– Мацвей, не пытайся нічога! Ён даўно спрабаваў няславіць нашага Алаха, за што быў пазбаўлены языка! – рагатнуў ён. – Ты – здольны настаўнік! Ты будзеш мець многа ежы, добрага адзення, вучыць нашых дзяцей. Трое паважаных людзей хочуць, каб ты падрыхтаваў дзяцей да паступлення ва ўніверсітэт. І ўнука старэйшыны таксама. Саліх расказаў усім, што мае здатнага настаўніка. Ты не крывіся, шайтан! Здагадваюся, пра што думаеш. Але ёсць такія рэчы ў нас, якія не купляюцца за грошы! Гонар! Запомніў? Глядзі!
Вечарам Мацвей расказваў Граку пра гэтае свята ў ауле, той ніколькі не здзівіўся.
– Таму яны і выжылі, таму перамаглі – яны адчуваюць сябе народам, кожны супляменнік для іх – іх частка. Але, я рады за цябе! Гэта табе навука: розум усюды патрэбны, чачэнцы таксама хочуць бачыць сваіх дзяцей разумнымі, то і паважаюць разумных. Маеш розум – не давядзецца махаць кайлом!
– Не, кайлом я памахаю, – усміхнуўся Мацвей. – Без кайла нам ніяк…
Ён разумеў, што словы пра волю, якія пачуў ад старэйшыны, усяго словы. Яму загадалі рыхтаваць да паступлення некалькі чалавек, выходзіць, ніхто не збіраецца яго адпускаць. Вучні будуць ва ўсе часы, а Асхаб, відавочна, нямала атрымлівае грошай, бо ж Мацвей – ягоная уласнасць.
Мацвей стаў на нейкі час, лічы, настаўнікам у мясцовай школе –штодзень прыходзіў сюды. Пасля заняткаў збіраўся дзясятак вучняў, і ён займаўся з імі матэматыкай у асобным пакоі, пакутліва перажываючы сваё становішча: падавалася, што гэта – фінішная кропка ягонага жыцця, што яму тут заставацца назаўсёды, у гэтым ауле чужым сярод чужых, да якога хоць і пачалі ставіцца быццам з павагай на вуліцах – ніхто не глядзеў на яго з грэблівасцю ці злосцю, але ніхто не збіраўся загаворваць.
Грак выправіўся на радовішча адзін, месяц яшчэ Мацвей вёў заняткі. Ягоныя вучні здалі экзамены па матэматыцы вельмі добра, чарговы раз ён атрымаў узнагароджанне – ежу, з якой праз два дні спяшаўся да радовішча са старым чачэнцам і Асхабам. І там, у пячоры, намахаўшыся кайлом да знямогі і ныючага болю ў плячах, седзячы на сваім плоскім камяні, адчуў сябе спакойна, на сваім месцы.
– Знаеш, Грак… Лепей наўпрост працаваць за ежу, біць гэтую чортаву скалу і марыць пра волю, чым там, у цяпле, не галодным, займацца хай і высакароднай справай, але адчуваць сябе сабакам на ланцугу. Якому на ланцугу і здохнуць.
– Ну, мы ж здыхаць не збіраемся, Монця! – падбадзёрыў яго Грак. – А ты маеш рацыю. Глядзі, на наступны год табе прапануюць уступіць у іслам. Выгода яшчэ якая – робішся сваім. Але і застаешся з імі. З ісламу, як з КДБ, шляху назад няма. Вераадступнікаў тут ненавідзяць больш за гяураў.
Гэтым сезонам яны змаглі прабіць тунэль яшчэ на сем крокаў – камень унутры гары паддаваўся лягчэй, скала была спрэс у расколінах.
З надыходам зімы Мацвей зноў стаў настаўнікам. Асхаб прывёз яму новае адзенне і абутак, у хлеўчык на тапчаны – два не новыя, але адносна добрыя матрацы.
Гэта зіма праляцела на дзіва хутка.
