Грак адказаў мала што не радасна:
– Памыем, ламарэ стаг, акуратна, як заўсёды!
І патлумачыў Мацвею:
– Праз дзень-другі авечкі на пашу пойдуць – трава з’явілася. Перад гэтым іх мыць неабходна, там пабачыш, гэта каб кляшчы іх не так жэрлі. Бо без дэзынфекцыі могуць так заесці – ходзіць авечка, уся ў вінаградзінах, так кляшчы крыві насмокчуцца, урэшце здыхае. Справа надзвычай важная, каб не пакалечыць ніводнай, тут авечкі дарагія. На завяршэнне працы – свяжуюць авечку слабую ці акалечаную, ці старую, госці прыходзяць, будучы пастух, усіх мясам частуюць. То і нам перападзе кавалак, бо супраць звычаю тут ніяк не ідуць: хто авечак мыў – усе на пачастунак маюць права.
Выгналі жывёлу з аўчарні, авечкі ніяк не хацелі ісці ў загародку да выкапанай раней прадаўгаватай яміны, давялося пабегаць. У яміне было вады па пояс. Прыехаў малады чачэнец, як зразумеў Мацвей – Асхаб, прывёз у меху нейкі парашок – яго сыпалі ў брудную ваду ў яміне, перамешвалі. Махнулі Мацвею з Гракам, тыя захапілі адну з вялікіх авечак, пацягнулі і кінулі ў брудную ваду. Стары з Асхабам стаялі ля яміны з доўгімі шастамі-рагацінамі і зверху націскалі на авечыя спіны, шыі, галовы – каб жывёліна цалкам акуналася ў ваду. Авечкі жаласліва мэкалі, мітусіліся ў вадзе, ускаламуцілі ўвесь бруд, ніяк не маглі даўмець – у які бок ім рухацца, каб выбрацца ўрэшце. То Мацвей з Гракам чакалі, каб вызвалілася месца, каб не скінуць якую жывёліну на спіну ці галаву іншай. Не столькі дзеля старання, колькі ад жалю да перапуджаных авечак, якіх гвалтоўна кідалі ў халодную ваду – і гэта пасля месяцаў цяпла і спакою роднай аўчарні.
Двор старога напоўніўся людзьмі – з’явіліся і пару жанчын. Мацвей з Гракам былі ў сваім хлеўчыку – ім забаронена было быць ля стала “верных” ці дапамагаць гатаваць страву. На стук кійка ў дзверы выйшаў Грак, Мацвей чуў, як ён весела падзякаваў:
– Хай Алах спрыяе вашаму дому!
Ён вярнуўся з паловай авечай нагі, абадранай ужо, без скуры, з мяшэчкам, відавочна, солі.
– От і мы пабалюем! Шашлык – то не ежа! Шурпу зробім, давай?
– Ды мне без розніцы, – выдыхнуў Мацвей. Яго нечакана балюча драпнула тое радаснае дзякаванне Грака за мяса, як і увесь вясёлы настрой.
Той пачуў бурлівасць у душы Мацвея, усміхнуўся:
– Не злуйся і не касавурся. Гэты стары не вінаваты, што я тут, што ты тут. Так яны жылі сотні гадоў – куплялі сабе парабкаў, якія рабіліся іх уласнасцю. Ці да іх наймаліся бедныя. Вось, пастух прыйшоў наймацца – сам стары не пасвіць. Складанасць у тым, што мы ж для іх не проста парабкі, але іншай веры. Мы – нячыстыя, горш за жывёлу. Гэта маладзейшы да цябе падыдзе, паразмаўляць можа. А старэйшыя, якія веры пільнуюцца, – ого! Тут такі фокус: ты разумееш, чаму так яны паводзяцца з табой – ты іх прабачаеш. Бо, як той Хрыстос казаў: не ведаюць, што робяць. Няма сэнсу злаваць на іх. Злавацца трэба на тых, дзякуючы каму ты тут апынуўся. Будзь вышэй за сітуацыю!
