– Не бяда, – падбадзёрыў Мацвей. – Добра, што прызнаўся. Бо большасць думае, што разумее і падманвае сабе… У цябе ёсць машына? Ты умееш ездзіць за рулём?
– Няма, але умею. Паступлю, бацька паабяцаў купіць.
– Выдатна… Табе зразумела тады, што значыць: ты рухаешся з хуткасцю 100 кіламетраў за гадзіну?
– Дурню ясна, – хмыкнуў юнак.
– Выдатна і гэта, – ухваліў Мацвей. – Дык вось, твой рух – гэта ў матэматыцы называецца функцыя, дзе ёсць шлях – рэзультат функцыі, час і хуткасць – яе аргументы. Тут усё зразумела, так?
– Так…
– Гэта прасцейшая функцыя. Але дзякуючы ёй, ведаючы аргументы – час і хуткасць, мы можам вызначыць, як далёка ты ад’ехаў ад роднага дома. Ды вось ты пачынаеш рухацца ад нуля. І з кожнай секундай едзеш усё хутчэй і хутчэй. Як вызначыць, на колькі метраў ды ад’ехаў ад дома за тры ці пяць секунд? Хуткасць жа мяняецца, так? Тут ужо ідзе размова пра паскарэнне. Гэта нейкае прырашчэнне да хуткасці кожны момант часу. Гэта і ёсць вытворная функцыі руху – паскарэнне. Іншымі словамі, вытворная – гэта хуткасць, з якой змяняецца нейкі працэс. А любы працэс мы можам запісаць функцыяй. Выходзіць, вытворная – гэта хуткасць змянення функцыі. Разумееш?
Мацвей глядзеў у вочы юнаку, і позірк таго паступова мяняўся – ад грэблівасці да зацікаўленасці, да адчування адкрыцця і – нарэшце – радасці разумення.
– Так проста? І таму вытворная канстанты роўная нулю – бо яна ж не змяняецца!
– Менавіта так! Але ў фізіцы, геаметрыі, матэматыцы вытворная мае сваё разуменне. Давай іх разгледзім усе. Вось тэорыя граніц…
– Не разумею! – перабіў яго Саліх. – Патлумач, каб я зразумеў!
– Хто ж у вас выкладае матэматыку… Добра, пачнём з самага простага.
Яны займаліся з гадзіны тры, Саліх сказаў, што стаміўся і хоча папіць чаю. Ён не пытаўся, ці хоча таго ж ягоны настаўнік – чай прынеслі на дваіх. Мацвей першы раз за гэты час піў чай, седзячы за сапраўдным сталом на крэсле. Было невыносна горка, ён сам не разумеў чаму.
Заняткі скончыліся, Мацвея паклікалі да старога. Мабыць, Саліх падзяліўся сваімі ўражаннямі ад першага занятку, бо зараз на твары чачэнца не было грэблівай пыхі.
– Ты будзеш прыходзіць сюды кожны дзень. Не бойся, цябе ніхто не кране. Час табе скажа Саліх. Ідзі.
У простым цэлафанавым пакеце, які таксама быў нібы з таго, неіснуючага ўжо жыцця, Мацвея нёс у свой хлеўчык два вялікіх праснакі, кавалак крамнага сыру, пачак чаю і халву – гэта даў яму Саліх.
– Во, нарэшце ты ў пашане, – радасна казаў вечарам Грак – яны частаваліся прынесенымі прысмакамі. – За твой розум і я салодкага паем!
Пра тое, што стары чачэнец, відавочна, больш уладны, чым іх гаспадар, паабяцаў волю, калі юнак пераможа на алімпіядзе, Мацвей прамаўчаў. Бо воля абяцалася толькі яму.
Саліх аказаўся дастаткова разумным і здольным, сапраўды хацеў ведаць, захапіўся матэматыкай, ды бач, з гэтымі граніцамі, вытворнымі, інтэграламі ён затармазіў, бо не разумеў іх прызначэння.
