Асхаб моўчкі ішоў наперадзе, выбіраючы шлях толькі па яму вядомых прыкметах, пятляючы, паварочваючы. Нарэшце спыніўся, прысеў на уступ скалы, паказаў рукой:
– Уніз, паднімайцеся наверх і ідзіце да таго вунь каменя. Там і праходзіць сцежка. Вам у той бок… Час ад часу па ёй ідуць невялікія караваны, не трапляйце на вочы. Яны ўзброеныя. Гэта ўсё.
– Добра, – кіўнуў Грак. – Бывай Асхаб. Старому скажы: не можа ягоны сын быць у палоне ў рускіх столькі часу. Дураць яго. Ён даўно недзе ляжыць у зямлі.
– Я знаю, – суха адказаў Асхаб. – Ён жыве гэтым. Ён брат майго бацькі. Майго забілі, – і спытаў-удакладніў: – Мы з табой у разліку, рускі?
Грак змераў вачыма постаць чачэнца, паглядзеў на сцежку, да якой было ісці сама мала кіламетр – спусціцца з гары і падняцца на другую, пасміхнуўся:
– Будзем лічыць, што ў разліку.
– Бывай, – Асхаб павярнуўся і шпарка пайшоў прэч.
– Гэта ён пра які разлік? – аддыхваючыся, спытаў Мацвей.
У гэты час яны з Граком спусціліся ўніз і пачалі падымацца да сцежкі, арыенцірам якой быў вялікі белы камень.
– Пра даўгі, – усміхнуўся Грак. – Тут такая справа: ты добрае зрабіў для чачэнца па сваёй ахвоце, важнае зрабіў, выручыў яго – ён табе ужо як брат, разумееш? Мы іх уратавалі ад смерці – яны б да вечара не дажылі, а з боку сяла дарога разбураная. Яны гэта зразумелі. І Асхаб дае мне бутэльку вады, з якой піў сам, – як брату свайму. Цяпер ён ніколі мне не зробіць злога. Але да той мінуты, пакуль са мной не разлічыцца, цяміш? І бараніць цябе ад сваіх стане, і за стол цябе свой пасадзіць. Такі звычай.
– Добры звычай, – ацаніў Мацвей.
– Ага, добры, – ухмыльнуўся Грак. – Ты думаеш, чаму Асхаб пра разлік спытаўся? Каб я яго вызваліў ад гэтага абавязку – быць мне братам. Мы яго ўратавалі ад смерці – ён нам даў волю, ежу і паказаў дарогу. Разлічыліся. Абмяняліся, так мовіць, ветлівасцю. Не дай Бог, сустрэнемся другі раз – ён будзе тым самым Асхабам, і мы – тымі самымі палоннымі, якімі былі да землятрусу. От так, хлопча!
Ля каменя яны прыселі, дасталі паесці. Пакуль Мацвей адкрываў нажом бляшанку з тушонкай, Грак разгарнуў карту, вывучаў яе нейкі час.
– А гэтая сцежка пазначана, – гукнуў ён радасна. – Ну, Монця, мы на волі. Наша задача – не трапіць другі раз у пераплёт і выйсці жывымі.
– А можам?
– Можам. Сцежка кантрабандыстаў, Асхаб праўду сказаў. Можам сустрэчны караван напаткаць, могуць нас дагнаць. То глядзі пільна наперад.
– А што пераносяць?
– Туды – Грак махнуў рукой у напрамку, якім яны кіраваліся, – наркату, у асноўным. Назад – зброю.
Быў поўдзень, зыркае сонца паліла з чыстага высокага неба. Сцяжынка добра заўважалася пад нагамі – відавочна, ёй карысталіся часта. Яна вілася, забіраючы ўсё вышэй – выходзіла на перавал. Наступствы ўчарашняга землятрусу яны сустрэлі скора – у адным месцы на сцежцы ляжалі камяні, нямнога, іх абышлі лёгка, у другім давялося расчышчаць сабе дарогу. Гэта затрымала іх на паўгадзіны. Да верху перавалу засталася зрабіць мо з тры ці чатыры пятлі, пабачылі сапраўдны завал – сцяжынка была загрувашчана камянямі, зверху пагрозліва навісала вялізная маса валуноў і шчэбню, гатовая сарвацца ў любы момант.
– А тут асцярожна, – спыніўся Грак. – Глядзі, калі крануць які бяздумна, сыпане зверху – заваліць усё. Суткі расцягваць камяні давядзецца.
Прасоўвалі уздоўж завалу літаральна па кроку. Калі мінулі палову небяспечнага ўчастка, Мацвей кінуў позірк уніз і прысеў, засіпеўшы:
– Грак! Сядай!
Той зрэагаваў імгненна, павярнуўся запытальна.
Мацвей моўчкі паказаў уніз – там па сцяжынцы, дзе яны праходзілі гадзіну таму, рухаліся з дзясятак чалавек і аслоў з цюкамі.
– Спакойна, нас адтуль не пабачаць – сонца над намі, – прыўстаў Грак і, зрабіўшы пару крокаў наперад, апынуўся на чыстай сцежцы. – Давай, Монця.
Праз метраў дзвесце павярнулі чарговы раз, і тут Грак, без крыку, знянацку сарваўся ўніз – край сцежкі абрушыўся, пакінуўшы карніз з паўметра.
Мацвей кінуўся наперад, упаў на жывот, са страхам зазірнуў у прорву. Грак ляжаў на выступе скалы метры тры ніжэй.
– Грак! Грак! – здушана пракрычаў Мацвей.
Грак унізе паварушыўся, асцярожна сеў, страсянуўшы галавой. Тут было строма, без адзінага выступу.
– От такі я разведчык, – і мацюкнуўся адчайна.