– Бо ты з’явіўся ў той самы момант, калі я стаў Бога прасіць, каб даў мне пажыць і пабачыць некага. Ніколі не прасіў, а тут – пачаў.
– Не па сваім жаданні я тут з’явіўся.
– Тое няважна. Галоўнае – ты мяне ўратаваў. Я ад абязводжання ўжо канаў. Так што – час прыйдзе.
Частка 8
Гэтай раніцай Мацвей пачуў звычайны кароткі стук у дзверы, выйшаў і сустрэў старога чачэнца, які стаяў да яго тварам – і твар быў незвычайна ціхамірным, ці не лагодным.
– Ежа, – стары паказаў кійком поруч з Мацвеем.
Ляпёшка з кавалкам сыра і яшчэ кавалак цёмнага, шчодра абсыпанага прыправамі мяса.
І стары пайшоў.
Мацвей няўцямна стаяў колькі імгненняў, разважаючы: ісці за старым ці не. Той скіраваўся ў свой дом. Паціснуўшы ў думках плячыма, ён забраў пакладзенае на цурбан, вярнуўся ў хлеўчык.
– Нечага сёння ён ад ранку добры, – падзяліўся сваім неўразуменнем з Гракам, які сядзеў на тапчане і дапіваў чай.
– А які сёння дзень? – спытай той.
– Напэўна, пятніца…
– Пятніца – галоўны дзень тыдня ў мусульман. Сёння яму абмыванне трэба зрабіць, у мячэць ісці. Святочны дзень. Адпачынак для ўсіх, і для хатняй жывёлы таксама, – нязлосна рагатнуў Грак. – Мяса даў жа кавалак?
– Так.
– Ну вось, выходзіць, сёння і нам адпачываць. А пачнём і мы з абмывання. Прыбяромся, парадак навядзём. Ты галіцца не збіраешся? То я з-за хваробы зарос, а так галіўся, лёзы пытаўся. Ён не адмаўляў, бо не хоча, каб гяур паходзіў на яго знешне. Іслам прадпісвае мужчынам быць з бародамі.
Дзень выдаваўся ціхім і сонечным. Грак, хаваючы сарамлівасць, папрасіў у Мацвея, мо ў таго ёсць, камплект бялізны і якія штаны на час, бо свае хоча памыць.
Мыўся ён сам, цалкам аголены, у ручаі, у халоднай вадзе. Худы – ажно косці тырчалі, але ж, бачна было, што гэта цяпер ён аслабнуў, бо пад скурай пругка набухалі мышцы, калі выкручваў памытыя нагавіцы, сарочку.
Мыўся і сам Мацвей, захліпнуўшыся напачатку ад холаду вады, а потым з азартам цёр цела дробным залацістым пяском, які чэрпаў па падказцы Грака з дна ручая.
– Мылам не запасешся, а ў чачэна не выпрасіш, – тлумачыў Грак. – Не засталося травы, тут расце такая, бярэш жмут – бы мыла з мачалкай адразу. Нічога, назбіраем, насушым, а пакуль пясочкам…
Памытае развесілі сушыцца на кустоўі ля ручая. Узнімаліся наверх да свайго хлеўчыка, аголеныя па пояс і пабачылі, як стары чачэнец – не адзін, з жанчынай – выходзіў з двара. Ён скасавурыўся ў іх бок, глядзеў нейкі час пільна, але твар застаўся нязменным – быццам глядзеў на якое дрэва. Але Грак патлумачыў па-свойму:
– Бач, задаволены. Любяць яны, як іх святы паважаюць. І мы ў пятніцу абмыванне робім, – рагатнуў ён. – Заўтра мяне на работу пагоніць, яму асаблівая радасць, што я выжыў.
