– Дзівак, джынсы! Будуць цесныя, прабач – што было магчымасць узяць. Сабе я во – звычайныя выбраў, – паказаў на другі скрутак Грак.
– Во, у крадзеным паходзім, – Мацвей разгарнуў штаны, прыхінуў да ног. – Як па мне шылі.
– Мараліст…
– Ну, маё сумленне нас не падвяло, – заўважыў Мацвей, намякаючы на выратаванне чачэнцаў з-пад завала, надзяваючы штаны. – Яшчэ вохкія. З вяроўкі зняў?
– А ты хацеў, каб я магазін які абакраў ці ў шафу гаспадарскую залез? Прабач, усё не ў трусах хадзіць. Выпадзе шанс – вернемся і заплацім. Абяцаю.
У іх быў добры настрой – наступнае сяло за гэтым было ўжо на тэрыторыі Расеі. К вечару яны дасягнулі мэты. Грак доўга выбіраў дом з гары, нарэшце спыніўся на тым, дзе былі дзеці і дзве жанчыны, старэйшая і маладзейшая.
– Мужчын няма, гэта добра. Можа загінулі, ці ваююць. То да нас павінны паставіцца добра.
Ён не памыліўся: іх накармілі вячэрай, і хоць глядзелі доўгі час насцярожана, не адмовілі ў просьбе пераначаваць. Старэйшая жанчына кідала на Мацвея зацікаўленыя позіркі, ён адчуваў сябе ніякавата.
Яны пайшлі з сяла досвіткам, жанчыны доўга глядзелі ім услед.
– А маглі б і прыжаніцца, – нявесела заўважыў Грак. – Няма тут мужчын. Слухай… З дакументамі у нас усё ў парадку, нам грошы патрэбныя. Неўзабаве павінна быць вялікае сяло. Знойдзем новабудоўлю. Мы з табой – у заробках. Ноймемся на які тыдзень, дамовімся з гаспадаром. За два тыдні заробім трохі грошай, потым пададзімся ў наша запаветнае месца. А адтуль – пабачым.
Толькі на трэцяй будоўлі гаспадар згадзіўся на іх умовы: працаваць два тыдні і разлік, бо паўсюль наймалі не менш як на месяц. Замешвалі цэментны раствор, насілі цэглу, трохі п’янеючы ад адчування волі. Мацвею падавалася іншы раз, што мінулыя гады – доўгі сон, што ён заробіць грошай і прыедзе дахаты, дзе чакае яго маці. А Паліна? Ці жыве ў іх Паліна? І тут маркота агорвала свядомасць: шэсць гадоў! Не месяцаў, гадоў!
За два тыдні яны цалкам прывыклі да волі – не азіраліся па баках, як некуды ішлі, не прыслухваліся да гукаў уначы. Грошай, якія яны атрымалі, хапала, каб на рэйсавым аўтобусе даехаць да сяла, блізу якога раней стаяла часць, дзе служыў Грак. Развіталіся з гаспадаром, той паціснуў ім рукі, запрасіў яшчэ – яму даспадобы прыйшліся гэтыя работнікі, якіх не трэба было ні кантраляваць, ні падганяць.
Прыйшлі на месца некалішняга размяшчэння часці, Грак сцягнуў з галавы панаму, пастаяў моўчкі.
– Што ж, пойдзем па другім крузе, так, Монця? – азірнуўся на сябра, падбадзёрыў: – На гэтым крузе камандаваць парадам пачынаем мы самі!
Сонца пачало хіліцца за высокія вяршыні, калі яны спраўдзілі з картай тое месца, адкуль Грак назіраў за УАЗікам асабіста. Спусціліся ўніз, пакуль дацягнуліся, стомленыя немалым шляхам, да пазначанай на карце кропкі, ўзяліся прыцемкі. Яшчэ паспрабавалі сходу знайсці якую пячору ці шырокую расшчэпіну ў скалах, але блізка падобнага не было – калючае густое кустоўе падступала да скал, а тыя ўздымаліся крута ўверх.
– Начуем…
Знайшлі больш-менш зацішнае месца, назбіралі сухога калючага голля на вогнішча. Спаць было холадна, паднімаліся па чарзе, падкідвалі сучча ў касцёр. Папілі чаю раніцай, прыняліся за пошукі. Уваход у пячору, які быў замаскіраваны мала што кустоўем, дык і прывалены некалькімі камянямі, ледзь знайшлі праз пяць гадзін пошукаў.
– Ты бачыш, камяні ляжаць… А глядзі, – паказваў Грак: – адкуль камень на камені мог узяцца, тут зверху – плоская сцяна? Відавочна, яго паставілі.
Разабралі камяні, пабачылі вузкі, у паў-росту, уваход у пячору. Унутры яна была з добры круглы пакой. Але пустая. Толькі ў двух кутках грувасцілі камяні. З-пад адной кучы выцягнулі доўгую цяжкую скрыню.
– Тут два гранатамёты, – заўважыў Грак. – Не прадалі.
У другой кучы была скрыня меншага памеру.
– А гэтая з-пад патронаў. Ды лёгкая для іх…
Скрыня была напалову запоўнена грашыма: зялёныя долары, ружовыя еўра, рознакаляровыя банкаўскія упакоўкі расейскіх рублёў.
– Няблага гандляваў твой асабіст, – прысеў ля скрыні Мацвей, узважыў у руках некалькі пачкаў.
– Ён быў, без сумнення, не пешкай ва ўсім гэтым гандлі, але, відавочна, не каралём. Хутчэй – разменным афіцэрам, – выказаў меркаванне Грак, падышоў да другой скрыні і без цяжкасці адкрыў вечка. – Ах ты ж маць!
Падышоў Мацвей і ён ахнуў: у скрыні грудам ляжалі самыя розныя жаночыя упрыгожанні, посуд. Наўрад ці ўсё тут было золата, але што было каштоўным – факт.
– Абедаем, бо не здужаем несці скарб!
Сядзелі ля ўвахода ў пячору, назіралі, як імкліва цямнее ў гарах.
– Што зробіш са сваёй паловай? – пацікавіўся Грак.
– У сэнсе – з паловай? – не зразумеў Мацвей.