– Проста так даў?
– Ну, не проста, дзесяць працэнтаў зверху праз месяц.
– Ого, які ў цябе бескарыслівы зямляк, – ухмыльнуўся Грак. – Ты палічы, як доўг вырасце, пакуль мы вернемся!
– Ды не ж, кажу! Андрусь – цельпукаваты, такі… вясковец, хоць, канешне, не з дурных. Многім грошы пазычае.
– А адкуль бярэ?
– У яго ўсё нейкія справы, знаёмых многа. Мы з ім у ліцэі вучыліся, мая маці ў яго настаўніцай была. Казала: упарты, хоць талентамі не блішчаў.
– Кажаш, знаёмых розных многа, грошы пазычаў. Цікава будзе з ім пасля сустрэцца. Але давай спаць.
…Напярэдадні пятніцы Грак спытаў, ці можна сціраць напісанае з “дошкі” Мацвея. Атрымаўшы згоду, нашкрэбаў там чатыры радкі, як верш які. Калі Асхаб зайшоў у іх пячору, Грак сустрэў чачэнца з усмешкай:
– Асхаб, глядзі які кварц, га? Такога рудога ты сам не бачыў! Уздымай цану – тут у тры разы болей золата. Бачыш, стараемся! Нам абы чай добры. А яшчэ – папера і аловак. Тут у майго маладога сябра абудзілася любоў да вершаў! Ці бачыш, піша на каменю. Чуеш, Асхаб, прынясі пачак паперы, будзь такі добры – за гэта табе адборнага кварцу чвэрць каша! Папера менш за чай каштуе. Ага, і алоўкаў штук пяць…
Па ўсяму было відаць, Асхаб быў ўражаны не пэўным нахабствам Грака, а тым, што ў адным кашы сапраўды (Грак выбіраў кавалкі) кварц быў зусім не празрысты, а руды, з цёмнымі тонкімі жыламі.
– Будзе табе папера, працуй старанна, – паабяцаў ён.
Масток лёг на ранейшае месца, чачэнцы з нагружаным аслом сышлі, Мацвей няўцямна спытаў:
– Якія вершы? Навошта папера?
– Ну, не стану ж я ім казаць, што ты матэматык. А вось паэзію тут заўжды паважалі, уся яна пачалася з прысвячэнняў Алаху. Ты спакойна пішы свае разлікі, а не пакутай з каменнай дошкай, бо мне ажно шкада на цябе глядзець.
– Ды нічога, затое памяць развіваю, – засароміўся крыху Мацвей, паспяшыў падзячыць.
– Давай прадукты ў пячору занясём, спусцішся ў шахту ды прыхапі нашы кайлы. Я табе галоўнае пакажу…
З кайламі яны ўзняліся да паляны з кустоўем, Грак упэўнена вёў далей – ажно да самага падножжа стромай вялізнай скалы. Мацвей дзівіўся, але не пытаўся нічога. Доўга ішлі ля падножжа, забіраючы усё вышэй, паварочваючы. Нарэшце Грак спыніўся, апусціўся на траву і паказаў побач з сабой Мацвею – сядай. Той аддыхаўся, паглядзеў прама перад сабой і міжволі выдыхнуў:
– Ух ты…
Справа ад іх была відаць цясніна, тая пляцоўка з мастком, іх пячора. Мацвей міжволі вёў позіркам: цясніна бяжыць пад імі, а там скала, тырчыць бы вялізная чалавечая галава.
– Так выглядае, во-во ўпадзе, – паказаў на “галаву” Мацвей.
– Ага! Малойца, і я так падумаў. Спускаемся да яе, але – вельмі асцярожна. Запомні: у тры разы людзей больш гіне на спусках у гарах, чым на пад’ёмах.
Спуск заняў паўгадзіны. Яны стаялі пад скалой, якая насамрэч навісла над самай прорвай, але было відаць, што прастаяла яна так не адну сотню гадоў, ці нават тысячу, і яшчэ столькі ж можа прастаяць.
Прорва ў гэтым месцы была хоць і намнога шырэй – з метраў дзесяць-дванаццаць, але куды плытней – можа, метраў шэсць-сем углыб, праўда, строма з абодвух бакоў.
– Слухай сюды, Мацвей, – прысеў ля скалы Грак. – Два гады я на рудніку, да гэтага ў іншага гаспадара быў, перакупілі мяне. Я тут усё аблазіў. У левы бок нам дарогі няма, наверх – няма, управа – вось апошні крок. Такім чынам, скалу скінем у прорву – зможам перайсці. Чакай, не перапыняй, потым ўсе пытанні спытаеш. Я табе казаў: у горы не бяжы, загінеш. І я не брахаў. Гэта табе не твае беларускія лясы, дзе і грыба з’есці, і ягаду, і жабку. Тут камяні грызці не станеш. Заблукаць у гарах – лягчэй лёгкага, бо тут усё падманнае. І адлегласці, і велічыні. Таму без карты рабіць няма чаго. А мае карты ў маёй планшэтцы з маімі дакументамі. А планшэтка, як і твае дакументы, у старога чачэна ў хаце.
– І як ты аднімеш? Заб’еш? – акругліў вочы Мацвей.
– І забіць змагу, як нявыкрутка будзе. Хоць, такога старога, ды яшчэ ягоную жанчыну… не даводзілася. Але слухай. Як скала ўпадзе нармальна, то перагародзіць прорву. Значыць, чакаем вечара чацвярга. У гэты дзень атрымліваем прадукты на тыдзень. Пятніца – дзень малітвы. Стары са сваёй жанчынай сыходзіць з дому. І то наш шанс. Ноччу мы падбіраемся да ягонага жытла, чакаем. Як ён сыходзіць – забіраем дакументы і карты. Знікаем. Галоўнае, каб ён нічога не западозрыў. Тады ў нас цэлы тыдзень форы. За гэты тыдзень, маючы карту, мы здолеем быць далёка адсюль. Шукаць нас будуць, папярэдзяць пасты і міліцыю сваю, але… мы па дарогах не пойдзем. Як табе план?
Мацвей маўчаў – ён глядзеў на скалу. Якім чынам можна скінуць яе ў прорву? Як аддзяліць ад самой гары? Гэта ж нерэальна…
– Хадзі-тка сюды, – устаў Грак, падвёў да самай скалы. – Бачыш? – ён тыцнуў рукой на заглыбленне ў скале на чалавечы рост, і Мацвей дапяў: гэта высечана кайлом!
– Гэта… ты зрабіў?
– Я зрабіў. Цяжка было, жыла бедная ішла, ледзь паспяваў набіраць норму. Бо не дабярэш – і ежы менш пакіне. То па пятніцах…