– Кажы лепш, што рабіць!
– Ціха, хлопча, буду казаць, што рабіць, – спакойна адрэагаваў Грак. – Вяроўкі добрай няма, ды і ты мяне не утрымаеш, – стаў казаць ён. – Хутка тут будзе караван. Застанёмся удвух – нас застрэляць. Мяне аднаго пабачаць – змагу неяк выкруціцца, можа, прыдумаю што за паўгадзіны. А ты – бяжы.
– Без цябе? – атарапеў Мацвей.
– Без мяне, – жорстка адрэзаў Грак. – Да перавалу нямнога. Спусцішся – і ты на расейскай тэрыторыі. Галоўнае, углыб зайсці, мінай невялікія сёлы, звернешся ў паліцыю ў вялікім сяле ці горадзе. Там прасі дапамогі і грошай.
– Ды ідзі ты!
Мацвей падскочыў на ногі, адчайна закруціў галавой па баках, быццам тут магла аказацца некім раней забытая вяроўка. Але ж караван, там – людзі, узброеныя, яны небяспечныя…
Падхапіўся і пабег назад. Ля навіслага над сцяжынкай завалу прыпыніўся, выбіраючы камень, ды хапіў першы, што трапіўся пад рукі і кінуў у прорву. Супакоіўся, намеціў вялізны валун, які трымаўся на дробных камянях, выбіраў іх. Ірвануў чарговы камень, валун крануўся нехаця, марудліва пасунуўся ўніз і ў наступны момант Мацвей ледзь паспеў адбегчы ўбок – з месца сарвалася ўся маса, грымнула ўніз, зносячы саму сцяжынку.
Паспяшаўся назад, ужо маючы ў галаве нейкі план. Скінуў армейскія чаравікі, якія па вясне выдаў ім Асхаб, сцягнуў штаны. Нетаропка нажом адпароў калашыны, кожную разрэзаў надвое ўдоўж. Звязваў, заціскаў вузлы, наступаючы на краў калашынаў нагамі. Падпоўз да краю абрыву.
– Грак! Трымай!
Кінуў канец “вяроўкі”, узрадаваўся, калі Граку дацягнуўся да яе рукамі.
– Монця, дурань, я кажу табе – ідзе наперад, я сам, як пашанцуе, разбяруся! Ты не утрымаеш мяне! Табе ж там няма ў што уперціся. Без штаноў як у сяле цябе пакажу? Цябе ж бабы схопяць! – крычаў і жартам, і усур’ёз Грак, пасля спытаў цішэй: – Абваліў сцежку?
– Абваліў. Там не ачысціць за паўгадзіны, каб жывёла прайшла. Чакай, я абуюся, пашукаю месца, каб уперціся было…
Мацвей перайшоў вузкую палоску сцежкі, там знайшоў магчымасць уперціся.
– Не хапае тваіх штаноў, – гукнуў з нізу Грак. – Кінь мне нож, буду і я рабіць сабе шорты.
Праз дваццаць хвілін ягоная галава паказалася над сцежкай, ён усміхнуўся Мацвею, які, чырвоны ад натугі, трымаў у руках звязаныя калашыны, прыпаўшы да скалы і упіраючыся абцасамі ў невялікі бугор. Грак асцярожна падцягнуўся на руках, перакінуў сваё цела на сцежку. Нейкі час ляжаў ніцма, потым перавярнуўся на спіну, глядзеў у неба.
– Вось як атрымалася: я твой даўжнік да двух тваіх смерцяў, – ён сеў рыўком. – Двойчы ты мяне ўратаваў. Ну, я не чачэн, лічыць не збіраюся. Сяброў у мяне не засталося, мае ўсе палеглі. Жонка здрадзіла з тым, каго я за сябра лічыў. Бацькі памерлі. Дзяцей не было, ажаніліся позна, не схацела жонка, пакуль я ваяваў. Васільком мяне мама назвала, для сапраўдных сяброў я – Васіль, – і ён працягнуў руку Мацвею. – Будзем разам, Мацвей. Ужо як нам прыйдзецца…
Частка 12
Яны ўзняліся на перавал у прыцемках. Месячык вылез з-за хрыбта, горы ў ягоным бляклым святле набрынялі чорнымі плямамі правалаў. Наперадзе перад спадарожнікамі трапятаў чырвоны агеньчык – нехта расклаў вогнішча.