Потым прыбіраліся ў сваім хлеўчыку, Грак камандаваў, шчыраваў сам, прыгаворваючы:
– Знаеш, хлопча, я табе праўду скажу: тое, што яны нас за скаціну трымаюць – іншым разам не дужа і далёка ад ісціны. Бачыць мне даводзілася многае. З палону сваіх вызвалялі, а тыя сапраўды былі як жывёлы: іх ужо сараматныя месцы самі гаспадары змушалі прыкрываць, цалкам усё чалавечае знікала, адно есці, рабіць, спаць… Ды што пра іншых, пра сябе скажу: першы год трымаўся, а на другі – здаўся. Усё абыякава стала, жыў у хлеўчыку. Не мыўся, не галіўся. Мне ежу кідалі, як сабаку – з адлегласці, бо, канешне, смярдзела ад мяне… Кожная жывёліна свой пах мае, сабака – псінай тхне, у ваўка пах такі – ні з чым не зблытаеш. Але найбольш смярдзіць чалавек. Перастань мыцца, сыдзі, так мовіць, у прыроду – жахнешся. Думаеш ад бадзякоў тхне таму, што яны па памыйках шастаюць і дзе папала начуюць? Не. Гэта і ёсць чалавечы прыродны пах – калі цела месяцамі нямытае. Мы ў прыродзе сярод звяроў самыя смердуны. І лёгка туды скаціцца, ой як лёгка. На трэці год зразумеў, што загіну. А мне нельга тут заставацца і гніць, у мяне справа, важная, мне разлічыцца абавязкова. Месяц таму я занядужаў, ліхаманка хапіла, прадзьмула ў аўчарні. Не змог уставаць. То мне ежу на падлогу кідаў. Тры дні не змог працаваць – на чацвёрты ежу не атрымаў. Дагрызаў сухары, ваду піў, пакуль хапіла. Ужо ачомаўся, змог, за сцяну трымаючыся, хадзіць, а тут жывот прыхапіла, зусім бяда. Каб не ты – здох бы без вады. От так… Таму і нам пятніца – святая. Не дае забыцца, што мы людзі. Здарыцца непрадбачанае, застанешся адзін – помні пра пятніцу: ты чалавек, і чалавекам заставацца.
З-пад свайго тапчана Грак вывалак фанерны стары чамадан.
– Тут маё багацце. Для галення станок яшчэ вайсковы, лёзы, нажніцы. Часопісы старыя не выкідваю: каб літары не забыць, праглядваць пажадана, – сур’ёзна казаў ён. – І што ёсць іншае жыццё. У цябе нож добры, то трэба нам кшталту паліцы прыдумаць: ля ручая у кустоўі навырэзваць пруткоў, спляцём. І раз нас двое, давай уборную зробім, з калкоў, плёнка вось, абцягнем. Усё як у людзей стане.
Яны шчыравалі увесь дзень, не прысядаючы абедаць, адно пілі чай. Прыбралі да чысцюткага ў хлеўчыку, прыбралі ля яго. Туалет зрабілі. Прывалаклі ад ручая два камяні, паклалі да сцяны. Тыя нагрэліся промнямі зыркага сонца – прыемна было сесці і пасядзець. Цурбан заслалі вымытым кавалкам тканіны са старой ірванай кашулі Грака.
Назаўтра раніцай у дзверы пастукалі двойчы, і яны выйшлі удвух. Стары змерыў іх позіркам і махнуў рукой, павёў за сабой. Дзень яны капалі агарод вузкімі рыдлёўкамі з кароткімі дзяржаннямі. На цурбане падчас абедзеннага перапынку пабачылі дзве ляпёшкі і два кавалкі сыру.
Днём прыпякала даволі моцна, расла трава, лопаліся пяшчотнай клейкай зеленню почкі на дрэвах – вясна наступала імкліва, хоць ноччу было холадна, то даводзілася збіраць дровы і сабе, і старому, каб паліць у ачагу.
Адным днём стары не проста кіўком гукнуў за сабой, але стаў прамаўляць – да Грака.
– Авечак мыць сёння. Асхаб прыедзе.