– Ёсць! – выдыхнуў урэшце адным вечарам Мацвей, адклаў спісаныя аркушы, пацягнуўся па кубак з чаем. – Даказаў.
– Што даказаў? – пачціва, але без асаблівай цікавасці спытаў Грак.
– Даказаў, што пры пэўных значэнняў эн функцыя не мае ўстойлівага значэння.
– А ад гэтага што?
– Калі сістэму кіравання пабудаваць на такой аснове, у нейкі момант прыйдзе такая колькасць і такіх сігналаў, што сістэма прыме якое заўгодна рашэнне.
– Збой, карацей? – удакладніў для сябе Грак.
– Збой.
– І ты вырашыў?
– Трэба вызначыць гэтыя “эн” і паставіць фільтр.
– Заўтра пятніца, адчуваю, біць скалу ты будзеш з вялікай ахвотай, – пакепліваў Грак. – Малайчына ты, Монця.
– Чаму? – здзівіўся Мацвей паважлівай пахвале.
– Таму. Чалавек настолькі чалавек, наколькі чалавечыя ягоныя клопаты. Пакуль мы думаем пра нешта яшчэ, апроч ежы ды адпачынку, мы не жывёлы.
Праз два тыдні яны прасеклі скалу наскрозь.
Але яна стаяла, нават трэшчына зверху не пашырылася ніколькі, бегла тонкай ламанай лініяй.
– Каб нам які магутны клін, – расчаравана глядзеў на каменную столь Мацвей.
– Дык ужо гранату спытаць у Асхаба, мо дасць, – нявесела пажартаваў Грак. – Пачынаем секчы падэшву. Ад прорвы. Небяспечна надта, у любы момант можа рухнуць. Але іншага выйсця няма.
Землятрус здарыўся ў ноч на чацвер. За гэтыя гады горы трэсла не адзін раз, чулі пра моцны землятрус блізка ад Грознага, тады загінула некалькі чалавек. Але да іх даходзілі адно прыглушаныя хвалі, непрыемна дробна трэслася пад нагамі зямлі, ды са столі пячоры дзе-нідзе сыпаліся каменьчыкі. А цяпер затрэсла так, што цяжка было ўстояць на нагах. Грымела вонкі – зрываліся і каціліся ўніз камяні.
– Выбірайся, хутчэй! – крычаў Грак у цемрадзі, хапіў за плячук Мацвея і пацягнуў да выхаду. Сыпаўся пясок і друз ім на галовы. Здавалася – зараз абрынецца столь. Яны выкараскаліся вонкі, у разгубленасці спыніліся: у які бок бегчы, калі адусюль грымяць камяні, хоць вока выкалі – цемра вакол.
Засталіся на месцы, прыселі, чуйна ўслухоўваючыся. З розных бакоў раздаваліся часам гучныя ўдары, рэха даносіла цяжкія бухаючыя гукі.
– Можа, нам пашанцуе… – адно і прамовіў Грак.
Пашанцавала: землятрус сцішыўся, пачало імкліва віднець. Яны, не згаворваючыся, пабеглі да паляны і далей – да сваёй скалы. І не пабачылі яе. Адколатая ад гары, скала ляжала ў прорве вялізным каменем, плоскім зверху, бы масток. Праўда, і спусціцца на гэты “масток” і ускараскацца на другі бок было няпроста – да краёў не даставала з абодвух бакоў метры па два.
– Што рабіць? – запытальна зірнуў Грак на Мацвея. – Бачыш, склалася трошкі іначай. І гэтае трошкі вымушае нас прымаць рашэнне.
– Нам нельга чакаць пятніцы? – зразумеў Мацвей.
– Нельга. Асхаб не дурань, ён агледзіць прорву, а саму скалу было бачна ад сцежкі. Ды і магло ў іншым месцы абсыпацца. Мы не ведаем. Скала падвісла. Гранаты дастаткова, каб абрынулася. І тады я не ведаю, ці ўдасца прыдумаць нейкі іншы план.
– А што далей?
– Трэба тэрмінова ісці.
– Без карты, без запасу вады і ежы?
– Ціха, не гарачыся. Зараз пойдзем да жытла старога. Схаваемся і сочым. Стары з Асхабам збяруцца сюды. Тады ў нас будзе шанец.
– А жанчына?
– Давядзецца нейтралізаваць на нейкі час. Спраўлюся, не забыўся. У нас выйдзе мала форы, але з картай удвух маем хоць які шанец. Пайшлі, забіраем сухары, заплечнікі, прыхопім адзенне, начамі ў гарах на вышыні холадна. Паспяшаемся, каб не сустрэцца з чачэнцамі на сцежцы. Чорт ведае, раптам ім пасля землятрусу закарціць раней нас праведаць…