– Караван спыніўся на начлег, – заўважыў Грак. – Збочым, пашукаем прытулку на ноч, каб нас ніякая зараза не ўгледзела…
Метрах у двухсот ад сцежкі знайшлі неглыбокую пячору, у якой, відавочна, начавалі раней не раз: пасярод быў складзены з камянёў ачаг, засталіся рэшткі дроў.
– О, то нам хопіць і мяса падагрэць, – задаволена гукнуў Мацвей, Грак згадзіўся:
– Ага, распальвай, выхад пячоры ў горы, нас не пабачаць.
Павячэралі, пілі няспешна чай, Грак расказваў:
– Падавалася некалі – служба – для сапраўдных мужчын. Але ўміг дур з галавы выбіла, на першых гадах. Ды ўсё яшчэ спадзяваўся: гэта ў тваёй часці такое, а недзе – па-сапраўднаму ўсё, ёсць гонар афіцэрскі, сяброўства. Не знайшоў. І ўжо намерваўся кідаць войска, ды тут ажаніўся, жонка ажно млела па форме, грошай чакала добрых, бо ж – баявыя дзеянні, плацілі надта добра. Салдат шкада было, у першую чачэнскую іх столькі загінула. Ды яшчэ супраць малых і старых у гарах ваяваць… А не павернешся да іх спінай, бо ненавідзелі і ненавідзяць нас люта. Зможа стрэліць – стрэліць, ці ён ледзь трымаецца на нагах ад старасці, ці ледзь здолее на курок націснуць з-за малалецтва. Перайшоў у разведку, на многія рэчы вочы адкрыліся. Заўважыў адзін раз у гарах: асабіст наш і чачэнскі камандзір. Гутарылі. На нейкую аперацыю не падобна было, бо штабісты не лазілі ў горы, баяліся. А тут без аховы. Вечарам пацягнула мяне прасачыць. І пабачыў: аднаго з палонных ціха перадалі чачэнцам. З таго часу вачэй не спускаў з асабіста, як магчымасць была. Асэнсаваў многа. У яго цэлая сетка сувязяў наладжаных. Кантраляваў збройнікаў, харчовыя склады. Такі гандаль ішоў – уявіць страшна. Аднойчы цалкам КАМаз з прычэпам, адзенне, прадукты, зброя – выехаў з часці і знік. Прыйшло паведамленне: узарваўся нібыта, згарэў. А я ж бачыў, як перадавалі чамаданчык асабісту ля таго КАМаза. Па нядзелях асабіст выязджаў некуды з вадзіцелем. Гадзіны з тры адсутнічаў, вяртаўся. А куды было ехаць, тут да бліжэйшага населенага пункту было дзве гадзіны шляху? Я і падзяліўся сваімі думкамі з лепшым сваім сябрам. Мы з ім ад вучылішча побач. У мяне на афіцэрскім вяселлі ён за дружка быў. Вырашылі мы, што ў асабіста недзе ў гарах схованка, недалёка. І калі так, то трэба яе знайсці. Ты не думай, мы ў справядлівы суд гонару не збіраліся гуляцца. У схованцы адно магло быць – грошы. Бо не стане трымаць, хай ён і асабіст, вялікія сумы ў часці – тут у любы момант што заўгодна можа быць. Пульнуць чачэнцы з гранатамёта – і няма штаба. Было ж. Я цябе, думаеш, проста так распытваў пра тваіх сяброў і пытанне задаваў: каму выгадна? Не, гэта першае правіла. І дробязі, дробязі самыя нязначныя! Напрыклад, во такая: нас на тыдзень іншы раз адпускалі на пабыўку. Сябар паехаў, вярнуўся. Ён разведзены быў, двое дзяцей недзе. Радасны – расказвае, як пагуляў добра. Але без дэталей. Разумееш? Чалавек распавядае