– Выдатна, выдатна… Твой нататнік раптам аказаўся запоўнены лістоўкамі, а запісы некуды зніклі. Так?
– Так. Але ж мог быць усяго толькі падобны чахол…
– Забудзем на гэта пакуль. Тыя запісы ў нататніку – твае ідэі?
– Хутчэй – накіды ідэй.
– Але нармальнаму чалавеку з твайго асяродку, таму ж Данілу, няцяжка разабрацца – і развіць твае накіды?
– Ды не ж, не стаў бы Даніла такое рабіць! І не знаў ён! – горача запратэставаў Мацвей. – Мы з ім столькі разам.
– Адключы эмоцыі і маральныя устаноўкі! – параіў строга Грак. – Ты – вучоны, дык і думай адцягнена. Дапусцім, Даніла атрымаў твае запісы, ты – трапіў за краты і быў адлічаны з магістратуры, яму гэта было б выгадна?
Хвіліну Мацвей не адказваў, потым выдыхнуў:
– Так, выгадна. Яму вызваляецца месца ў аспірантуры, ён мае добрыя ідэі для распрацоўкі, у тым ліку і тую, якую я на “дошцы” часткова намаляваў. Гэта прагрэсіўная мадэль кіравання, яна не мае аналагаў.
– Ну вось, спынімся на гэтым пакуль. Далей. Паколькі ты малады, значыць, у цябе будуць адносіны з дзяўчатамі. А там, дзе ёсць адносіны, заўсёды канфлікт з трэцяй асобай. Ці гэта дзяўчына, якую ты не заўважыў, а яна хацела б мець з табой стасункі, ці гэта хлопец, які хацеў бы быць на тваім месцы. Жанчыны розныя жаданні маюць, але ўзнікаюць яны часцей у адносінах да мужоў… – Грак на нейкі момант прыпыніўся, мусіць, згадаў важнае для сябе ці занадта балючае. – Але працягнем, – страсянуў ён галавой, вяртаючыся да тэмы размовы. – Згадвай, не спяшайся: ці быў у цябе такі сапернік, які хацеў бы, каб ты знік з гарызонту?
Мацвей кісла усміхнуўся:
– Тут гадаць няма чаго – такі быў. І пагражаў, і за грудкі хапаў.
– Так, зноў падрабязна.
– У мяне знаёмая была. Больш, чым знаёмая. Яна з сям’і, як сама кажа, інтэлігентаў у нейкім там пакаленні. Бацька і маці – вучоныя, пры тым бацька – на кіруючай пасадзе. Усё мне казала прэ эліту.
– А што за сум у слове “была”?
– Ды… Яна выхаваная ў сям’і дзяржаўнікаў. Да ўсякіх апазіцыйных рухаў ці акцый ставілася грэбліва, у яе быў свой вывераны погляд на палітыку. І тут я станаўлюся ў яе вачах дурным «оппам», які разносіць па горадзе лістоўкі супраць улады, – Мацвей уздыхнуў і прызнаўся дарэшты: – Мяне ж заарыштавалі якраз на спатканні з ёй. А яна не патэлефанавала. Ні разу. Выходзіць – была.
– Во як цікава! – ажывіўся Грак, ніколькі не спачуваючы Мацвею. – Значыць, маем таго хлопца, якому твой арышт менавіта за лістоўкі выгадны. Цябе гэтым арыштам літаральна бульдозерам счышчае з агульнай з той дзяўчынай дарогі, так?
– Так.
– Дык што маем урэшце? Ужо двух чалавек, якія былі зацікаўлены ў адлічэнні цябе з магістратуры. Сама тэхніка падставы не выклікае ніякіх сумненняў: калі невядомы хацеў толькі твайго адлічэння ці толькі арышту па апазіцыйнай справе, лістоўкі дастаткова было пакінуць побач з тваім нататнікам у матрацы. Той факт, што зніклі твае запісы, кажа пра зацікаўленасць таго невядомага ў авалодванні запісамі. Цяміш?
– Не верыцца. Мо ўсё ж выпадковая падмена? Даніла, Раман… Дый, якая розніца?
– Цяпер – ніякай. Але пазней спатрэбіцца. Яшчэ момант адзін: як ты тут апынуўся. Выпадкова знайшоў інфармацыю пра працадаўцу?
– Не, мне зямляк падказаў, даў тэлефон. Ды ён не пры чым.
– Усе не прычым, гледзячы бараном на новыя вароты. Ці ты яшчэ сумняваешся, што лістоўкі падкінулі і запісы забралі менавіта табе і ў цябе, каб закрыць табе дарогу ў аспірантуру і выставіць ворагам для дзяўчыны?
– Не сумняваюся, – уздыхнуў Мацвей. – У галаве не укладваецца ніяк: няўжо чалавек так лёгка ідзе на подласць? Учора – сябар шчыры, а сёння са стромы піхае?
– Што сябар, ты яго нейкіх пяць-шэсць гадоў знаеш, і што тая аспірантура! – выгукнуў Грак, працягнуў з горыччу, відавочна кажучы пра сябе: – А вось жанчына, з якой дзесяць гадоў пражыў, якую кахаў, якая, здавалася, кахае, якой верыў і давяраў, выпраўляе цябе на смерць, можаш уявіць такую подласць? І сябар, якога ты ад смерці літаральна выратаваў? Ат, няма мяжы людской подласці, ведай. І якую ні прыдумаеш – на тую чалавек і здольны.
Ён замаўчаў, паварушыў вуголле, падкінуў колькі галінак.
– Дроў нам назапасіць трэба, заканчваюцца. Але, – вярнуўся ён да тэмы размовы, – той працадаўца пытаўся ў цябе: адзін ты едзеш ці з некім, першы раз ці вопытны?
– Пытаўся. І там, у Маскве, гэтаксама наймальнік пытаўся: ці першы раз, ці адзін.
– Бачыш, нічога няма выпадковага. Вядома, той наймальнік, якому ты званіў, мог і не ведаць, куды ты патрапіш, але, факт, здагадваўся. Бо канкрэтнае заданне атрымаў і яго выконваў – пастаўляць адзінокіх шукальнікаў заробку, нявопытных. І твой зямляк мог менавіта пра гэта ведаць. Тут дзіцю ясна, на якую работу могуць спатрэбіцца адзінокія мужчыну без вопыту такіх паездак.
– Не, Андрусь ні ў чым не вінаваты, – задумліва адказаў Мацвей. – Ён жа мяне выручыў – пазычыў грошай!