– А ёсць вінаватыя, чаму ты тут? – спытаў Мацвей. Яго, што праўда, супакоілі словы сябра. І сапраўды, не стары ж яго выкраў з Мінска сюды…
– Мне тое-сее праверыць належыць. Як прыйдзе час. І я дакладна даведаюся, – унікліва сказаў Грак. – Ды ў нас шмат часу, пагаворым. Ты ж таксама тут з нечае лёгкай рукі, – рагатнуў ён.
У чамадане Грака знайшоўся ваенны кацялок – у ім і варылі мяса, здробненае на маленечкія кавалачкі. Пілі гэты гарачы булён з кубкаў, а авечы тлушч застываў на вуснах і барадзе. Мацвей трохі гідзіўся і паху, і смаку, але не адмаўляўся – бо ежа перастала быць задавальненнем, яна сталася патрэбай.
Праз тры дні зноў прыехаў Асхаб, ад раніцы Мацвея з Гракам не выклікалі на работу, стары вывеў асла, на якога чапляў розныя торбы.
– Значыць, сёння пойдзем, – выказаў услых здагадку Грак. – У шахту пойдзем. Не пужайся, Мацвей! – падбадзёрыў. – Пакуй свой заплечнік.
На двары ён даволі смела падышоў да Асхаба, спытаў:
– Дасі нам пачак чаю, дык мы яго адробім за першыя дні. Ты мяне ведаеш, я слова ўвесь час трымаў.
Асхаб ашчэрыўся ў бараду:
– Я павялічу табе норму на ўвесь час!
– Гэта няправільна, – запярэчыў Грак. – І асёл вязе столькі, колькі можа, іначай ён падае. Навошта гаспадару дохлы асёл?
– Ідзі, – спакайней адказаў Асхаб. – Будзе чай. За чвэрць тыднёвай нормы.
Пазней Грак тлумачыў Мацвею:
– Мінулы сезон заканчваў, дык заўважыў, што жыла пашыраецца. Ды і вопыту трошкі ж набыў. То мы таго кварцу на чай наколем.
Праз гадзіну яны выправіліся ў горы па сцежцы, якая была вядомая адно старому. Часам ён прыпыняўся, тады Асхаб клікаў Мацвея і Грака – яны ішлі наперад прыбіраць са сцежкі камяні, вялікія і малыя, што за зіму паскочваліся з гор. У адным месцы спыніліся надоўга – сцежка ўзбоч скалы была цалкам заваленая каменным друзам, расчышчалі доўга. Цясніна праваруч то пашыралася і паглыблялася, то вузела і плытнела. Там бегла рэчка.
Спыніліся на даволі шырокім участку – тут сцяжынка абрывалася ў прорву шырынёй метры ў чатыры і глыбінёй метраў у дзесяць. Ля яе краю ляжаў зроблены з дрэва масток, з іншымі часткамі ствараючы незразумелую канструкцыю. Стары палез у кішэню свайго халата, дастаў ключ, адамкнуў замок, начапіў вяроўчыну за край мастка. Асхаб ухапіўся за канец і стаў цягнуць – масток пачаў паварочвацца вакол убітага ў трэшчыну металічнага таўсценнага стрыжня.
– Памагай! – скамандаваў стары сваім парабкам, Мацвей і Грак пачалі піхаць кароткую частку мастка з наваленымі на яе камянямі дзеля раўнавагі з другога боку стрыжня. Масток павольна паварочваўся і нарэшце злучыў гэты бок цясніны з іншым – там была маленькая пляцоўка. Першым праз масток перайшоў Асхаб. Стары тым часам разгружаў торбы з асла. Узялі рэчы, перайшлі масток і па сцежцы прайшлі метраў трыццаць – адкрылася невялікая, у метр усяго пячора.
– Ты справу ведаеш. Навучай маладога. Праз тыдзень у гэты час каб кашы былі поўныя!
Вузкі лаз у пячору адкрываўся бы пакоем: тут было кінутае раней рыззё, вялізны пляскаты камень служыў сталом – на ім стаялі два газавыя ліхтары.