табе, як крута пагуляў у рэстаране, зняў там жанчыну, ноч з ёй правёў у прыватнай гасцініцы невялічкай недзе за горадам з лазняй і іншым, дык ён хоць адну назву згадае: ці рэстарана, ці той гасцініцы, ці імя жанчыны. Ці іншую дэталь кшталту памеру цыцак ці аб’ёму сцёгнаў. Дробязную, але – сапраўдную. А тут – нічога. Сабраўся ён мыцца вечарам, а мае вочы зачапіліся за ягоную кашулю, падалося – нейкі валасок ля гузіка. Трэцяга… У маёй Лілі звычка была: пасля салодкай ночы яна вырывала свой волас, яны ў яе доўгія, і волас той вакол ножкі гузіка на мужчынскай сарочцы закручвала. Такі жаночы мілы жэст падзякі за любошчы. Таму і пацягнуўся па кашулю сябра. А там пад трэцім гузікам – накручаны волас. Такога колеру, як і ў маёй жонкі валасы. Тут жа згадаў, як званіў Лілі, а яна недасяжная была, двое сутак, апраўдвалася – тэлефон згубіла, знайшлі… Назаўтра я за сябрам сачыў. Сорамна было, але абавязак разведчыка. Ён у дальняй курылцы бы выпадкова прысеў, а тут да яго наш асабіст падышоў. Выхадныя ідуць, у нас дамоўленасць была: адсачыць шлях асабіста. А сябра раптоўна назначаюць дзяжурыць па штабе. Занерваваўся я, але рызыкнуў. Не ўлічыў, на якую падлянку нашы здольныя. Дык вось, асабіст выехаў з часці, я за ім напрамкі праз адну сопку, бегам – ведаў, дарога там крук робіць. Была ля нас вялікая гара, на яе і ускараскаўся. Сачыў праз бінокль, куды кіраваўся асабіст, дзе спыняўся. На гэтай карце, – Грак паляпаў па планшэтцы, – зрабіў пазнаку іголкай. Разгорнеш яе і паглядзіш на прасвет – пабачыш пракол. Гэта – месца пячоры ў гарах. Вернемся туды. Яна на нашай тэрыторыі, не бойся. Ды такая неспадзяванка тады выйшла: УАЗік з асабістам ад’ехаў ад таго месца кіламетры два і – узрыў. Нарваліся на фугас – іх закладвалі чачэнцы па ўсіх дарогах і сцежках. А я да часці не дайшоў метраў дзвесце. Выйшлі трое з-за каменя, ствол – у грудзі. Не было магчымасці ў Рэмба гуляцца. І мяне дагэтуль гняце: як чачэнцы маглі так блізка падысці да лагеру, ніколі яны раней гэтак не рабілі! І чаму на маім шляху зрабілі засаду? Зрэшты, тут не складана, адно дапусціць, што сябра мяне здаў асабісту. Той мог ўсё арганізаваць, каб мяне захапілі. Такія справы, Монця. Заданне ў нас з табой канкрэтнае: знайсці тую пячору. Затым мне з жоначкай пабачыцца хочацца, з сябрам былым. Ну а табе ж таксама цікава даведацца, з чые ты ласкі шэсць гадоў у парабках чачэнцаў жыў, ці не так?
– Так, – ціха прамовіў Мацвей. – Хачу даведацца. І галоўнае: хто забраў мае запісы.
Раніцай яны перачакалі, пакуль знімецца з начлегу і схаваецца за перавалам караван, пасля пачаўся доўгі, небяспечны спуск. Нарэшце ўнізе паказаліся дамкі невялікага сяла, Грак спыніўся.
– Слухай каманду: падыходзім бліжэй, таемна. Знаходзім схованку, ты мяне чакаеш.
Мацвей не задаваў пытанняў.
Грак вярнуўся праз паўгадзіны, сунуў Мацвею у рукі дыню і скрутак.
– Што гэта?