– У нас, дома там, камяні такія магутныя, такія моцныя – ніякім не адколеш кавалак, – задумліва казаў Мацвей, лёгка пастукваючы кайлом па скале. – У дзяцінстве, помніцца, наглядзеўся на тое, якія статуі рабілі ў Старажытным Рыме, хацеў сам што-небудзь высекчы з каменя. Ніяк не паддаўся, я і зубіла сапраўднае з малатком браў – ледзь адбіў аскалёпак, той мне ў нагу упіўся, крыві было… А тут, глядзі, колецца.
– Бо ў Беларусі камяні – граніт ды базальт, ледавік усё на пясок сцёр, крамя іх. А тут – пясчанік, пэўна. Яго магчыма секчы. Ну, чаго стаім? Бачыш – па самым версе трэшчына ідзе? Сама скала нам намякае: сячыце тут! Вось праб’ём тунэль праз яе…
– А як не скоціцца?
– Можа, і не скоціцца, устаіць на падэшве… тады – пачнём секчы падэшву. Зразумей, Мацвей: няма ў нас іншага шансу. Павер, я разведчык. Раней табе не казаў, каб не пужаць. Мы тут – жывёлы бяспраўныя, ты зразумеў. У старога перада мной у шахце памёр адзін… Не ведаў я яго ні імя, ні адкуль ён. Труп я выцягнуў, Асхаб у прорву скінуў. Праз месяц следу не засталося, косткі расцягнулі арлы. Разумееш? У нас няма іншага паратунку, як самім шукаць выйсця. Іначай апынёмся ў нейкі дзень на дне прорвы. Гэта адзінае, што я прыдумаў. Можа, ты, як матэматык, прыдумаеш яшчэ…
– Акурат тое месца, той час і той выпадак, дзе мая вышэйшая матэматыка бескарысная, як ліхтар сонечным днём, – нехаця прызнаўся Мацвей. – Не верыцца, што мы зможам прабіць скалу наскрозь.
– Вочы баяцца, рукі робяць! – рагатнуў Грак. – А ну, хлопча, адхіліся!
Сек Грак, затым – Мацвей, потым зносілі і выкідалі аскалёпкі ў прорву, і зноў секлі. Скала паддавалася – з адным узмахам аддавала кавалачак на два-тры сантыметры са свайго нутра.
Вярнуліся ў сваю пячору пад наступленне імклівых густых прыцемак. Згатавалі чай, пілі ў поўнай цішыні, адчуваючы на гэты раз незвычайную моцную повязь адзін з другім.
– Наш узвод аднойчы ў засаду трапіў, – ціха пачаў казаць Грак. – Трое жывымі засталіся. Двух камісавалі, я – адзін застаўся. У нас не было імёнаў, для сяброў мы звярталіся іначай. Я для ўсіх быў Грак. Бо ж бачыш – нос доўгі, востры, сам і валасамі, і тварам чарнявы. Ты мне адзіны цяпер сябар, ты завеш мяне Гракам.
Мацвей, адчуваючы сваю чаргу на нейкую кароткую, важкую споведзь, прызнаўся:
– А мяне мама малым клікала Монцем. У першых класах школы так і настаўніца іншы раз гукала: Монця Хрысцік, да дошкі! А я крыўдаваў страшэнна, мне здавалася гэта такім абразлівым – Монця, мамін сынок.
– Дык ты – Монця?
– Монця. У сацсетках у прываце былая аднакласніца іншы раз так звяртаецца. Мы сябравалі крыху, былі прыязныя адносіны. Яна цікавая, хоць з ёй іншы раз няпроста.
– Калі з чалавекам становіцца проста, то ведай: альбо ён дурань, альбо надта хітры. Альбо ў вас каханне вышэйшай пробы.
Частка 10
Ім пашанцавала – жыла рудога кварцу ў шахце пашыралася, набрыняла густым колерам. То устаноўленую норму яны выконвалі лёгка, маючы пры гэтым яшчэ добры запас нарыхтаванай руды, які прыхоўвалі. Кожны дзень пасля абеду па чарзе хадзілі да сваёй скалы – і білі тунэль. Тут падганяць патрэбы не было, як зрэшты і таго, хто заставаўся на той час у шахце.
Надышло лета, з пякучым сонцам, гарачым паветрам і невымоўнай цішай над гарамі. Грак не даваў забыцца на зіму – збіралі розныя зёлкі, сушылі. Пакрысе тунэль у скале паглыбляўся, рос ушыркі і ў вышыню. Да наступлення першых восеньскіх халадоў яны прасеклі скалу на добрых пяць крокаў.
У адзін з чацвяргоў чачэнцы прывезлі на аслу упакаваныя цюкі.
– Бушлаты, штаны цёплыя, – паказаў на іх Асхаб. – Працаваць яшчэ. У кашы вугаль, цягніце сабе. Мяса даю. Каб працавалі добра!
У пячоры Грак сумна глядзеў на прынесенае, патрымаў банку кансерваванага мяса ў руках.
– Усё з ваенных баз… Ты не уяўляеш, Монця, як некаторыя ўзбагачаюцца за гэтыя войны! Усё прадаецца: ад тушонкі і адзення да зброі ўсіх калібраў і людзей. Праўду кажуць, што вайна дае беспакаранае выйсце з чалавека самым чорным яго памкненням і думкам.
Мацвей сам не заўважыў, як пакрысе звыкся з новым жыццём. Ён прыняў рэчаіснасць як належнае, больш за тое, глядзеў на сваю цяперашнюю сітуацыю з разуменнем таго, што магло быць і горш. А цяпер ён не адзін – гэта галоўнае. Яны маюць дакладны план свайго вызвалення і кожны дзень набліжае іх да волі. Цяжка фізічна? Канешне, цяжка. Першы месяц нястрымна балелі рукі і спіна, жывот. Ён доўга не мог заснуць – у галаву лезлі думкі пра тое, мінулае жыццё. І яшчэ думаў пра будучыню. Згадваў самыя розныя моманты агульнай працы з Данілам – і адшукваў новыя і новыя каменьчыкі, якія клаліся на шалі вызначэння віны, і стрэлка упэўнена трымалася на пазнацы: “Мог і зрабіў”.
Да восені Мацвей значна падужэў фізічна, налаўчыўся ўпраўляцца з кайлом, каб кожны удар прыносіў толк, тонкая подсцілка з лісця і травы на камені ўжо рабіла ягоную пасцель дастаткова зручнай для адпачынку. Ноч за ноччу ён прымушаў сябе не думаць ні пра мінулае, ні пра будучыню. Вельмі дапамагла папера, якую хай і не адразу, але прынёс ім Асхаб. Пры святле газавай лямпы да позняга Мацвей рабіў самыя розныя разлікі, іншым разам – абы каб не забыцца на асноўныя веды. Спісваў аркушы згаданымі формуламі, нібы рабіў сабе шпаргалкі на будучае. Амаль цалкам узнавіў па памяці свае ранейшыя запісы з украдзенага нататніка, працаваў далей над сваёй ідэяй.
У апошні дзень іх работы на радовішчы Асхаб нечакана павярнуўся да Мацвея:
– Гэй, ты! Паказвай мне тыя вершы!
Мацвей паслухмяна скінуў заплечнік, выцягнуў стос спісаных алоўкам аркушаў.
Асхаб глянуў на першую старонку, другую, скрывіўся:
– Шайтан! Ты мяне дурыць уздумаў?!
– Чакай, Асхаб, чакай, не гарачыся, – умяшаўся Грак. – Монця – матэматык, разумееш. Аспірант, без пяці хвілін вучоны. Для яго гэтыя формулы, значкі матэматычныя – як для нас паэзія. Я ж таксама думаў, што ён паэт такі, як мы звыклі, а ён – паэт матэматычны. Ніякай шкоды, хай сабе піша!
– Матэматык кажаш? – Асхаб глядзеў з недаверам на Мацвея, а ў вачах угадваўся роздум пра іншае, важнае для яго. – Вучоны?