– Палова – твая, – кіўнуў у бок скрынь Грак. – І не спрачайся.
– Ну калі так, – паціснуў плячыма Мацвей. – Вярнуся… Паспрабую зноў паступіць. То будзе на пражыццё.
– Матэматык у табе не памёр? – падначыў Грак.
– Пакуль жывы. – пацвердзіў Мацвей. – Важна спраўджваць свае мары, ты ж сам казаў.
– Твая рацыя, – пляснуў па калене Грак. – Я з табой паеду, як з дакументамі разбяруся. Мяне ж даўно спісалі як мёртвага. Давядзецца ўваскрэснуць. Некаму, канечне, гэта не спадабаецца.
– А калі твая жонка жыве цяпер з тваім сябрам?
– Вось і буду ведаць, – ціха прамовіў Грак. – Можа, і нічога рабіць не захачу. Так, Монця, жанчыну магу прабачыць. А сябра былога – не, калі ён здаў мяне тады асабісту. Пагавару.
– Думаеш, прызнаецца?
– Я – разведчык, знайду спосаб.
– Паехалі лепш адразу да мяне. Жытло купіш, бізнес які адкрыць мажліва, пакуль грошы маем.
– Я не бізнесмен. У банк пакласці – на працэнты жыць можна бязбедна. Буду па свеце ездзіць. Гатэлі на берагах мора, рэстараны шыкоўныя, прыгожыя жанчыны… Эх, – уздыхнуў Грак. – Няўжо дзеля нейкіх такіх уцех трэба было восем гадоў цярпець прыніжэнне ў палоне, падыхаць, мерзнуць, адчуваць сябе жывёлай другараднай?
– Дык для некага такое жыццё – мора-дзеўкі-рэстараны – самае тое жыццё.
– Не, не маё, – пакруціў галавой Грак. – Закісну пасля такіх прыгод. Ці сап’юся. А ты?
– Ды гэтаксама, – паціснуў плячыма Мацвей. – Не ведаю, чаго я жадаю найбольш. Найперш – сустрэцца з маці. А потым… зірнуць у вочы Данілу.
– Слухай, Монця, шэсць гадоў! Мінула не шэсць месяцаў. Ты замацярэў, не плаксівы разгублены хлопчык, а ён кім стаў, па-твойму? Ты яго, можа, і не пазнаеш, як і ён цябе. Дарэчы, бараду паголіш?
– Мабыць, не, – Мацвей крануўся невялікай, падрэзанай нядаўна барады. – Прывык да яе.
– Дык вось, – працягнуў Грак. – Той Даніла можа цябе паслаць, а так хутчэй за ўсё і будзе, на ўсе чатыры бакі. І ты нічога нікому не дакажаш.
– І што ты прапануеш? – не расчараваўся ад пачутага Мацвей.
– Пачакаць мяне. Я разбяруся са сваімі справамі, знайду цябе. Мы нешта прыдумаем. Але, абяцаю, я буду інфармацыю табе дастаўляць, падказваць, раіць. Сам вырашаць не буду, як захочаш – так няхай і пойдзе.
– Навошта гэта табе?
– Крышачку доўгу вярну, – рагатнуў Грак, дадаў сур’ёзна. – Знаеш, жыць варта ля тых, у кім упэўнены. Хто ведае, раптам твой Даніла кінецца да цябе з абдымкамі. Ну, уяві, што ён – круты таварыш, недзе там ужо прабіўся. І запрашае цябе, як старога сябра, працаваць разам. Ты ідзеш да яго і што? Да каго ты ідзеш? Да шчырага сябра ці да таго, хто пры выпадку прадасць цябе зноў, гэтым разам – больш надзейна?
– Разбяромся.
– Дык прымаеш маю дапамогу? Пачакаеш?
– Прымаю. І пачакаю. Слухай… Грошы забяром, а што з тым багаццем рабіць?
– А ты што параіш?
– Хай бы і ляжала тут.
– То хай і паляжыць, – лёгка згадзіўся Грак, быццам і чакаў такой прапановы.
Да вечара наступнага дня яны былі на вакзале невялікага горада – простыя рабацягі з заплечнікамі, і наўрад ці хто мог падумаць, што ў тых заплечніках не старая рабочая вопратка ды іншыя прычындалы вандроўных работнікаў, а пачкі валюты і рублёў. Грак папярэдзіў Мацвея – за такімі рабацягамі, якія вяртаюцца дадому, могуць пільна сачыць розныя зламыснікі, ды і паліцыя не супраць пажывіцца на іх, то трымацца поруч, без напружвання, але і рот не разяўляць. У Маскве перасцярогі Грака не былі дарэмнымі: ім ўдалося ўнікнуць рэальнага рабавання: зрабі яны яшчэ колькі крокаў і апынуліся б у пастцы – у вузкім завулку ім ледзь не закрыла уваход і выхад група з шасці ці больш маладых мужчын з тварамі зусім не інтэлігентнымі. Добра, праязджаў аўтамабіль, Грак зрэагаваў, і яны з Мацвеем выскачылі з таго завулка літаральна на багажніку аўто. .
У магазіне цалкам пераапрануліся і пераабуліся, набылі заместа заплечнікаў невялікія чамаданы. Выйшлі, нібы народжаныя наноў, у нязвыклых для сябе вопратках дзелавых людзей. Так пажадаў Грак.
– Ну, твая Беларусь не такая напружаная ў гэтым сэнсе, як маскоўскія вакзалы, – казаў Грак на пероне – чакалі цягніка на Мінск. – Але галаву не губляй. Няхай у цябе і СВ, і ты малады паспяховы менеджар, але тут небяспека іншая: на такіх надта ж клююць маладыя пекныя жанчыны, а ў цябе – шэсць гадоў утрымання. Не ўзарвіся, – жартаваў ён, хаваючы няёмкасць пры расстанні, якая ўзнікла нечакана для абодвух.