– Так, здаецца, Мархель. Прасіў, як вернешся, каб знайшоў яго. Пакінуў тэлефон.
– Андрэй Кузьміч?
– Так, так! Андрэй Кузьміч, дакладна. Ён доўга гутарыў з тваёй маці, суцяшаў яе, упэўніваў, што ты вернешся. Ганна Антонаўна памерла, тое раніцай здарылася, чаю зрабіла два глыткі, ляжала. Кацярынка прыходзіць і кажа мне спалохана, што бабуля маўчыць і маўчыць, быццам спіць, а вочы адкрытыя. Не ведала я, што рабіць, куды ісці, каму званіць… Успомніла пра Андрэя Кузьміча, пазваніла яму. Ён прыехаў к абеду, прывёз грошай. Застацца не змог. А суседка мне ўжо дапамагала, падказвала – звярнуліся ў агенцтва. Грошай якраз хапіла на пахаванне.
– А потым?
– Ды больш і няма чаго казаць. Мы разлічыліся, усё наладзілася, але Кацярынка была захварэла, ангіна. Ляжалі ў нашай бальніцы, потым у абласной. Ускладненне, сэрца. Трэба рабіць аперацыю, чым раней, тым лепей, ёй зараз нават бегаць нельга…
– Платную аперацыю?
– Так. У нас вялікая чарга, доўга чакаць. Можна хутчэй, ды за мяжой, – уздыхнула Паліна.
– А як ты сама? Замуж чаму не пайшла?
– Дык як мне было ісці замуж, я ж жыла ў свякрухі з дзіцём?! – заўсміхалася Паліна, засяродзілася на хвіліну, пасур’ёзнела. – Кінуць Ганну Антонаўну? Ты што, і думкі такой не было. Ні разу не задумалася пра нейкае замуства, сама здзіўляюся. А ў астатнім у мяне добра. Аднавілася ва ўніверы на завочнае, закончыла. Пасаду маю – інжынер у будаўнічай арганізацыі, хоць усё ледзь трымаецца, але заробак ёсць, хапае нам з Кацярынкай, не шыкуем, але і не галадаем.
– Працуеш заўтра?
– Не, але зранку на гадзінку на аб’ект наведацца. У мяне аўтамабіль службовы.
– Сама водзіш?
– Дык навучылася, не складана. Што ты хацеў?
– Дык каб прыбарахліцца трохі, з рэчаў у мяне толькі тое, што на мне.
– То лепш у вобласць ехаць, бо на нашым рынку такое, што нармальнаму мужчыну нельга апранаць, а ў розных шапіках тое ж, што і на рынку, адпрасаванае для выгляду.
– То паехалі?
– Добра, цягніком. Кацярынку з сабой давядзецца ўзяць.
– Канешне.
У ванне, нязвыкла гарачай і духмянай, Мацвей не змог праляжаць доўга. Душыла злосць. Ён яшчэ да рэшты не ўсвядоміў, на што і каго скіравана яна, але разумеў, што рана ці позна абстрактнае пачуццё пачне ўвасабляцца ў канкрэтныя планы, якія трэба будзе здзейсніць. Паліна сама расклала яму канапу і паслала бялізну. Яго нечакана і кранула, і засароміла гэта. Яна, па ўсім, зразумела ягоныя пачуцці, апраўдалася:
– Ты ж мо адвык ад такіх дробязей, прабач…
– Усё нармальна, не перажывай. Паступова прывыкну.
Ноччу ён закрычаў, усхапіўся і ачомаўся ад цеплыні рук, якія прыціснулі ягоную галаву да мяккіх грудзей і голас пяшчотна суцяшаў:
– Усё добра, усё добра… То сон, сон, ды дома, усё добра…
Мацвей страсянуўся, прачнуўся дарэшты. У пакоі гарэла святло, Паліна сядзела на краю канапы ў кароткай начной кашулі, ніякавата апускала свае рукі, якімі хвіліну таму прыціскала ягоную галаву да сябе.
– Божа, што ты сніў такое? Ты так застагнаў, так закрычаў здушана, мне ажно страшна стала!
– Прабач. Не помню.
Мацвей сапраўды не помніў канкрэтыкі, толькі адчуванне жудасці смяротнай небяспекі ўва сне.
– Прынесці папіць?
– Не, я сам лепш. Прачнуся дарэшты.
Прайшоў на кухню, адкрыў кран, чакаючы, пакуль сцячэ вада да халоднай. Паліна стаяла на парозе. Прысеў за стол, позірк упаў на мікрахвалёўку і Мацвей уздрыгнуў.