– Не шэсць гадоў утрымання, а шэсць гадоў вытрымкі, – пажартаваў без усмешкі Мацвей, не хаваючы тугі. – Я цябе чакаю сама многа праз месяц. Адпачываць буду, прывыкаць да жыцця. Абяцаю нічога не рабіць, да сяброў не ездзіць, ва універ не хадзіць. І ты, гэта, не крыўдуй, але скажу: не нарабі там глупстваў.
– У мяне вытрымкі не шэсць, а восем гадоў, – рагатнуў Грак, узяў за локаць Мацвея. – Абяцаю: прыеду праз тры тыдні максімум.
У купэ Мацвей павітаўся з суседам – лысаватым мужчынам гадоў за шэсцьдзясят, у гарнітуры з гальштукам. Мужчына прыдзірліва мацаў матрац, бялізну ці не нюхаў. Чыноўнік, падумаў Мацвей. За дарогу яны не абмовіліся і словам.
Мякка, без штуршкоў, крануўся перон за акном, Мацвей лёг, заплюснуў вочы. І паплылі, адна за другой карцінкі гэтых шасці гадоў, нібы стужку кінафільма ўключылі у зваротным парадку. Ён неўпрыкмет заснуў тады, калі ўспаміны амаль што данеслі да яго смак стравы – ён браў макароны з падлівай – у тым прыдарожным кафэ, пасля якога іх павезлі, бы скаціну ў зачыненай фуры, у палон.
Частка 13
Мацвей папрасіў таксіста спыніцца, як толькі аўтамабіль заехаў у іх вялікі двор. Расплаціўся і замёр, павольна азіраючыся вакол: тут усё было іначай. Найперш – пуста: пазразалі старыя таполі, замест іх сядзеў шэраг некалькіх хваравітых даўгалыгіх туй. Знікла старая альтанка, арэлі ў цэнтры – там была выпаленая на сонцы рэдкая трава. Мацвей ішоў да свайго дома, і пакрысе накаціла хваля: здарылася незваротнае. Не адразу сцяміў, адкуль гэтае адчуванне.
Не было кветак ля іх пад’езду. З дзвюх лавак засталася адна, а кветак не было зусім – на тых градках, дзе ад вясны да восені шчыравала маці і суседка па пляцоўцы цётка Люба, буяў травастой, някошаны ад вясны. Ад некалішняга прыгожага дэкаратыўнага плоту засталіся чатыры чорныя слупкі.
Здарылася. Нешта з маці. І з цёткай Любай.
Дзверы ў пад’езд былі прыадчыненыя – кодавы замок не працаваў. Мацвей стаў на пляцоўцы перад дзвярыма сваёй кватэры, сэрца бухкала ў горле. Націснуў кнопку званка. Чуў, як цяленькнула ў кватэры. Пачакаў, націснуў яшчэ раз, напружыў слых, але там, за дзвярыма была цішыня. Поўная цішыня, не было чуваць радыё – а яно ж заўжды гучала ў кватэры.
Павярнуўся насупраць – да кватэры цёткі Любы. Дзверы былі новыя, металічныя, самавітыя на выгляд. Навошта цётцы такія дзверы? Націснуў кнопку званка (новага!) і ўцяміў: няма ўжо тут цёткі. Яна жыла адна, сябравала з маці. Было ў яе жаданне: прадаць кватэру ды з’ехаць у тую хату, дзе нарадзілася некалі.
Мусіць, у гэтай кватэры таксама нікога не было – дзверы не адчыніліся. Мацвей зірнуў на гадзіннік, было каля чатырох па абеду. Пачакаць гадзіны дзве, людзі пачнуць вяртацца з працы, тады ўсё стане зразумелым.
Ён прысеў на лаўцы ля пад’езда і дапяў, чаму яшчэ тут усё выглядала чужым – ссеклі бэз, які кідаў сюды, на гэтую лавачку, прахалодны цень такой парой дня. Яшчэ было незвычайна бачыць бязлюднасць двара – як вымерла ўсё вакол…
Паветра было гарачым, сядзець на санцапёку было няўтульна. Міма прайшла жанчына, без сарамлівасці паглядзела на яго, як ацэньвала. Прайшла, завярнула ў суседні пад’езд. Мацвей падняўся з лаўкі, накіраваўся з двара, сустрэў на вуліцы новы будынак са шматлікімі шыльдамі, які яшчэ прыкмеціў з акна таксі. Адшукаў вачыма шыльду “Кавярня”, накіраваўся, як падказвала стрэлка, у паўпадвальнае памяшканне. Вялікая, з новай мэбляй, зала кавярні была пустой. Маладая жанчына за барнай стойкай сустрэла Мацвея ўсмешкай.
– Добры дзень, што жадаеце?
– Якога-небудзь халоднага соку, калі ласка.
– І ўсё?
– Пакуль усё…
Сядзеў, пацягваў сок, бяздумна дзівіўся на вялізны манітор – музычныя кліпы. Папрасіў яшчэ соку. Есці не хацелася, хоць апошні раз ён з’еў адно катлету з бульбяным пюрэ ў вакзальным мінскім кафэ.
Прайшло паўтары гадзіны.
Людзі павінны ўжо прыходзіць з працы.
Вяртаўся ў свой дом па крузе, адзначаючы пра сябе змены на вуліцы: з’явіліся новыя шапікі, зніклі вялікія дрэвы.
На гэты раз адчынілі зразу ж, быццам той, хто быў у кватэры, стаяў ля дзвярэй і чакаў першага гуку званка. Мацвей ледзь не здрыгануўся, пабачыўшы постаць маладой жанчын ў лёгкай летняй сукенцы, якая паўстала перад ім.
Твар быў знаёмы і незнаёмы.
Яны глядзелі адзін на аднаго, вочы жанчыны раскрываліся ўсё шырэй.
– Мацвей… Божа, Мацвей!
Жанчына прыкрыла рот далонню, хапнула паветра.
– Дзень добры, Паліна.
Пачуўся лёгкі тупат, басанож у вітальню выйшла дзяўчынка гадоў пяці, худзенькая, з зацікаўленым тварыкам.
– Мама, гэта мой татачка вярнуўся?
І застыла разгубленая, сваім дзіцячым розумам імкнучыся зразумець гэтую напружаную сітуацыю: мама стаіць, узрушаная, бадай, спалоханая ля дзвярэй, прыгожы мужчына глядзіць на яе, а на твары яго – застылая вінаватасць.