэнец і прысмакаў прывёз: каньяк, закуску. І сябра майго былога там сустрэў. Той апраўдваўся: маўляў, падтрымліваю, як магу, жонку лепшага сябра. Чачэнец развітаўся, там гулянка да раніцы, прачнуліся – зноў пілі. Суседзі казалі, цэлая хеўра сабралася. І так з тыдзень працягвалася. Адной ноччу – пажар у кватэры. Пажарныя прыехалі, полымя шугала з расчыненага акна. На адным трупе знайшлі след удару нажом, у другога – разбітая галава. Не удакладняў, каго білі, каго рэзалі. Вось і фінал.
– Страшны…
– Заканамерны. А я на радзіме маці пабыў, дамок там прыгледзеў. Слухай, возера побач, лес дзіўны. Хацеў наняць рабочых, каб парамантавалі, але вырашыў сам рабіць. Закончым з усімі справамі, паехалі, з’ездзім, адпачнём! І сваіх бяры. Яшчэ, слухай, я наведаў нашу схованку. Большасць з тых рэчаў, што ляжалі ў скрыні, забраў. Усё ж каштоўнасць, можа, знойдзем прымяненне. Ці хоць у музей які перадаць. А там прападуць. Але! Ты як пачуваешся? Бачу, у цябе тут, прабач, такі утульны сусвет! Што рабіць думаеш? Можа, фірму якую адкрыем?
– Потым фірму. Мне Паліна апавяла, як яны жылі з маці гэтыя гады. Я табе перакажу. Ёсць адзін журналіст, без працы сядзеў, зараз ён расшуквае ўсю патрэбную інфармацыю. Ты мне падкажаш: што рабіць. І заадно падумаем, ці варта рабіць…
Паліна паслала Граку на канапе ў вялікім пакоі. Сабе і Мацвею – у ягоным.
– Першы раз я сцялю пасцель нам абаім, – задумліва казала яна, сеўшы на край канапы, усміхнулася. – Дзіўна так…
– Што дзіўна? – асцярожна спытаў Мацвей.
– Ды як чужы чалавек з’явіўся ў кватэры, я раптам адчула сябе нібыта тваёй жонкай.
Мацвей асцярожна націснуў на плечы Паліны, прымушаючы яе легчы, нахіліўся над яе тварам, лёгка пацалаваў у мяккія вусны.
– Хіба мужчыне трэба менавіта жонка, а жанчыне – муж? Мне дык трэба жанчына, якая і сябар, і гаспадыня ў хаце, і каханка. І я рады бачыць гэта ў табе…
Праз два дні Мацвей сустрэўся з журналістам Антонам. Той перадаў яму два вялікія канверты, у якіх былі не толькі паперы, а і колькі здымкаў.
– Усё, што змог нарыць па Андрусю Жураўлёву і Мархелю. Што тычыцца таго працадаўцы, які збег у Расію… На жаль, сляды згубіліся, са сваімі сябрамі тут ён ніяк на кантакт не выходзіць. Але ў мяне маецца некалькі кропак правераных, як ён хоць з некім тут звяжацца – нам стане вядома.
– Дзякуй. У мяне няма надзейных сяброў, крамя цябе і яшчэ аднаго чалавека, з якім разам цярпелі, то я цябе папрашу аб дапамозе іншай, не адмовіш? Не за бясплатна.
– Калі дапамагаць, дык дапамагу і бясплатна.
– Усякая работа павінна аплачвацца, кажа мой сябра…
У нейкі момант сваёй навуковай і прафесійнай кар’еры Андрэй Кузьміч Мархель зразумеў, што яго сапраўднае пакліканне – не ў чыстай навуцы. Яму не стаць выбітным вучоным, адкрывальнікам і вынаходнікам, не зрабіць важкі ўнёсак у абранай тэме. Яму наканавана было быць настаўнікам – тым сапраўдным, якога з часам пераўзыходзяць ягоныя вучні. Многія з іх, успыхваючы зоркамі рознай велічыні ў розных тэмах і абласцях, называлі яго імя з трапяткім хваляваннем і ўдзячнасцю, але Мархель ніколі не крыўдаваў на тых, хто забываўся на яго, атрымаўшы першае навуковае званне. Своеасаблівы талент пабачыць сярод студэнтаў другога-трэцяга курсу будучых таленавітых вучоных цаніўся рэктаратам універсітэту, апекаванне шматлікімі вучнямі забяспечвала збольшага матэрыяльнае становішча, якое дазваляла навучаць у Польшчы адзіную сваю дачку Марыну.
Рэха тых палітычных падзеў, якія увайшлі ў гісторыю новай Беларусі як “Плошча-2010”, адбілася ў калідорах універсітэта рэзананснай хваляй – рэктар меў на руках спіс з больш чым трыма дзясяткамі прозвішчаў студэнтаў, якіх належала у самы кароткі тэрмін адлічыць на любых знойдзеных падставах. У гэтым спісе было сямёра вучняў Мархеля. На пасяджэнні ў рэктара ён запальчыва выступіў у іх абарону, на гэты раз залішне эмацыйна і безразважліва – толькі дурань мог не разумець, што за незнаёмы мужчына сярэдніх гадоў у чорным гарнітуры туліўся асобна ад усіх у куточку кабінета рэктара.