Частка 11
Ішоў шосты год няволі Мацвея. Неяк усё ўтрэслася, уладкавалася, кожная дэталь пакрысе знайшла сваё месца ў агульнай карціне – і час нібыта спыніўся і адначасова паляцеў. Нічога не мянялася і не збіралася мяняцца ў жыцці Грака і Монці, хіба што ўсё глыбей яны забурваліся ў шахту радовішча, высякаючы з гары жылу рудога залатаноснага кварцу.
Было адзінае ў летні сезон, калі час адкладаў свае пазнакі штодзень, ды такія важныя. Адзінае звязвала Мацвея і Грака з часам, адзінае дзяліла іх жыццё на мінулае і сучаснае, абяцала будучае. То – прасечка тунэля пад скалой, якая навісала над прорвай.
Гэтым летам яна праб’ецца імі наскрозь. І павінна ўпасці, стаць мостам да сапраўднага жыцця.
– Нам што важна? – раздумваў позна вечарам Грак ля невялікага вогнішча, што раскладвалі ў цёплы час ля ўваходу ў пячору. – Нам важна, каб усё супала. Каб неспадзявана нічога не збілася.
– А што можа збіцца?
– А хто ведае, – уздыхнуў Грак. – Колькі аперацый зрывалася з-за таго, што даўно пралічаная акалічнасць выварочвалася вонкі! Неяк высочвалі мы аднаго палявога камандзіра. Усё нам было вядома: у колькі з’яўляецца ля дому, з якога боку пад’язджае машына, на колькі хвілін прыпыняецца, колькі крокаў і куды робіць наша мішэнь… Мы два тыдні збіралі інфармацыю па каліву, суткамі праседжвалі з біноклямі. Выходзіць група на захоп – і правал. Здарылася дробязь: меншы сын чачэнца у гэты дзень абы-чаго там з’еў, хапіў дзіця панос. І выскачыў ён якраз у той момант, як бацька прыехаў. Вайна вайной, але ж дзіця не станеш забіваць, і пакідаць сведку нельга. Вярнуліся ні з чым. Давялося выбіраць іншую кропку захопу. У задачцы павінна быць усякі раз толькі адно рашэнне.
– Адно… адно рашэнне, – рэхам паўтарыў Мацвей, спахапіўся, выцягнуў з-пад каменя, якім прыціскаў свае запісы, адзін аркуш, другі, трэці. – Чорт! Я так і думаў, я так і думаў! – занерваваўся ён.
– Што здарылася? – устрывожыўся Грак.
– Не здарылася, а магло б… – лепятаў Мацвей, праглядваў спісаныя аркушы. – Так і ёсць!
– Ды што такое? – зазлаваў ужо Грак. – Па чалавечы скажы.
– Функцыя… У адным месцы формула утрымлівае пераменныя, пры якіх яна не павінна… Але я не праверыў, я не праверыў… Карацей, я не праверыў, ці зможа функцыя ў гэтым месцы пры любым значэнні пераменнай пераўтварыцца ў квадратнае ураўненне!
– І што? – выпучыў вочы Грак, у якога адлягло на душы і ён быў гатовы зарагатаць. – Ну, Монця, зараз я бачу, што такое вучоны! За гэтулькі гадоў ты не забыў!
– Ды як забудзеш! Тут усё ляціць к чорту! К чорту, разумееш?
Грак шырока заўсміхаўся.
– От праўду кажу: мы дакладна выберамся! Нельга табе не выбрацца! Супакойся, час ёсць, паправіш…
– Ты не разумееш! Пры нейкім значэнні аргумента функцыя займее квадратнае ураўненне, гэта азначае два рашэнні! Два! А так нельга, бо праграма проста не зразумее, што рабіць з гэтымі двума, яна навучаная браць адно! Трэба правяраць…
Мацвей таропка рабіў разлікі. Грак паглядзеў на яго, падкруціў кнот ліхтара – каб было трошкі святлей. Мацвей не заўважыў. І раніцай ён быў заглыблены ў сябе, сек кайлом пароду з зацятасцю, моршчыў лоб, вечарам зноў занурыўся ў свае паперы. Грак пасмейваўся цішком, не лез з пытаннямі, сам раскладваў вогнішча, гатаваў чай і паесці.