– Потым дачушка, пазней пагаворым, – успыхнула чырванню Паліна, кранулася плеч дзяўчынкі, мякка павярнула: – Ідзі да сябе.
Дзяўчынка паслухмяна павярнулася і пайшла ў дальні пакой.
– Ганна Антонаўна… памерла… два гады як, – здушана вымавіла Паліна. – Праходзьце, вы ж дома… Ваш пакой, – яна таўханула дзверы. – Мы там нічога не краналі, усё, як вы пакінулі.
Мацвей апусціў на падлогу чамадан, сеў на пуф ля дзвярэй, скінуў туфлі. З хвіліну ён, сагнуўшыся, глядзеў на свае ногі, бы там можна было пабачыць штосьці больш важнае за тое, што ён пачуў і яшчэ пачуе ад Паліны.
– Чаму ты мяне завеш на вы? – узняў ён вочы на Паліну. – Мы ж расставаліся сябрамі.
– Прабачце… Прабач, – Паліна ўсё гэтак жа стаяла, прыкрываючы далонню шчаку і падбароддзе. – Ты стаў зусім іншы.
– Такі ж самы, – ціха запярэчыў Мацвей, падняўся, пайшоў у свой пакой.
– У мяне суп, учора варыла, – у спіну яму запрашальна сказала Паліна. – Ёсць пельмені, яны скора адварацца, каўбаса, магу бутэрброды зрабіць. Ты ж галодны?
– Дзякуй, сапраўды галодны.
– То я гукну!
Мацвей прычыніў дзверы, нейкі момант стаяў на парозе свайго пакоя. Так, усё як і было. І як учора ён пайшоў адсюль. Нават пылу няма нідзе. Апошняя думка выклікала горкую замілаванасць: Паліна тут прыбіраецца ўсе гэтыя гады, не запускае.
Упаў на канапу, закінуў рукі пад галаву, глядзеў у столь і ў думках згадваў і не мог згадаць таго моманту, калі ён уяўляў сустрэчу з маці. І вось – не сустрэўся. Не, балюча не было. Доўгія гады рыхтавалі яго менавіта да гэтага: прыехаць і не пабачыць. Была пустэча ў душы, быццам ён не даехаў і ўжо ніколі не даедзе туды, куды ехаў.
З Палінай сустрэчу ўяўляў. Не адзін раз. Апошні – у цягніку. Мо недзе ў горадзе яе сустрэне, замужнюю і з дзіцём. Але ніяк не уяўляў яе постаць вось такой: зваблівай, што ажно кальнула недзе ў сярэдзіне. І ў сваёй кватэры. Дасканалай паўсюль: грудзі, жывот, бёдры, ногі… Нарадзіла, стала зусім іншай. І валасы чарнявыя, блішчастыя, сцягнутыя ў тугі хвост за спінай. Цікава, што ў яе за муж? Чаму дзяўчынку прыняла яго за бацьку? Па ўсім, гэтаксама недзе на заробках.
– Дзе ж ты быў, Мацвей? – ціха спытала Паліна, калі Мацвей падзякаваў за абед. Дагэтуль ніхто не прамовіў ні слова.
Мацвей аберуч трымаў кубак з чаем, прыплюснуў вочы, і нечакана падалося, што ён трымае гэты кубак там, у пячоры, пад нізкім закопчаным зводам, а побач дзьмухае выцягнутымі вуснамі на кубак Грак…
– У палон я трапіў, Паліна. У Чачні. Не здзіўляйся, такое, аказваецца, магчыма. І ў Расеі ў палон людзі трапляюць, недзе ў тайзе золата мыюць, лес валяць. Такі свет. Добра, што жывы, – адказаў спакойна Мацвей, паглядзеў у вочы Паліне, дзе пабачыў спачуванне і, падалося яму, ціхую радасць. Апусціў позірк на рукі, спытаў ціха: – А твой муж таксама на заробках? Бачу, чакае яго дачушка.
– Ды няма мужа, – усміхнулася няёмка Паліна. – Тут такая справа выйшла, і расказваць страшна.
– Хіба як я з барадой, то трэба баяцца?
