Сцежка да хаты старога была ў колькіх месцах заваленая камянямі. Даводзілася двойчы разбіраць завалы. Грак нерваваўся, углядваўся ў далечыню на кожным павароце. Перад жытлом старога зрабілі крук, падняліся ў горы і выходзілі да хаты праз той лясок, у якім раней нарыхтоўвалі дровы.
Пабачылі двор і замёрлі, ўражаныя. Тут паўсюль былі камяні, вялікія і малыя. УАЗік Асхаба ляжаў на баку, пусты. Іхняга хлеўчыка не было – відавочна, яго валуны скінулі ў рэчку. Не было дарогі, якая вяла ў аул – цэлы пласт з гары аб’ехаў долу.
Хата старога была без даху – ён абрынуўся, разваліліся тры сцяны. Было невыносна ціха вакол – нідзе ні гуку, ні жывой постаці.
– Вось дык маеш… – ціха пракаментаваў убачанае Грак.
– Што робім?
– Чакай, хлопча, імклівая змена абставін вымагае трошкі падумаць. Разбіраем завал вунь у тым канцы дома, – загадаў ён, кінуў свой заплечнік вобзем, патлумачыў: – Гэта мужчынская частка дома, там павінна быць нейкая схованка старога, дзе павінна ўсё каштоўнае ляжаць: дакументы, грошы, Каран.
– А дзе яны самі? – вырвалася ў Мацвея.
– Як там працуе твая матэматыка? Спачатку вырашаем адну задачу, – нагадаў Грак Мацвеева правіла. – Павінны былі ўцячы, – выказаўся няпэўна, сам мала верачы сваім словам.
Выкідвалі дошкі, бэлькі, камяні, спяшаліся. Пабачылі, здаецца, ложак старога, Грак злаўчыўся, зазірнуў пад яго, сцішана выгукнуў.
– Куфар там, выцягваем, – і раскідаў той ложак, які складаўся з дошак.
Яго ваенная планшэтка з дакументамі, пашпарт Мацвея, яшчэ розныя паперы і дакументы былі ў гэтым куфэрку.
Прыселі ўдыхнуць. Звінела цішыня. І тады яны пачулі здушаны стогн – з той часткі дома, дзе быў уваход і сенцы.
Пераглянуліся і Грак мацюкнуўся, сплюнуў.
– От што я не люблю, дык гэта вырашэнне задач, якія утрымліваюць маральныя аспекты. Як паступаем, Монця? Табе вырашаць.
Мацвей ці не здрыгануўся.
– Чаму мне? Ты сур’ёзна?
– Больш чым.
– А што будзе, калі…
– Ды не ведаю я! – зазлаваў невядома чаму Грак.
Стогн, падобны на здаўлены крык аб дапамозе, прагучаў выразней.
Мацвей падхапіўся, і накіраваўся ў той бок, хапіўся за бэльку.
– Гэй, цішэй, – гукнуў Грак і падышоў, нахіліўся, падняў і адкінуў падалей камень. – Зверху бяры, – ціха папярэдзіў, на момант застыў, сплюнуў пад ногі: – Дурныя мы, напэўна.
Яны разбіралі завал асцярожна, дайшлі пакрысе да дошак столі, якія абваліся на ўцалелую сцяну пад вуглом. Тады пабачылі босую старэчую нагу. Запрацавалі хутчэй.
Жанчына, трымаючы адной рукой другую, сядзела ў баку ад мужчын. Стары чачэнец, па ўсяму, атрымаў траўму грудзіны, бо дыхаў сіпла, і было відаць, што кожны ўздых прычыняе яму боль. У Асхаба крывёю быў заліты твар, але тое ад ірванай раны на галаве, неглыбокай. Кроў ужо не ішла, валасы на паў-галавы схапіліся чорнай коркай засохлай крыві.
Яны ўсе не прамовілі ні слова. Прыселі ў розных кутках завалу. Грак дэманстратыўна трымаў на каленях сваю планшэтку.
Асхаб устаў, пачаў сам расчышчаць вугал дома. Працаваў моўчкі, спора. Нарэшце расчысціў невысокія дзверцы, разнасцежыў іх, спусціўся ўніз у неглыбокае скляпенне. Вярнуўся з пластыкавай бутэлькай вады, даў папіць старому чачэнцу, жанчыне. Працягнуў бутэльку Граку – з рук у рукі. Грак падзякаваў кіўком галавы, узяў бутэльку і зрабіў пару глыткоў, перадаў бутэльку Мацвею.
Загаварыў стары чачэнец – на сваёй мове, Асхаб моўчкі слухаў яго, унурыўшы галаву. Потым устаў, зноў спусціўся ў скляпенне, выцягнуў адну скрынку, відавочна, армейскую, зялёнага колеру, яшчэ адну. Дастаў чатыры бляшанкі тушонкі, паклаў узбоч. Дадаў туды дзве бутэлькі вады, дзве пачкі сухароў з другой скрынкі.
– Збірайцеся, – сказаў да Грака і Мацвея. – Я выведу вас на сцежку кантрабандыстаў. Па ёй выйдзеце да сваіх. Два дні шляху.
Пайшлі, не развітваючыся. Грак на павароце прыпыніўся, азірнуўся. Тое ж зрабіў і Мацвей.
– Монця, кажам “бывай” гэтаму месцу. Дзякуем, што засталіся жывымі.