Сонца заходзіла за далёкі горны хрыбет, ружовыя цені леглі на горы. Адразу пацягнула холадам. Мацвей міжволі спыніўся і углядаўся ў нябачную раней прыгажосць. Горы не падаваліся страшнымі – наадварот, яны былі зусім блізка, іх, здавалася лёгка перайсці, ісці далей, далей – пакуль стане сілаў і моцы, а сілы ж у яго многа, жывот ужо зусім не баліць ад таго ўдару. Успомніў словы Грака пра гэтую падманную лёгкасць. Мусіць, так і ёсць. Вось жа тут – зірнеш – дык проста зусім, але адно той сцяжынкай магчыма падняцца ў лясок.
З трэцяй ношкай стары сустрэў яго на надворку, і дзіўна, але твар быў не такім халодным. Бы гаспадар застаўся задаволены работай свайго коніка.
– Бяры сабе! Ламай паліць.
Сам ён трымаў у руках невялікую сякерку, відаць, збіраўся секчы сучча для сваіх патрэб.
Ля свайго хлеўчыка Мацвей правошкаўся з дровамі яшчэ з гадзіну, паламаў надзіва цвёрдае сучча, каб можна было укласці яго ў ачаг.
Спусціўся да ручая памыць рукі і твар, адчуў ныючы боль у плячах і руках. І зразумеў, што тое ад непрывычкі – даўно ён апошні раз так працаваў фізічна.
Грак сустрэў яго кволай усмешкай:
– Вярнуўся мой выратавальнік!
Мацвей распаліў агонь, паставіў грэцца ваду, стаў гатаваць ежу.
– Як ты тут… Грак? – Мацвею не вельмі прыемна было звяртацца да чалавека па мянушцы.
– Добра, значна лепш, – адказаў той.
– То зараз есці будзем!
– Ашчадай, Мацвей, – падказаў Грак. – Мяне з паўгода тут мучыў голад, пакуль прывык ды знайшоў магчымасць дзе яшчэ знайсці паесці…
– Дык і я знайду, – паспрабаваў быць бадзёрым Мацвей.
– Не знойдзеш да лета, – пакруціў адмоўна галавой Грак. – Вясна – самы галодны час…
– Табе лягчэй?
– Лягчэй! Дзякуй табе. Яшчэ б суткі ці двое – і выкінулі б у яр.
– Дык а чаму яны не лячылі?
– Бо мы горш за жывёлу, дзівак, – усміхнуўся Грак у адказ. – Жывёла ў іх – чыстая, а мы – не. Таму да нас падыходзіць магчыма не бліжэй за крок, калі не з нажом, каб прырэзаць. Старыя чачэнцы надта гэтага трымаюцца. Яны – вернікі, іх Алах забараняе ім кранацца нас, нячыстых іншаверцаў. Там калодзеж у двары – не паспрабуй вады дастаць, бо апаганіш для іх, неабходна асвячаць яго па новай, а цябе будуць біць доўгімі палкамі як сабаку.
– А як яго завуць? Ну, старога гэтага? – нечакана пацікавіўся Мацвей.
– Табе яго імя без патрэбы, – сумна адказаў Грак. – Па імю яны звяртаюцца да сваіх, да роўных сабе. І ты не маеш права назваць яго імя. Бо будуць біць. Гэты, малады, пляменнік старога. У старога быў сын, прапаў у вайну. І мы адрабляем.
– Як адрабіць, чысцячы хлявы?
– Хлявы, хлопча, гэта драбяза, гэта не работа. Не хачу цябе пужаць, але праз тыдзень пацяплее, у гарах у пячоры можна будзе начаваць. Тады і пачнецца…
– Што пачнецца?
– Твая і мая работа, як мяне не прыстрэляць, – Грак паспрабаваў сесці лацвей, правяраючы сваю моц. – Не павінны прыстрэліць. У горы мы пойдзем. Там ёсць пячора адна, пачнём здабываць кварц. Ён не просты, руды такі, быццам іржавы. То золата ў ім. Радовішча маленькае, адна жыла, каб самому распрацоўваць – сабе даражэй. А нехта за ежу табе здабывае – дык льга атрымаць нейкія грошы. Старому сказалі, што ягоны сын у палоне, у рускіх. І кошт вызначылі. Ён зарэзаў тры авечкі і купіў мяне – каб я яму здабываў тую руду. Цяпер цябе купіў. Я яго разумею. Хоць, вядома, яго падманулі – расійскія войскі палонных не трымалі. Ды і мае збіралі б капейкі.
– А… дзе твае?
– Загінулі ў Грозным падчас першай Чачэнскай. Свая ж бомба пацэліла ў дом. У горадзе тады адны руіны засталіся. І столькі сваіх загінула… А нехта за гэты час багацеў. Ты не уяўляеш нават, колькі грошай перацякло ў кішэні дзялкоў. Але, хай гэта нас не хвалюе. Пакуль.
– Так кажаш, нібыта прыйдзе час, – хмыкнуў Мацвей і не дагаварыў.
– Прыйдзе, хлопча, – запэўніў Грак, працягнуў пусты кубак да Мацвея. – А налі яшчэ чаю! Вось што мяне вылекавала – чай. Я твой даўжнік. Але разлічуся, прыйдзе час. А што ён прыйдзе, я дакладна знаю.
– Адкуль? – здзівіўся шчыра Мацвей.