– Тады даўно, калі сустрэліся, ты расказвала пра сваю закаханасць у спартсмена. Мне помніцца, ты называла яго імя – Раман. Так? Раскажы мне пра яго, – папрасіў Мацвей.
Паліна здрыганулася, паставіла бакал з віном, не адпіўшы.
– Прабач, не хачу ўспамінаць. Не крыўдуй, але скажу: жанчыне вельмі непрыемна роспыты мужчыны пра былога. Тым больш пасля сексу. Я ніколі цябе не параўноўвала ні з кім!
Ён пяшчотна крануўся яе рукі.
– Не псіхуй. Не раўную і не збіраюся выпытваць у цябе нейкія інтымныя падрабязнасці. Ты сказала – Раман. І я помню, ты казала, што ён быў нейкай там зоркай. Я ведаў аднаго Рамана. Зоркавага. Ты звязвалася з ім? Казала яму, што маеш дзіця ад яго?
– Казала, – пакрыўджана адказала Паліна. – Не хачу! Не хачу ўспамінаць.
– Успомні. Мне гэта важна, – суха папрасіў Мацвей.
Паліна адчула, што Мацвей сапраўды імкнецца даведацца нейкую сваю праўду. Адпіла віна, пачала:
– Я жыла з сяброўкай у інтэрнаце. Такая высокая, здаровая, мяне дзве трэба было. Рукі моцныя. Хоць і не з вёскі, з райцэнтра на Віцебшчыне. На першым курсе на занятках па фізічнай культуры да нас часта прыходзілі розныя: шукалі сабе будучых спартсменаў, запрашалі ў гарадскія секцыі. Тамару, маю суседку, гэтаксама прыкмецілі. У гандбол клікалі, у баскетбол. Яна аднеквалася. А аднойчы прыйшоў трэнер і запрасіў яе на грэблю. І яна як чакала гэтага. На другім курсе прывяла ў госці хлопца. Мне знак дала, маўляў, ідзі пагуляй. Хлопец прыгожы, дужы. І ў твары тое, што падабалася дурненькім такім, якой я была: нахабства трошкі, упэўненасць, ва ўсёй паставе – гэтакая брутальнасць, лічылася тады модным. Тамары ўсе дзяўчаты з паверха зайздросцілі. А як прагаварылася яна ці, верагодней, так і задумвала, што Раман – мінчанін, бацька багатых і уплывовых бацькоў – тут ужо ці не пракліналі. Бо ж з твару і целам Тамара – зусім не ідэал, такое вясковае ў ёй было, бабскае, тупаватае, прабач. Можа, і праклёны, падзейнічалі – Раман Тамару кінуў. Праз паўгода сустрэў мяне ля інтэрната. Мяне менавіта. У мяне сэрца ў ботах тузалася, туды ўпала. А ён мне казаў, што Тамару вымушаны быў тады праводзіць, а далей ён спецыяльна прыязджаў, адно каб мяне пабачыць. Паверыла я. Бо хацела паверыць. Як ачомалася, успамінала без эмоцый, спакойна, дык уцяміла, што ў Рамана мінімум трое дзяўчат мелася адначасова. То пах чужой парфумы на ім, то на шыі сляды застануцца, то тэлефануюць яму, а ён бяжыць убок, сюсюкае там, чула. Сустракаліся заўсёды па нейкім ягоным раскладзе, іншы раз – зрываліся сустрэчы, іншы раз пераносіліся.
– Тамара займалася грэбляй. Там і пазнаёмілася з Раманам?
– Але.
– Раман сам быў грабцом?
– Так, спартсмен. Часам ездзіў на спаборніцтвы.
– Вось гэта тое, што мне абавязкова ведаць, – мякка паўшчуваў Паліну Мацвей. – Не нейкі там інтым і таямніцы. А вось гэты факт.
– Навошта табе?
– Потым скажу. Дык як ён адрэагаваў, калі ты паведаміла пра цяжарнасць?
– А як паводзіцца такі самец? Паслаў па-хамску, брудна. І тэлефон заблакаваў.
– Зразумела. А фотаздымак выпадкам не маеш?
Паліна глянула на Мацвея здзіўлена, хацела нахмурыцца, але стрымала сябе, ужо разумеючы, што ён зацікавіўся Раманам па нейкай сваёй прычыне.
– Зараз я пашукаю яго ў сацсетках. Такі не можа не засвяціцца недзе. – Яна дастала тэлефон, хутка панаціскала кнопкі. – Вось, Раман Галецкі. Падобны?
Мацвей зірнуў на тэлефон, твар яго застаўся безэмацыйным:
– Дзякуй. Гэта мой знаёмы.
Пра штосьці пытацца Паліна не стала, але падціснула вусны. Ёй было трохі крыўдна. Мацвей адчуў гэта, крануўся яе рукі, дадаў:
– Ён, верагодна, мае дачыненне да майго лёсу, не толькі да твайго.
Паліна ўсміхнулася даравальна.
– Яшчэ табе скажу. Ганне Антонаўне не апавядала, бо страшна было. Ты паехаў і прапаў, а праз паўгода ў горадзе быў адзін выпадак. Вярнулася з заробкаў група мужчын. Яны трапілі ў рабства, так казалі. Ледзь вырваліся адтуль. Знайшлі таго работадаўцу, які адвозіў іх на аб’ект. І моцна пабілі, у доме паламалі мэблю. Міліцыя была. Неяк ціха справу замялі, гэты мужчына знік. А ў сацсетках, у гарадской суполцы з’явіўся вялікі артыкул. Наш мясцовы журналіст сабраў дадзены аб усіх выпадках, калі людзі, якія звязваліся з гэтым работадаўцам, вярталіся падманутымі, абрабаванымі, ледзь вырываліся з тых заробкаў. Найгорш было тром жанчынам, тынкоўшчыцам. Паўгода яны жылі, тынкавалі дамы пад аховай, іх толькі кармілі, выгод ніякіх, а жанчыне, сам разумееш, без элементарнага не абысціся. То выпадкова з некім перадалі на радзіму, каб ехалі іх вызваляць. І ездзілі. Яшчэ у каментах пад артыкулам людзі назвалі некалькі чалавек, якія ўвогуле не вярнуліся праз паўгода і болей. Мяне такі страх ахапіў! Людзі патрабавалі распачаць следства. Артыкул журналіст збіраўся друкаваць у мясцовай газеце, але яго не прапусцілі – казалі, у таго работадаўцы былі сувязі з уладамі. То журналіст напісаў у сацсеткі і яго звольнілі.
– А што за журналіст? – ажывіўся Мацвей.
– Не запомніла імя, а артыкул спешна прыбралі. Мо спытаць у рэдакцыі ў каго-небудзь. Хочаш, я спытаю?
– Вядома. – Мацвей асцярожна прыцягнуў да сябе Паліну. – Сёння добры вечар… Заўтра будзем дома.
У кватэру, новыя металічныя дзверы якой адчыніў ім брыгадзір майстроў, яны заходзілі асцярожна. Нейкі час Паліна і Кацярынка стаялі, застылыя, у вітальні. Потым яны пайшлі па пакоях, бы па музеі.