– Давай я табе так патлумачу, – казаў яму адзін раз Мацвей. – Ёсць у майстра сякера. І ён працуе, нядрэнна ў яго ўсё выходзіць. Тут іншы майстар прыдумляе долата, рубанак, скабу… Гэта таксама інструменты для дрэва, і без іх нельга абысціся пры стварэнні нечага складанага. У нас былі простыя лічбы і формулы, быў такі інструмент, як ікс – мы маглі рабіць нейкія вылічэнні, нам было дастаткова гэтага. Але вось ракета ляціць у космас, да суседняй планеты. Патрабуецца разлічыць яе хуткасць, паскарэнне, улічыць масу зямлі, яе хуткасць у прасторы, масу і хуткасць іншай планеты. Тых простых лічбаў ужо мала, нам мала інструментаў. І мы ўводзім новыя: вытворную, дыферэнцыял, інтэграл… Тое, чым мы займаемся з табой зараз – гэта вывучаем інструменты і спрабуем імі карыстацца. Палёт на новую планету – прыклад таго, навошта нам новыя інструменты – для разліку траекторыі. Разумееш?
– Ага, разумею нарэшце, – зарадаваўся Саліх. – Гэта проста інструменты! Вы класна ўсё расказваеце, – нечакана на “вы” закончыў ён.
Праз два тыдні заняткаў у школе рабілі так званую пробную алімпіяду, Саліх не мог стрымаць свайго захаплення:
– Мацвей, слухайце! Я рашыў усе задачкі за палову тэрміна! Настаўнік не паверыў, ён так здзівіўся. А чаго там было рашаць, усё лёгкае!
Праз месяц Саліх выйграў алімпіяду.
Асхаб паклікаў Мацвея за сабой, пасадзіў ва УАЗік, падвёз да дома Саліха. Стары чачэнец пагладжваў белую доўгую бараду, казаў:
– Ты прынёс радасць майму ўнуку, значыць, ты прынёс радасць мне. Я умею дзячыць за прынесеную радасць. Гэта табе пачастункі, – ён паказаў позіркам на напакаваны невялікі мяшок побач з ім. – Саліх так паспяхова выступіў, што яго запрасілі бараніць гонар нашага раёна і нашага роду. Ты павінен дапамагчы Саліху.
Але на рэспубліканскім узроўні Саліх стаў толькі трэцім. І тым не менш, гэта была перамога для ўсяго аула. Пэўна, стары чачэнец, цяпер Мацвей ведаў – старэйшына роду, спецыяльна сказаў прывезці яго ў той самы час: па вуліцы рухалася чорная іншамарка, а яе віталі радаснымі крыкамі мужчыны, жанчыны, дзеці. Мацвей стаяў збоку, бачыў, як ля дома старэйшыны перад брамкай паслалі дыван, на адным канцы яго стаяў старэйшына.
У Мацвея засвярбелі вочы, калі Саліх ступіў насустрач старому, стаў, пакланіўся яму, нешта казаў, пасля стары казаў яму, і ўрэшце абняў, а вакол закрычалі радасна, узбуджана.
Вось чым яны так розняцца ад нас, думаў Мацвей, стоячы ля плота. Яны ўмеюць радавацца поспехам сваіх, умеюць дапамагаць сваім дасягнуць поспеху. Не зайздросцяць, шчыра цешацца…
Тым часам вароты ля дома старэйшыны шырока расчыніліся – і ўсе былі запрошаныя на шырокі надворак, дзе ужо стаялі накрытыя сталы. За асобны стол сказалі праходзіць і Мацвею. Там ён сустрэў таго самага рускага, які першы раз адкрываў брамку. Мацвей спытаў яго пра імя – самае бязвіннае пытанне, але той адмоўна і нават спалохана закруціў галавой. Падышоў Асхаб: