– Грошы дамовіліся. Не пытайся, у мяне хопіць на гэта. Машыну пакінеш там, раптам трэба пад’ехаць куды, ды і назад вяртацца вам самім. На расходы… – Мацвей выцягнуў кашалёк, дастаў картку, працягнуў. – Пін-код не складаны, запомніш, картка безыменная, не хвалюйся. Траць, без лішняй сціпласці. У клініцы таксама дай зразумець медсёстрам, санітаркам, што аплаціш розныя дробязі. Хай будуць лагодныя.
То была першая ноч, у якой Мацвей і Паліна засталіся ў кватэры зусім адны, і гэта было нечакана гнятліва. Паліна прыйшла ў пакой да Мацвея:
– Не магу адна. Мне страшна.
Яны ляжалі, выключыўшы святло. Паліна паклала сваю галаву на закінутую руку Мацвея, прашаптала:
– Праз столькі гадоў злыбедаў ты прыйшоў да нас, бы той анёл. Так усё было добра…
– Будзе лепш. Кацярынка паправіцца, і будзе лепш…
Праз два тыдні Паліна з дачкой вярнуліся з клінікі. Мацвей быў на занятках у аўташколе, не схацеў, каб Паліна прыязджала за ім. І хоць яна папярэдзіла яго – нічога не купляць, бо яна заязджала ў гіпермаркет, ён прыпыніўся ля гандлёвага цэнтра ў разгубленасці, зайшоў у невялікі магазінчык дзіцячых цацак і ўзяў тое, што трапілася найперш на вочы – вялізны набор лега. Падумаў: такая гульня спакойная.
Паліна адчыніла дзверы, адступіла ўбок. Кацярынка, ружовенькая, з зачасанымі назад русявымі кучаравымі валосікамі, у новай сукенцы і новых туфельках стаяла і ўсміхалася яму. Мацвей прысеў, разгублены і раптоўна расчулены гэтай безабароннай дзіцячай усмешкай. Дзяўчынка зрабіла крок насустрач, нясмела абняла яго за шыю і прыціснулася з невыказнай пяшчотай.
– Дзякуй скажы, Кацярынка, – ціха нагадала ёй Паліна, а Мацвей узняў асцярожна дзяўчынку на рукі, пакінуўшы на падлозе каробку з лега.
– Яна мне ўсё сказала, – ён вольнай рукой крануўся плячэй Паліны.
У той мокра блішчалі вочы.
Яны не першы раз вячэралі разам, але гэтая вячэра была не падобнай ні да якой іншай – Кацярынка сядзела не ля маці, а ля Мацвея.
Назаўтра, застаўшыся сам насам з Палінай на кухні, Мацвей загаварыў:
– Паліна, не ўспрымі гэта як свой абавязак расплаціцца са мной. Гэта мая асабістая просьба, якая не мае дачынення ні да цябе, ні да Кацярынкі. Той Раман… Я казаў табе: маю усе падставы думаць, што ён адыграў у маім лёсе далёка не апошнюю ролю. Прашу цябе мне дапамагчы.
– У чым? – наструнілася Паліна.
– Калі ён сапраўды вінаваты, ён мусіць адказаць. Мяркую, цяпер у яго шчаслівае жыццё з той жанчынай, якую я быццам кахаў. Хоць наўрад ці было гэта каханнем, але на той час яна была адзіная, з кім я меў стасункі, – і нечакана для сябе Мацвей апраўдаўся: – Не думай, у нас з ёй нічога не было. Ты – першая жанчына ў маім жыцці.
– Ты ў мяне таксама першы, – ціха адказала Паліна, ўсміхнулася на запытальнасць на твары Мацвея. – Першы, бо з табой я адчула сябе жанчынай. Шчаслівай жанчынай. Што ты хочаш?
– Я прашу цябе звярнуцца ў суд на устанаўленне бацькоўства Кацярынкі. Каб правялі генетычную экспертызу. Далей – з заявай на спагнанне аліментаў за ўсе гады. Плюс – затраты на неабходную аперацыю Кацярынкі.
– Я не хачу ад яго ніякіх грошай! – гукнула Паліна, зразумела, што зусім іншае меў на ўвазе Мацвей, сцішылася: – Прабач… Я ляпнула глупства.
– Ну, не глупства, мне прыемна такое пачуць, – прызнаўся Мацвей. – Грошы заўсёды ёсць куды падзець, каб былі на карысць. Зробіш?
– Зраблю. Заўтра ж пайду ў суд.
Частка 15
Мацвей стаў злёгку трывожыцца: ці не здарылася чаго, бо ж месяц мінуў. У тым, што сябар стрымае сваё слова і прыедзе, ён не сумняваўся, а што затрымаўся, дык магло рознае здарыцца.
Грак уваліўся на парог з дзвюма торбамі, шумны, вялікі, заняў усю вітальню.
– А добрага вечарочка ў вашу хату! А гаспадынька якая прыгожая, такая зграбная ды ўмелая! От мы ёй гэты пакет уручым – там такое смакоцце – нідзе не купіце! Сам рыбку чырвоную лавіў, сам саліў-вяндліў! А хадзі да мяне, маё замілаванне! – прысеў ён, звяртаючыся да Кацярынкі. – А паглядзі якіх цукеркаў табе барадаты дзядзька прывёз! – і выцягваў з торбы вялізную каробку з цукеркамі. – А во якую ляльку! Падабаюцца табе лялькі?
– Гэта Паліна, я расказваў табе пра яе, – казаў яму Мацвей. – А гэта – Кацярынка. Паліна, гэта – Васіль Мікалаевіч, Грак, як ён сам сябе называе. Мы з ім былі… там.
– От нармалёва мужык уладкаваўся, от нармалёва, – шумеў ужо на кухні Грак. – Прыехаў і адразу яму: і жанчына ў хаце, і дзіця! От шанцуе дык шанцуе!
Падчас вячэры Паліна ўрэшце пачула падрабязна пра тое, дзе і як жыў Мацвей гэтыя гады. Расказваў Грак, і так расказваў, бы тое былі незвычайна вясёлыя прыгоды.
– Ты уяві, Паліначка: як толькі твой Монця з’яўляўся на вуліцы аула, усе кідаліся да сваіх платоў, каб пабачыць Настаўніка! Гэта ж літаральна за паўгода ён з пастухоў рабіў матэматыкаў! Як паздаюць экзамены ягоныя вучні, як захліпнецца іхняя мясцовая прэса навіной пра тое, што зноў з аула далёкага і непрыкметнага вучні самы высокі бал далі па матэматыцы, нам мяхамі розныя прысмакі цягнуць: і халву, і урук, і разынкі, і чай. І бараніны салёнай, а як сезон падыходзіць – мяса свежае валакуць! Эх, шкада, няма ў Беларусі гор! Мы з Монцем зараз першымі былі б у рудніках!
Паліна пайшла ўкладаць спаць дачушку, Мацвей спытаў не без здзіўлення: