На гэтым развіталіся.
Мацвей запісаўся ў аўташколу, днём вучыў правілы, пасля пяці гадзін дня прыязджала Паліна, заязджалі за Кацярынкай у садок і ехалі за горад – там Мацвей вучыўся ваджэнню. У яго атрымлівалася няблага, Паліна падказвала яму ва ўсім настойліва, але не прыніжаючы за першыя няўклюдныя рухі і дзеянні.
Усё ішло няблага да суботняга дня – яны прыехалі на гарадскі рынак купіць ягад, гародніны. Месца для стаянкі знайшлі далёка ад уваходу на рынак. Вярталіся назад з пакупкамі, Кацярынка ішла наперадзе, раз-пораз адкусваючы піражок. Вялізны бадзяжны сабака лянотна разваліўся ў цені аўтамабіля, падняў галаву на крокі дзіцяці, павёў чуйным носам. Ён, прывучаны да падачак на рынку, падхапіўся і подбегам накіраваўся да дзяўчынкі, упэўнена пацягнуў морду, выскаліўшы іклы, да піражка. Кацярынка крыкнула спуджана, ускінула ручку з піражком уверх. Ні Паліна, ні Мацвей не паспелі ніяк зрэагаваць на гэта – усё адбылося настолькі імкліва. Сабака скочыў, пярэднімі лапамі накрыў дзіцячую галоўку.
Тады закрычаў Мацвей.
Але Кацярынка ўжо падала. Яна утрымала галоўку, каб не стукнуцца ёй аб тратуарную плітку, страсянулася моцна цельцам, засталася сядзець на азадку, абапіраючыся на ручкі. На першы позірк, з ёй усё было добра. Сабака зіркнуў на дарослых, клацнуў зубамі і выхапіў піражок з дзіцячай рукі, хоць ўжо Мацвей быў ля Кацярынкі, і скочыў задаволена ўбок, косячы нахабным вокам. Мацвей намерыўся падхапіць дзіця, ды закрычала адчайна Паліна:
– Асцярожна!!!
І тады Мацвей пабачыў збялелы тварык дзяўчынкі, застылы позірк яе і бяскроўныя вусны.
Ён падняў яе на рукі – быццам сонную.
– У бальніцу! Толькі не трасі яе! – адчайна вырвалася ў Паліны. Яна на хаду набрала нумар, казала, выдыхаючы паветра: – Вязём дзіця, пяць з паловай гадоў. Сардэчны прыступ, на ўліку. Кацярына Чырка.
Бальніца была на супрацьлеглай ад рынку ўскраіне горада, шлях да яе падаўся немагчыма доўгім. Вусны Кацярынкі выразна пасінелі. Дыханне было ледзь заўважным. Іх чакалі – была гатовыя каталка. Мацвей застаўся на вуліцы. За гэтыя паўгадзіны ён неспадзявана зразумеў, што ва ўсім свеце ён фактычна адзін. Бо і Паліна, і Кацярынка – ніхто яму. І Грак, які недзе там, у сваёй Расеі вырашае свае пытанні, ніхто.
Выйшаў мужчына ў зялёным медыцынскім халаце, адышоўся трохі ўбок і закурыў. Ён быў адзін з тых, хто чакаў іх з Кацярынкай ля ўваходу, зірнуў на Мацвея і нетаропка падышоў да яго.
– Вы ж бацька дзяўчынкі?
Мацвей разгублена ледзь кіўнуў.
– Тады я вам скажу, як ёсць. Вядзецца інтэнсіўная тэрапія. Дзяўчынка акрыяе, наколькі магчыма ў яе сітуацыі. Неабходна тэрміновая аперацыя. Сардэчны клапан ніякі. Паказанні да аперацыі вызначылі яшчэ раней, зацягваць далей нельга. У нас такія робяць, не варта некуды ехаць. Выйдзе танней, чым у той жа Германіі ці Ізраілі. Ставяць замежныя клапаны. Праўда, чарга…
Мацвей пракаўтнуў камяк у горле, спытаў:
– Я прашу, давайце без аніякіх і канкрэтна: куды ехаць, да каго звяртацца, колькі мець грошай, каму і калі. Я кажу вельмі сур’ёзна, самі разумееце, дыктафона з сабой у мяне няма – не было часу захапіць.
Урач ухмыльнуўся ў адказ.
– Мне ўсяго толькі чыста па-чалавечы шкада вашу дачку. Дзіця такое разумнае, яшчэ мінулы раз да кропачкі выконвала ўсе нормы, пра якія ёй казалі: як хадзіць бяспечна, як садзіцца, ні ў якім разе не бегаць. Яна запісаная ў чаргу, вы ведаеце. Чарга надыдзе праз пяць гадоў. Пазапланавая аперацыя каштуе на сто працэнтаў даражэй. Усяго – дваццаць тысяч. Я вам раю згаджацца. Тэлефон я вам дам, накіраванне выпішам. Там сябра майго бацькі загадвае клінікай.
Мацвей дастаў мабільнік.
– Дыктуйце нумар!
– Чакайце, я сам патэлефаную напачатку.
Ён накіраваўся ў корпус, спыніўся і акуратна раздушыў недакурак аб край урны, перад тым, як кінуць яго. Вярнуўся праз хвілін дзесяць.
– Званіце, дамаўляйцеся. Лепш не зацягвайце з тэрмінам. Дзяўчынка да раніцы будзе транспартабельнай.
Голас мужчыны ў мабільніку быў упэўнены і спакойны.
– Мне раней яшчэ паказвалі анамнез, я буду вас чакаць. Хочаце асобную палату, каб з дзяўчынкай была маці, я папрашу забраніраваць. Але, чакаем заўтра.
Паліна выйшла з бальнічнага корпуса праз гадзіну. Яна апусцілася на вадзіцельская сядзенне, выціснутая, як пустая абалонка. Адкінулася назад, гледзячы ў нікуды, ціха прамовіла:
– Заснула. Урач мне сказаў, што ён гаварыў… гаварыў з табой?
– Было, – пацвердзіў Мацвей. – Паедзем дадому, збірацца. Заўтра раніцай едзем на аперацыю. Пра ўсё дамоўлена. Ты з Кацярынкай увесь час знаходжання ў бальніцы, асобная палата.
Паліна павольна павярнула да яго твар, на якім была разгубленасць і жаданне верыць у цуд.
– Як ты дамовіўся?