– Якая ў цябе шыкоўная кватэра стала, – задуменна прамовіла Паліна.
– У нас, – паправіў Мацвей. – Не вымушай мяне паўтараць: я не збіраюся вас выганяць ні цяпер, ні некалі. Гэта вашае таксама.
Назаўтра ён пазваніў былому журналісту. Дамовіліся аб сустрэчы вечарам у кавярні. Журналіст быў прыкладна адных гадоў з Мацвеем, хударлявы, з загарэлым замораным тварам. Ён апусціўся стомлена ў крэсла, выцягнуў з задавальненнем ногі.
– Антон Кавалёў. Пра што размова?
– Мацвей Хрысцік, – Мацвей паціснуў жылістую далонь мужчыны. – Маю да цябе адну справу. Ты ў былым журналіст, ведаеш, як шукаць канкрэтную інфармацыю. Мне трэба менавіта інфармацыя адносна канкрэтных людзей, з іх двое мясцовых. Мне казалі пра твой некалішні артыкул, з-за якога ты пацярпеў. Дык, мажліва, той чалавек, пра якога ты пісаў, мае дачыненне і да майго лёсу. Што замовіць піць?
– Квас. Са спіртным завязаў.
– Я таксама яго шэсць гадоў не бачыў, – дазволіў сабе шчырасць Мацвей, падкрэсліўшы інтанацыйна “шэсць”, і паглядзеў Антону ў вочы. Той крутнуў галавой, прысвіснуў.
– Разумею, здаецца…
– Тады пераходзім на ты.
Прынеслі квас, Антон залпам выпіў паўшклянкі, паставіў яе на стол.
– Работа цікавая, што і казаць, самая журналісцкая. Але я сёння на фермера працую, парабак, лічы. Зарабляю грошы на жонку і сына, якому два гадкі. І кватэру здымаем. З васьмі раніцы да дванаццаці дня сплю, затым – на памідоры: падвязваць, сынкаваць. Адпачну, а з апоўначы да ранку вартаваць іду. Так зарабляю. І ў мяне адзін дзень вольны на тыдзень выпадае. Мясцовых магу прабіць па сваіх знаёмых, таго дзялка прасвяціў добра, але ж ён збег у Расію.
– Я прапаную табе работу. Скажам, на месяц ці два. Там пабачым. Патрабуецца ехаць у Мінск, можа – яшчэ куды. Такім чынам, камандзіроўка. Я аплачваю табе камандзіровачныя асобна, работу – асобна. Як кажуць у тэлевізары, “па пяцьсот”.
– Чакай, ты збіраешся мне заплаціць? Тысяча долараў агулам за месяц? – чамусьці шэпатам перапытаў Антон. – Ты не жартуеш?
– Аджартаваўся. Тысяча агулам. Тэрмін – месяц-паўтара. Але разлічваю на якасны матэрыял.
– Мусіць, дасталі цябе няслаба. Але, прабач, не мая справа. За такія грошы матэрыял выдам той якасці, на якую я максімальна здольны. Гарантую. Колькі чалавек?
– Пра аднаго ты ведаеш. Высветліць, якім чынам ён звязаны з нашым равеснікам Андрусём Жураўлёвым.
– Андрусь Жураўлёў… Ага, помніцца, быў судовы працэс: ён, як сын, спрабаваў абскардзіць завяшчанне маці. Тая кватэру цалкам пакідала дачцэ, бо дачка даглядала яе, ляжачую два ці тры гады. Папляткарылі ў горадзе пра гэты выпадак, бо гэты Андрусь псіх нейкі, кінуўся ці не біцца з сястрой у кабінеце суддзі.
– Жураўлёў. Дзе ён, чым жыве і з кім жыве – поўная інфармацыя. Максімальна ўсё магчымае, як, прыкладам, ты ведаеш пра сваю жонку.
– О, няма такога мужыка, каб усё пра жонку даведаўся, – рагатнуў Антон, глытнуў квасу, дастаў з нагруднай кішэні маленькі нататнік і ручку. – Гэх, не атрымліваюцца на памідорах вершы, хоць ты мяне забі! Запісаў: Андрусь Жураўлёў.
– Раман Галецкі. Займаўся грэбляй, ёсць у сацетках. Гэтакі мачо… Даніла Галоўчык, магістрант шэсць гадоў таму, хутчэй за ўсё – аспірант, мо ўжо і кандыдат навук… Вітольд Сямёнавіч Прыходзька. Тады – рэктар. На гэтых людзей трэба інфармацыя пра іх моцныя і слабыя бакі.
– Кампрамат у сэнсе таксама?
– Пажадана. Андрэй Кузьміч Мархель, шэсць год таму – кіраўнік кафедры, прафесар. Хачу ведаць, як цяпер у яго справы. Яшчэ адна жанчына, Маргарыта Лучыц. Шэсць год таму – студэнта пятага курса. Усе з аднаго універа. Усё зразумела?
– Так, няма пытанняў. Хоць заўтра пачынаць?
– Твая справа. Праз два тыдні дасі, што знойдзеш. Папрашу, каб хоць на некага была дакладная і поўная інфа да гэтага часу. Яшчэ. Без крыўды, але папярэджваю: калі ласка, не падмані мяне.
Журналіст застыў на нейкае імгненне, потым сеў прама, павёў плячыма.
– Падмануць? Той факт, што я палез у рожкі з рэдактарам і размясціў свой матэрыял у сеціве, за што атрымаў пад зад нагой з рэдакцыі, табе нічога не сказаў? Ты сёння літаральна ратуеш мяне сваёй прапановай – я ўвесь у даўгах, на жонку глядзець страшна, як яна мяне не кідае – не ўцямлю. Цярпіць, яшчэ шкадуе, нешта выварвае там, каб я галодным не заставаўся…
Мацвей выслухаў моўчкі.
– Той факт мне і падказаў, да каго звяртацца. Але ў нас дзелавыя адносіны. Без сентыментаў. Трымай аванс, – закончыў ён досыць лагодна, дастаў кашалёк, з яго – пяць соценных зялёных купюр, пасунуў па стале да Антону.
Яўна, той ніяк не чакаў, што зараз атрымае не толькі заданне, але і такую суму грошай, бо твар ягоны застыў у разгубленасці. Потым ён склаў купюры, засунуў у кішэню:
– Дзякуй. І гэтага ніяк не чакаў. От прынясу шчасце ў хату… Праз тыдзень даю вынік па першым.