– А я цябе прашу купіць, у чым табе хочацца хадзіць, – спыніў яе Мацвей. – То мая падзяка за тое, што ты зрабіла для маёй маці. Гэта першае, што магу. Калі ласка. Па колькасці выбранага табой я буду судзіць аб тваім клопаце пра маму.
– Ну, ты не ведаеш, на што здольная жанчына, калі ёй адпусціць лейцы, – гарэзліва бліснула вачыма Паліна. – Але на восень купляць не буду, не сезон.
На касе Мацвей чакаў Паліну з дачкой і нечакана сам для сябе узрадаваўся, калі яна нарэшце падыходзіла да яго, коцячы каляску з гарой рэчаў.
– Мне яшчэ басаножкі, красоўкі, туфлі, – заўважыла яна какетліва.
– Зойдзем.
Абедалі ва ўтульным невялікім кафэ на выездзе з горада. Выехалі на трасу, Кацярынка заплюшчыла вочы і адразу заснула – стамілася ад уражанняў. Паліна вяла машыну з усмешкай на вуснах.
– Што значыць пасля “Нівы” перасесці на “японца”, – патлумачыла яна сваё задавальненне. – Пасур’ёзнела, дадала: – А што далей, Мацвей? Нам вызваляць кватэру? Мне могуць даць інтэрнат, але праз месяцы тры, я пыталася. Можам пайсці на кватэру.
– Што далей? – задумаўся Мацвей, спытаў: – У цябе адпачынак хутка?
– Праз два месяцы, зрэшты, можна хоць зараз – цяжка з фінансамі, аб’ектаў мала, будаўнікі раз’ехаліся па заробках.
– Тады давай так. У цябе ж ёсць знаёмая якая брыгада, каб зрабілі якасны рамонт?
– Дзе?
– Ды ў кватэры… Даўно просіцца. Я марыў: паступлю ў аспірантуру і зраблю…
– Ёсць брыгада, – падумаўшы, адказала Паліна.
– Выдатна, дамаўляемся. Ключы пакідаем. Скажам, каб выкінулі ўсю мэблю, адно сцены пакінулі. Сцены, столь, вокны – сама загадвай. Едзем у які мэблевы, ты ж ведаеш, дзе, выбіраем.
– Лепш заказаць…
– Як сабе хочаш. Самі з’язджаем на два тыдні, думаю, ім хопіць часу. Вось такі план на бліжэйшы час. Я б хацеў адпачыць. То прашу вас дапамагчы мне адаптавацца. Мне дагэтуль цяжка дарэшты усвядоміць, што я на волі.
На ўездзе ў горад Паліна выдыхнула:
– Каб ведала Ганна Антонаўна, што сёння за дзень!
– Мы ёй раскажам, – адгукнуўся хрыпата Мацвей. – Едзем на могілкі. Пакажаш магілу маці…
Кацярынка першая бегла знаёмай ёй сцяжынкай да сціплай магілы з драўляным крыжам.
– Бабуля Ганна, мы прыйшлі! Усе, і татка мой! – крычала яна.
Мацвея здушыла так, што ён спыніўся, адвярнуўся, счакаў, пакуль слёзы перастануць каціцца з вачэй.
Падышлі, моўчкі стаялі. Паліна кранула дачку рукой і яны адышліся. Мацвей застаўся адзін. Прысеў, потым стаў на калені.
– Прабач, мама… Што позна прыехаў. Што памерла на чужых руках. Што галадала. Што перацярпела столькі страху. Прабач. Я разлічуся. Абяцаю.
…Мацвей падхапіўся ноччу, ледзь думкі і дзённыя ўражанні адпусцілі яго і ён прыснуў. Сядзеў на канапе ўпацелы, дрыжаў у мяккіх абдымках Паліны, якая зноў прыбегла на пачутыя здушаныя стогны. На гэты раз яна не запальвала святло.
– Няма ніякай пячоры, тут твой пакой, твой дом, тут я, – туліла яна да сваіх паўаголеных грудзей галаву мужчыны, потым легла побач, мякка пацягнула на сябе Мацвея, прыціснулася ўсім дрыготкім целам: – Няма пячоры страшнай, толькі я ёсць…
Частка 14
З надвор’ем пашанцавала– жнівень быў гарачым, але не задушлівым, праходзілі кароткія спорныя дажджы з навальніцамі. Пракладвалі маршрут на навігатары, наведалі ўсе вядомыя замкі, спыняліся ў аграсядзібах на суткі і болей: парыліся ў лазні, смажылі мяса, лавілі рыбу з берага і чоўна. Бестурботныя два тыдні былі напоўненыя суладдзем двух дарослых душ і адной дзіцячай, для Паліны і Мацвея – жарснымі гадзінамі. З той ночы, калі Паліна легла да Мацвея ў ложак, праганяючы жудасць ягонага сну, у іх абодвух не ўзнікла і кроплі ніякаватасці – бы насамрэч жонка дачакалася мужа. Мацвей не імкнуўся разбірацца ў сваіх пачуццях – няхай ідзе, як ідзе, і Паліна не задавала ніякіх пытанняў, што б тлумачылася як высвятленне адносінаў. Таму Мацвею было хораша ажно да пакутлівага адчування, што гэта – сон, а ён насамрэч яшчэ недзе там, у Чачні. Праўда, кашмары болей не сніліся.
Маленькая Кацярынка ні разу не назвала Мацвея татам, і не абмовілася нідзе гэтым словам. Яна наогул звярталася да Мацвея хоць на ты, але не называла ніяк: ні па імю, ні “дзядзя”. Канечне, Паліна пагаварыла з дачкой. Мацвея задавальняла гэта.
У адну з апошніх начэй іхняй паездкі яны выйшлі на балкон (спыніліся ў двухпавярховым дамку аграсядзібы), пілі віно.