– Вой, як мужчыны ўмеюць какетнічаць! – прыснула Паліна. – Табе вельмі ідзе з барадой. Ты такі імпазантны. Але, – раптоўна пасур’ёзнела, – буду расказваць. Праз паўтара месяцы, як прыехала з табой, даведалася, што цяжарная была. Неяк раніцай у нядзелю Ганна Антонаўна на кухні смажыла яечню на снеданне. Я зайшла і званітавала мяне. Перапужалася, сяджу ў пакоі, яна зайшла і дае мне расол памідоравы. Божачкі, як прыпала я да таго кубка, быццам спражылася да паўсмерці. А яна прысела ды і пытае: “То я хутка ўнучка прычакаю ці ўнучку?”. Знаеш, Мацвей, яна табе не паверыла, мне не верыла, хоць я ёй казала: не былі мы з табой разам, не было ў нас. Не адпусціла мяне ў інтэрнат, так упрошвала. Я і засталася жыць у вас. Кацярынка нарадзілася, Ганна Антонаўна мне зусім як маці стала. Што я магла ўмець ці ведаць? То ўсё яна мне паказвала, усяму навучала, суцешвала. Кацярынку, як была магчымасць, з рук не выпускала. Споўнілася паўгода, яна неяк вечарам бярэ малую на рукі, сядае на канапу, а мне дае картачкі: “Вы мяне колькі заўгодна падманвайце, а я ўсё бачу!”. А на тых картачках – ты маленькі, табе там таксама паўгода. Я зірнула – і праўда, нешта падобнае ёсць. То я і перастала спрачацца, ты мне даруй… Яна такая шчаслівая была! І гуляла штодня з маленькай, падрасла Кацярынка – у садок я вяла, а забірала вечарам яна. Усе ў пад’ездзе ведалі: у Ганны Антонаўны ўнучка расце. Так яна ганарылася гэтым! Апошні год… У яе амаль адняліся ногі, месяц ляжала плазам, перажывала праз гэта, няёмка ёй было. Так цябе чакала… Штовечар згадвала, расказвала рознае пра тваё маленства. Мяне прасіла: раскажы, як пазнаёміліся, як ты да мяне заляцаўся, – Паліна ўсміхнулася сумна і вінавата. – Ты мне прабач, я прыдумала цэлую гісторыю, нібыта пра нас. І сама ў яе паверыла. І таксама цябе чакала. Мне так страшна было, што Ганна Антонаўна памрэ. Нам так цяжка было…
– А што ўрачы? Чаму не ў бальніцы мама была?
– Выклікалі хуткую не адзін раз, яна адмаўлялася ад шпіталізацыі. Кажа, няма сэнсу. У яе сэрца вельмі слабае стала. Навыпісвалі рэцэптаў, яна піла таблеткі. Ніколі не скардзілася на боль ці што іншае. Я па твары навучылася бачыць, ці ёй моцна баліць. Столькі ўсяго навалілася тады…
– Што навалілася? – спытаў Мацвей хрыпла, кашлянуў. – Што здарылася?
– Твой доўг. Праз год прыйшоў хлопец, Ганна Антонаўна яго ведала. Ён такі знешне і далікатны, выхаваны. Але паказаў паперку, тваю распіску. І там разлікі розныя. Паўтары тысячы долараў мы яму вінныя атрымаліся. Мы не ведалі, што рабіць, у шоку літаральна былі. Ён, каб нам лягчэй было, параіў перапісаць доўг на Ганну Антонаўну, маўляў, зменшыць працэнты. І Ганна Антонаўна пайшла з ім да натарыуса, перапісалі. І праўда, працэнт зменшыўся. Ганна Антонаўна ў банк звярнулася, каб крэдыт узяць, ёй адмовілі – узрост. А я – маладая маці, стаж маленькі, таксама не далі. Шукалі паратунку – ніяк нідзе. І яшчэ паўгода прайшло. Цябе чакалі, так чакалі… У нас новы прыватны банк з’явіўся, яшчэ год мінуў. Той хлопец зноў да нас прыйшоў. Кажа: вы ж палічыце, колькі атрымалася. Палічылі: блізка дзве тысячы. Ганна Антонаўна ў той банк новы пайшла, выдалі крэдыт, але кватэру ў залог аформілі. І выплачвалі, але не хапала ніяк. Ледзь выжывалі, дзякуй суседзям і знаёмым Ганны Антонаўны – практычна нічога з адзежак Кацярынцы не куплялі – усё людзі прыносілі. Зімой надта цяжка было, бо ж камунальныя павялічыліся. Эканомілі на ўсім. Памыем малую, два дні той вадой у туалеце змываем. Ганна Антонаўна… Была магчымасць, то не з’есць сваё, прыхавае, пасля мне ці Кацярынцы аддае – вось, засталося. Які кавалачак мяса на костачцы ў супе – дзіцяці ці мне. І крычала на мяне, каб я ела, не глядзела на яе, маўляў, дома сядзець і на скарынцы хлеба здужае…
Яна казала, голас яе неўпрыкмет задрыжаў, а твар Мацвея зрабіўся шэрым, ноздры падрыгвалі ад глыбокіх уздыхаў. Паліна заўважыла гэта, спынілася:
– Вой, прабач, я ж не віню цябе ніколькі, прабач!
– Расказвай, я ўсё разумею, – страпянуўся Мацвей. – Расказвай, мне неабходна ўсё ведаць.
– Аднойчы пазваніў мужчына, на хатні тэлефон. Ганна Антонаўна якраз гуляла на вуліцы з Кацярынкай, я адказала. Мужчына пытаўся пра цябе. Я ўсё расказала. Ён уважліва слухаў, а мяне як прарвала. Ён спытаў адрас, прыехаў і даў нам грошы.
– Што за мужчына?
– Сказаў, што твой навуковы кіраўнік, былы. Прозвішча… не помню.
– Мархель?