– Успомніў. Быццам мяне ў пячоры заваліла… Мы там кварц секлі. Прабач, напалохаў цябе. Кацярынку не разбудзіў?
– Яна крэпка спіць.
Назаўтра Мацвей пазнаёміўся з Кацярынкай. Ён не ведаў, што казала дзяўчынцы Паліна, паводзіўся з ёй стрымана, не ўмеючы абыходзіцца з дзецьмі. У нейкі момант зазірнуў у вочы дзіцяці, угледзеў там пытлівы розум, і як загадаў сам сабе: яна – маленькі чалавек, асоба, то будзь ласкавы паважаць яго. Не чакалі Паліну – самі сабраліся ў дарогу. Паліна пад’ехала на службовай пацёртай “Ніве”.
– Да вакзала даедзем, машыну майстар паставіць на месца.
У абласным вялікім універмагу Мацвей адшукаў рэкламу аўтасалона, кіўнуў Паліне:
– Нам туды напачатку. Пазней усюды паспеем.
У аўтасалоне сярод мноства аўтамабіляў ён павярнуўся да трохі разгубленай прадчуваннем Паліны, папрасіў:
– Ты ўжо вадзіцель вопытны, калі ласка, выберы вартае. Я ж вадзіць не ўмею, не было там школы такой.
– Ты сур’ёзна? – запляскалася вачыма Паліна. – Мне падалося, ты казаў пра палон. А грошы?
– Некалі я табе ўсё раскажу, – паабяцаў Мацвей. – Я кажу сур’ёзна, і надалей, калі ласка, успрымай так любыя мае словы. Развучыўся жартаваць, прабач, – усміхнуўся ён, адчуваючы, што ягоныя словы гучаць амаль загадна.
– Тады – вунь! Хопіць грошай? – Паліна махнула рукой у шэраг уседарожнікаў.
– Хопіць. Кацярынка, выбірай, якая з гэтых машын табе найбольш падабаецца? – Мацвей прысеў да дзяўчынкі. – Уважліва глядзі, нам на ёй доўга ездзіць.
– Хачу чорную! Яна – крутая! – як адсекла малая.
Мацвей усміхнуўся, устаючы:
– Выбар зроблены. Паліна, хадзем, займіся афармленнем. Я разлічуся. Крэсла дзіцячае не забудзь узяць.
Яны выехалі праз гадзіну з салона, Паліна трымала руль, рукі падрыгвалі. Кацярынка на заднім сядзенні ў сваім крэсле задуменна вымавіла:
– А я табе казала, мама: прыедзе наш тата і ўсё купіць…
І Мацвей, і Паліна змаўчалі, нават не зірнулі адзін на другога.
У аддзеле мужчынскага адзення і абутку затрымаліся нядоўга: Мацвей браў усё тое, што выбірала Паліна. Потым паехалі ў краму “Дзіцячы свет”.
– Давайце дамовімся: без аніякіх сентыментаў і аніякай сарамлівасці. Лічым так: нехта ваш родны вярнуўся з грашыма і выбірае падарункі. Згода? – прапанаваў Мацвей.
– Ты не уяўляеш, колькі каштуе дзіцячае адзенне і цацкі, – папярэдзіла Паліна.
– У мяне хопіць грошай на дзіця, – у адказ усміхнуўся Мацвей. – Я цябе прашу: купі ўсё, што хочаш, што патрэбна для дзяўчынкі.
Дзіўна, але і тут управіліся шпарка: Кацярынка выбірала за раз і не бегала па зале, вышукваючы іншае.
– А цяпер едзем апранаць тваю маму, – павярнуўся да дзяўчынкі Мацвей. – Ну, скажы, колькі ў яе штаноў і сукенак?
– У мамы двое джынсаў, на лета і зіму. Сукенка адна, на святы. І паліто адно. І боты ў рамонт насіла, а там майстар іх сапсаваў… – старанна загінаючы пальчыкі, лічыла дзяўчынка, а Паліна ажно рот раскрыла ад неспадзявання.
– Кацярынка, ты адкуль гэта ведаеш?
– А ты сама казала цёці Валі, я чула!
– Выдатна, Кацярынка, малайчынка!
У краме Паліна прымерала адны, другія джынсы, больш глядзець не стала.
– Я зараз усё куплю сама! Мы Кацярынцы столькі набралі, у мяне лішніх грошай – во!