– Моладзь на тое і моладзь, каб рабіць памылкі, каб разбіваць ілбы, бо так яна набывае сапраўдны вопыт. І вопыт ва ўсім! – даводзіў ён рэктару і калегам і не сустракаў ніводнага адкрытага позірку. – Мы рыхтуем вучоных, мы ў адказе на навуковы патэнцыял краіны! І нельга дапускаць страты хоць адной таленавітай асобы. Не хопіць сабак пазычаць вочы, калі сёння выганім з універсітэту магістранта, ён з’едзе на Захад і праз пяць гадоў стане лаўрэатам Філдаўскай прэміі!
Ні гэтае выступленне, ні сустрэчы сам-насам з рэктарам, Вітольдам Прыходзькам, не дапамаглі. Студэнтаў і двух аспірантаў адлічылі. Сярод іх быў і Мацвей Хрысцік. Гэта выклікала буру ў душы Мархеля. Ён, маючы за спінай немалы жыццёвы вопыт, мусіў прызнаць, што далёка не ўсё ведае аб сённяшнім палітычным жыцці – яго праз тыдзень пасля пасяджэння ў рэктара выклікалі туды зноў і ён даведаўся, што працяг працоўных адносін з ім выклікае пытанні. Вечарам Мархель выпіў дома два кілішкі гарэлкі, выказваў сваё абурэнне жонцы Таццяне. Разнерваваўся, падскочыў ціск, які не збілі дзве выпітыя пігулкі. Знянацку анямела левая рука, не згіналася левая нага ў калене. Таццяна выклікала хуткую і Мархеля шпіталізавалі. Дыягнаставалі мікраінсульт. Два тыдні ён правёў у бальніцы, узнавілася работа ўсіх мышцаў, яшчэ два тыдні прабыў на амбулаторным лячэнні. Па пошце яму даслалі паведамленне аб тым, што рыхтуецца скарачэнне кафедры.
Заходзіў сябар дзяцінства, з якім некалі пачыналі асвойваць навуку. Сяргей, так звалі сябра, паспрабаваўшы хлеба малодшага навуковага супрацоўніка, плюнуў быў з горыччу, расчараваны перспектывамі і сваёй жабрацкай зарплатай (быў на той час жанаты), падаўся ў камерцыю. На той жа шлях стаў угаворваць Мархеля:
– Андрэй, дзяржаве на цябе напляваць, чаму ты абавязаны пра яе думаць? Ну смешна ж! Апосталам хочаш тут стаць? Ты дагэтуль думаеш, што ім патрэбныя сапраўды добрыя вучоныя? Чуў апошняе выступленне кіраўніка акадэміі? Мы маглі ўявіць дваццаць гадоў таму, каб такую ідэалагічную пустапарожнюю херню замест праграмных слоў нёс той, які стаіць на чале ўсёй навукі краіны? Мы сталі служкамі, навука сёння мусіць шукаць гістарычнае, ідэалагічнае і нават навуковае абгрунтаванне гэтага рэжыму. Не будуй ілюзій! Якая матэматыка? Якія прарывы? Ды яны ў кітайцаў купяць, кітайцаў запросяць і кітайцы ім пабудуюць! Пайшлі да мяне, дам табе месца намесніка, мне неабходны надзейны чалавек на перамовах, які б за мяне іх вёў. Пастаўка аргтэхнікі з ліцэнзійным праграмным забеспячэннем, ніякага крыміналу, ніякіх левых схем, рэальны чэсны бізнес!
Мархель згадзіўся. За год ён асвоіўся, на другі замяняў сябра на час ягонага адпачынку. Справы ў фірмы ішлі няблага, вырашылі расшырацца – уклалі прыбытак у арэнду і аздабленне новага сэрвіснага цэнтра ў перспектыўным раёне горада. На чацвёртым годзе Сяргей пасля вымушанага наведвання доктара зачыніўся ў сваім кабінеце, і Мархелю давялося выклікаць слесара, каб ускрыў замок. Сяргей за сваім сталом, безуважны да таго, што ягоныя дзверы ўзламалі, піў. На стале ўжо стаяла адна парожняя бутэлька, ён наліваў з другой.
– У мяне рак, дружа, – падняў ён галаву да Мархеля, крыва пасміхнуўся. – Не, ты падумай: рак прамой кішкі! Сорам каму сказаць…
– І ты вырашыў яго лячыць віскі? – толькі і спытаў ашаломлены Мархель.
– Ты не уяўляеш, колькі я за сваё жыццё не дапіў! – усё гэтак жа крыўляючыся, працягнуў Сяргей. – Бізнес і гарэлка – рэчы несумяшчальныя, я тое ад пачатку ўсвядоміў. І не піў. З дрэннымі дзяўчынкамі не гуляў. Не пераядаў. Не падманваў, не забіваў, не краў! І вось… За што? За што, Андрэй? Ён там, на небе, за што на мяне наслаў хваробу? Яму не спадабалася, што царква, якую на нашы грошы пабудавалі, маленькая выйшла? Дык жа і вёска маленькая, навошта там гмах! Ці ягоныя планы парушылі, як на лячэнне маладой жанчыны фірма ахвяравала і тая ў нас працуе, здаровая і шчаслівая? Ты мне скажы: за што?