– Наша жытло цяперашняе, – без скрухі сказаў Грак, а голас яго панёсся некуды глыбока – у цемру. – Не дрэйфь, хлопча, тут не страшна. Землятрусы бываюць рэдка ў Чачні, скала надзейная, шахта зусім неглыбокая – нейкіх пяцьдзясят метраў у гару пад ухіл. Інструмент цяперака далі лепшы, – ён узважыў у руках кірку, – паспрабуем выжыць.
Да вечара яны уладкоўваліся. Сцяжынка дабягала да вялікай паляны, дзе расло кустоўе, то збіралі крамя дроў леташнюю лістоту – каб зрабіць сабе пасцелі. Тут жа працякаў і невялікі ручай халоднай вады, які далей зрываўся з бездань.
– І адсюль ніяк не збегчы? – не пытаючыся, а шукаючы пацвярджэнне сваім словам, спытаў Мацвей, старанна аглядаючыся навокал. Ён быў пад вялікім уражаннем ад паходу па сцяжыне і не хаваў гэтага – горы на гэты раз падаліся яму зусім не лёгкімі для прагулкі.
– Так, дружа, – адгукнуўся Грак. – Ці бачыш, тут такая сістэма: ты ідзеш быццам лёгка і спакойна, знянацку наперадзе – прорва ці стромкая скала. І ўсё, шляху няма. Трэба ведаць, дзе ў які час звярнуць з лёгкай дарогі, каб абысці. Па прамой з кіламетр, а дайсці – усе дзесяць, і тое, ці зможаш яшчэ. Не, я тут дасканала ўсё вывучыў. Няма адсюль шляху, крамя як на масток, які ўжо назад лёг. І ты вось глядзі: нейкія чатыры метры прорвы ці трохі больш – а ты ў палоне.
– А масток стары замкнуў.
– Нам яго ўсё адно не дастаць. А замыкае, каб выпадкам якія бадзякі не залезлі ў пячору, не кралі ягоны кварц, каб нас не захапілі, тут і такое здараецца… Такія дробныя радовішчы тут – дзедзіна, перадаюцца ад бацькоў дзецям. Законы тут жорсткія, кроўю пісаныя, ды ж людзі ўсякія бываюць. І бедакі, і злачынцы. Усё як усюды.
Назаўтра спусціліся з адным ліхтаром (эканомілі газу) у шахту. Грак паказваў і расказваў.
– Лепш як мага глыбей напачатку пустую пароду выбіць, яна тут не надта цвёрдая. Затым бяром молат і во гэтае долата, б’ём наўскос. Тады кварц не крышыцца тут, кавалкамі падае. Давай, ты аднось пустую пароду і кідай у прорву. Кварц пасля удваіх вынесем.
Праз які час Мацвей сам паспрабаваў з другога боку жылы. За гадзіну забалелі, ажно пачалі нямець рукі. Але упарта махаў кайлом, пакуль Грак не спыніў:
– Годзе хлопча, перакурым! Няблага для пачатку.
За тыдзень яны навыбівалі горку рудога кварцу. Пры дзённым святле ён не уяўляў ніякай каштоўнасці.
– Няўжо тут праўда – золата? – круціў у руках вялікі, іржавы знутры, кавалак кварцу Мацвей.
– Ды міліграмы… – махнуў рукой Грак. – А каб яго адсюль дастаць, ладзіцца цэлы працэс, бачылі мы. Яны руду прадаюць, з таго і маюць колькі грошай.
Прыйшлі стары з Асхабам. Перанеслі кашы з кварцам праз масток, Грак, пачуваючыся смялей, бо бачыў: стары і Асхаб задаволеныя работай, запытаў:
– Слова мы стрымалі, а чай заканчваецца. То можам на тых жа ўмовах.
– Працуй добра, – кінуў Асхаб.
Яны атрымалі ежу на тыдзень, сядзелі ля сваёй пячоры.
– Адпачнём заўтра, помні пра пятніцу, – разважаў услых Грак. – Ужо трава вылезла. Пойдзем шукаць сабе рознае, каб на зіму настой нам быў, бо чай у іх зарабляць, бачыш, няпроста. Памыемся, пагутарым. У нас запас ёсць маленькі, – кіўнуў ён за спіну ў пячоры, дзе прыхавалі горку здабытага кварцу. – Хто вязе – на таго грузяць, нам герояў не дадуць і за стол ганаровымі гасцямі не пасадзяць. Ды і ўвогуле, па жыцці я так зразумеў: працаваць варта для сябе: каб выканаць норму і атрымаць заробак, каб не дзяўблі мазгі. Роўна столькі, колькі неабходна. А звыш – тое не на здароўе. Тое хавай для сябе. Бо адбяруць. Помніш у Маркса пра дабаўленую вартасць?
– Не помню, не цікавіўся філасофіяй, – чамусьці засаромеўся Мацвей.
– То не філасофія, то эканоміка. Чалавек вырабляе дабаўленую вартасць, яе ў яго адбіраюць. От якая справа!
Назаўтра падняліся да паляны і вышэй, колькі маглі, у горы, збіралі першацветы, якія ведаў Грак, каб засушваць. Каля аднаго выступу Мацвей прыпыніўся. Тут камень распластоўваўся на мноства амаль аднолькавых па таўшчыні, сантыметры па два, пліт. Ля вялікай, прамавугольнай формы пліты, Мацвей і прысеў.
– Ты што, не бачыў такога? – здзівіўся Грак. – Ды яго навалам, плітачніка, здабываюць, вывозяць. Заместа цаглін скарыстоўваюць, дарогі мосцяць.
– Ды я з іншай прычыны, – трохі засаромеўся Мацвей. – Пліта гэтая бы дошка школьная. Слухай, а дапамажы мне яе прынесці? – нечакана папрасіў ён.
– Азбуку вучыць чачэнскую? – ухмыльнуўся Грак, але, угледзеўшы запал у вачах хлопца, згадзіўся: – Добра, прывалачом.
– А каб такога каменя, які нібыта крэйда!
– Кшталту гіпсу павінна быць. Тут, я табе скажу, не ўгадаеш, які камень на якім пачне сляды пакідаць. Возьмем па кавалку малому, пашукаем.
К вечару у пячоры Мацвей прыладаваў да сцяны сваю “дошку”, узяў адзін з выбраных каменьчыкаў, лёгка намаляваў прастакутнік, ад яго стрэлку, яшчэ прастакутнік…
Грак адно пераставіў бліжэй да “дошкі” запалены ліхтар.
Мацвей падзякаваў кіўком галавы, скасавурыўся на уваход:
– Так імкліва, раптоўна цямнее тут…