– Матэматык, – ціха пацвердзіў Мацвей. – Вучоным стаць не паспеў.
– На, забірай! Пайшлі!
Праз два дні ён прыляцеў на сваім УАЗіку, прыйшоў подбегам у лясок, дзе Мацвей з Граком нарыхтоўвалі дровы – стары даў ім дзве нажоўкі.
– Ты! – тыцнуў на Мацвея. – Ідзі са мной!
Спусціліся дарогай кіламетры два, Мацвей здолеў праз шкло разгледзіць тое паселішча, якое было бачна з іх гары. Спыніліся ля аднаго дома, зусім не такога, як невялікая гліняная мазанка старога – то быў двухпавярховы гмах з чырвонай цэглы, агароджаны высокім металічным плотам зялёнага колеру. Асхаб націснуў на кнопку званка побач з брамкай, паказаўся мужчына гадоў пяцідзесяці, славянскай знешнасці. Тое, як Асхаб гыркнуў да яго, давала зразумець: гэта такі ж раб, як і сам Мацвей.
Яго прывялі ва ўнутр дома, папярэдне сказаўшы зняць абутак.
У вялікім пакоі, дзе з мэблі былі нізкія крэслы і вялікі нізкі стол, сядзеў стары чачэнец у чысцюткім чорным халаце, відавочна, з дарагой тканіны. Ён паглядзеў на Мацвея, позірк быў цяжкі, не абяцаў нічога добрага.
– Мне сказалі, што ты ведаеш матэматыку. Мой унук хоча перамагчы ў матэматыцы. Ты яго навучыш.
– Прабачце, дзе перамагчы? Я не настаўнік, – імкнучыся гаварыць паважліва, запярэчыў Мацвей.
– Гэта скажа табе мой унук. Пакліч Саліха! – гукнуў ён да дзвярэй, дзе ў маўклівай паслухмянасці застыў той самы мужчына, які адчыняў брамку Асхабу.
Саліх, падлетак гадоў шаснаццаці, зайшоў у пакой, паважліва нахіліў галаву ў бок старога чачэнца.
– Саліх, дзе ты хочаш перамагчы? Патлумач гэтаму рускаму, – мякка загадаў той.
– Неўзабаве алімпіяда па матэматыцы. Я люблю яе, таму хачу выйграць, – падлетак зіркнуў на Мацвея без асаблівай цікавасці – у ім ён не бачыў свайго настаўніка.
Мацвей злавіў сябе на думцы, што ўсё вакол яго нагадвае нейкі сюррэалістычны малюнак: матэматыка, алімпіяда недзе ў школе-раёне, вучань і тут жа – ён, куплены раб абавязаны рыхтаваць гэтага будучага пераможцу. Не утрымаўся, і сказаў, бы сам сабе, з крывой усмешкай:
– Навошта траціць грошы, каб купіць раба-настаўніка, калі можна купіць перамогу? – і, не чакаючы адказу, спытаў падлетка: – Які клас?
– Дзясяты, – цяпер ужо з лёгкім здзіўленнем паглядзеў на яго Саліх, і з выклікам дадаў: – Я хачу выйграваць чэсна!
– Ідзі, Саліх, – загадаў стары, і калі юнак выйшаў, звярнуўся грэбліва да Мацвея: – Я магу за грошы купіць цябе і адрэзаць табе галаву. Ці адпусціць цябе на волю. Пакуль у мяне ні адно жаданне не ўзнікае. Усё надалей залежыць ад поспехаў майго унука. Ты зразумеў, рускі?
– Я не рускі, я беларус, – аўтаматычна паправіў старога Мацвей. – Мне зразумела.
Стары чачэнец глядзеў на яго пільна, але што было ў ягоным позірку, Мацвей не разумеў.
– Ідзі і займайся…
Ад выгляду пакоя маладога чачэнца ў душы Мацвея ўсё заныла – у яго доме быў ці не такі. Канапа, стол пры сцяне, у куце адмысловы стол з камп’ютарам, з вялікім плоскім экранам, дзве шафы, на паліцы адной – кнігі, самыя розныя.
Саліх сядзеў за камп’ютарам, сустрэў яго позіркам з-пад ілба.
– Якія ў цябе цяжкасці, чаму вучыць, што не разумееш? – ціха спытаў Мацвей, знаходзячыся пад магічным уздзеяннем гэтага пакоя, які дыхаў адтуль, з мінулага, воляй і нармальным жыццём.
– Мне цяжка рашаць задачы па алгебры, – нехаця прызнаўся юнак. – Ты мне дапаможаш? Ты станеш мяне дурыць, я скажу дзеду – і цябе з перарэзанай глоткай выкінуць сабакам!
Мацвей здрыгануўся ад той нянавісці, якой былі насычаныя словы, і не стрываў:
– Ты ненавідзіш, ты грэбуеш сваім настаўнікам, то чаму ты можаш ад яго навучыцца? Пакажы мне лепш тыя задачы, якія вам задалі рашаць…
Саліх перасеў за стол, знайшоў сшытак і пасунуў яго па стальніцы ў бок Мацвея. Той, не пытаючыся, прысеў да стала. Раскрыў і нейкі час глядзеў на задачкі. Зразумела, пачатак дыферэнцыяльных вылічэнняў…
– Гэта раздзел матэматыкі трэба найперш разумець, бо без гэтага будзе чым далей, тым складаней… Ты разумееш, што такое вытворная?
Юнак засоп у адказ, выціснуў з сябе:
– Не.