– То і людзі такія – хуткія на эмоцыі, – заўважыў Грак. – Тут вясёлы, тут сумны, тут добры, тут ужо злы.
– З-за сонца?
– Хто ведае, можа і так. Адно дакладна бачу: горцы бульбу не ядуць. А мы там на бульбе адно і сядзім.
– Дык дрэнна бульба?
– А то! Крухмал, напрэшся – сытая задаволенасць, атупленне, абыякавасць. Ляжыць такі, патэльню смажанай навярнуўшы, абы яго не чапай – хоць дах разбірай. Салдат у арміі як накарміць? Ды бульбы паболей, а мяса прапаршчык са склада штабістам прадасць. Можа, некалі даследчыкі што адкрыюць, якія навуковыя законы, але дакладна усвядоміў, паездзіўшы па свеце: дзе бульба – за першае і галоўнае, там не людзі, а авечкі. Дык а ты што за квадраты малюеш, не падзелішся сакрэтам?
– Ды які сакрэт, я ж – матэматык. Магістрант былы. Згледзеў нібыта дошку, згадалася ўсё. У мяне нататнік прапаў пры арышце, а там былі накіды прынцыпова новай матэматычнай мадэлі кіравання. Нікому яе не паказваў.
– Ты пра які такі арышт? – здзівіўся Грак. – Можа, падзелішся трохі: якім чынам ты тут апынуўся, магістрант? Час нам прыйшоў пагаварыць грунтоўна.
Частка 9
– Згадваю словы следчага пра тое, што ў арміі, калі б трапіў, не раз пашкадаваў бы пра непадпісаную дамову. Усяго толькі паставіць подпіс – і дзе б зараз быў я, дзе б быў гэты свет? А там? Што было страшнага? Ніхто ж не прымушаў мяне сілком высочваць сяброў.
Мацвей закончыў свой кароткі аповед пра падзеі апошняга тыдня на волі. Грак нічога не казаў, варушыў прутком у кастры.
– Цікава як атрымалася з тымі лістоўкамі… Кажаш, нават уявіць не можаш, як яны там апынуліся? – спытаўся ён пра іншае, быццам не чуў заключных слоў Мацвея.
– Не. Мяркую, выпадкова. Мог такі ж самы чахол быць у каго з гасцей Аляксея-першакурсніка. Той мог яго сунуць пад матрац на час, напрыклад, як я зайшоў, а пасля дастаць, ды толькі ўжо мой. Адзінае лагічнае тлумачэнне.
– Ага, быццам адзінае. Каму ты дарогу перайшоў, не ведаеш?
– Ты лічыш, што мне спецыяльна падкінулі лістоўкі? – здзіўлена зірнуў на Грака Мацвей. – Кажу ж, не было ў мяне ворагаў.
– Пагаворым і пра ворагаў. Во што табе скажу адносна той дамовы са следчым. Апошні год я ў разведцы быў, бліжэй да спецназу. Дый войскі заўсёды былі кэдэбістамі наскрозь працінаныя, усе войскі. Знаеш, гэта не таўро на тваю лапатку ці на лоб. Не, гэта нітачка такая, да цябе навечна прывязаная. Самая моцная нітачка ў свеце. І нябачная іншым. З аднаго боку цябе за гэтую нітачку так могуць цягнуць, што ты бы па масле па жыцці закоўзаеш. А з другога боку, гэтая нітачка тваім ланцугом стане. Вось хвароба такая ёсць – шызафрэнія. Кажуць, у чалавеку пачынае жыць іншая асоба. І дзве асобы жывуць у адным целе, па чарзе завалодваючы мозгам. Дык я пра што? Ты дамову падпісваеш аб сакрэтным супрацоўніцтве – ты нібыта ўпускаеш у сваю свядомасць іншую асобу. Адна – гэта ты, добразычлівы сябар, спакойны вучоны, шчыры чалавек. Другая – пільны назіральнік, дбайны паслугач, бессардэчны даносчык. Мусіш так жыць. Самае балючае ў гэтай сітуацыі тое, што гэта не хвароба, лекаў ад яе няма, і ў труну ты кладзешся вось такі – падвоены. У сакрэтныя агенты КДБ можна добраахвотна увайсці, а выйсці не атрымаецца ніяк. Бо так пабудавана сістэма. Таму, хлопча, правільна ты зрабіў. Лепш перацярпець адзін раз, праўду кажу. А тое, што палохаў надта, то не вер асабліва, бо ў ваенным вучылішчы, у арміі кожнаму трэцяму прапаноўваюць быць сакрэтным супрацоўнікам, кожнага палохаюць. Асабліва тых, хто трапляе па дурасці ў якую непрыемнасць, што выключэннем пагражае. Не перажывай, на цябе ўжо і забыліся, у іх спраў хапае без клопату пра твой лёс. Тут гэтае нам перажыць неабходна. Але перажывём і выжывем, дакладна! – Грак казаў з незвычайнай упэўненасцю.
– Адкуль такая упэўненасць? – не даў веры Мацвей.
– Бо ты не падпісаў паперку, – проста патлумачыў Грак. – Таму я магу табе даверыцца. А ўдвух зможам адсюль выбрацца. Пра гэта мы ў пятніцу пагаворым. Помніш пра пятніцу? То наш дзень надзеі. Дык кажаш, ворагаў у цябе ніякіх не было?
– Ды не…
– Давай паглядзім пільней. Няхай няма ворагаў. Пералічым, каму выгадна тваё знаходжанне тут, а не ў тваім Мінску. Ты – будучы вучоны, пачнём з гэтага. Твой шлях – з магістратуры ў аспірантуру. Добра. Цяпер пытанне: конкурс там нейкі ёсць? Ёсць такое, як ты трапляеш, дык нехта не трапляе?
– Так, месцаў не заўжды хапае. Мархель, наш кіраўнік, сказаў у той вечар, што мне месца ёсць, а Даніле, мабыць, праз год.
– Тут падрабязней: што за Даніла?
– Мой сябар. Мы з ім займаліся тэмай, ён – цудоўны практык. Умеў пабачыць праект у рэальнасці, астуджаў мой залішні пыл. У нас выдатны тандэм атрымаўся.
– І яму месца ў аспірантуры не было?
– Напачатку планавалася, што мы ідзём удвух, і тэма ў нас была адна на дваіх. Ды тут скарацілі колькасць месцаў. Але ж гэта няважна, яго б праз год узялі.
– Узялі б – тое умоўна. А яго ў войска забралі б – тое больш верагодна. Правільна думаю? Добра. Ты кажаш пра тандэм. А што вы адзін без другога? Ты б змог без Данілы?
– Ды змог бы.
– А Даніла без цябе? Ён самастойна што значыў у вашым праекце? Ты назваў яго добрым практыкам, але ж навука без тэорыі, без ідэй нішто, так? Уявім: Даніла без цябе. Што маем?
– Неяк так атрымлівалася, што ідэі, калі ні глянь, былі мае, мы займаліся разлікамі, змяшчалі ідэю ў абгортку формул і функцый… Але Даніла зусім не зацікаўлены ў тым, каб застацца без мяне!
– Без цябе ці без тваіх ідэй?
– Ну, без ідэй.