Мацвей накідваў і накідваў гной у тачку, вывозіў, ахапкамі насіў салому, церушыў у загоншчыку. Праца пакрысе супакоіла – усё здавалася не такім і дрэнным, часовым: ён тут закончыць – і паедзе назад… Але ішла гадзіна за гадзінай, стомленасць атупляла. Хацелася піць і есці. Мінула, можа, гадзіны чатыры ці болей. Ён вычысціў практычна ўсю аўчарню. Стары нібы назіраў за ім аднекуль, прыйшоў, калі Мацвей узяўся за вываз гною з апошняга загону.
– Есці ідзі. Адна гадзіна. – паказаў для дакладнасці адзін палец стары.
– А дзе рукі памыць? – вырвалася ў Мацвея.
Вочы старога бліснулі злосцю, але ён усё ж прасіпеў у адказ:
– За хлявом – ручай.
І праўда, за іх хлеўчыкам, зрабіўшы колькі крокаў ад таго месца, дзе раніцай спраўляў патрэбу, Мацвей заўважыў абрыў, а ўнізе – невялікі ручай. Пашукаў вачыма – пабачыў сцежку з выразаных у цвёрдай зямлі прыступак. Можа, гэты мужчына раней зрабіў.
Спусціўся. Вада была неверагодна халодная, зводзіла зубы. Ніжэй па цячэнні абмыў свае чаравікі з высокімі халявамі, якія маці спецыяльна набывала для гэтай паездкі. Ля рэдкіх кустоў прыпыніўся, вышукваючы сухое голле, ламаў, збіраючы ў ахапак.
Ля дзвярэй хлеўчыка на цурбане ляжала круглы праснак і кавалак жоўтага, самаробнага, з чорнымі авечымі валаскамі, сыру.
У хлеўчыку было холадна. Мужчына ляжаў, адкрыў вочы на Мацвея, ціха прамармытаў:
– Прабач, не здужаў падняцца. Да ветру ледзь схадзіў, хістае…
– Ды нічога, я хутка, – заспяшаўся Мацвей, быццам абавязаны быў як хутчэй раскласці агонь, нагрэць чаю. Нарэзаў сала, хлеба, падаў мужчыне, які здужаў самастойна сесці.
Гэтым разам ён еў нетаропка, піў чай, скіраваўшы задумлівы позірк некуды праз сцяну.
– Здаецца, вечнасць цэлую не спрабаваў сапраўднага чаю, – выдыхнуў ён і параіў: – Ты ляпёшку на кавалкі парві ды пакладзі сушыцца ля пячуркі, там палічка ёсць, – і патлумачыў: – Дамашнія харчы скора скончацца, а гэтая ляпёшка з кавалкам сыра – на дзень. Раз на тыдзень дасць яшчэ кавалачак мяса, вельмі салёнае. На заробкі ехаў? – спытаўся.
– На заробкі, – нехаця, як у дурасці сваёй прызнаваўся, выдыхнуў Мацвей.
– Многа нашых тут апынуліся такім чынам, – са скрухай уздыхнуў мужчына. – Летась трапіўся сюды, трохі старэйшы за цябе. Уцячы паспрабаваў на трэці дзень. Лёгка дагналі, тут сабакі навучаныя. Ды і няма куды уцякаць. Горы…
– Сапраўды, адна дарога?
– Сапраўды. За чатыры гады я тут усе ваколіцы абхадзіў… Ніжэй па дарозе – аул, селішча іхняе, там людзей шмат, а яны ўсе табе ворагі. Дакладней, ты ім усім вораг. Вышэй у горы – луг, там стары авечак пасе, але з яго спусціцца адно сюды. Гарам нельга верыць… Здаецца толькі, што прайсці лёгка, а як не ведаеш сцежкі – загінеш. Таго небараку злавілі і білі тры дні, затым звезлі некуды… То табе кажу наперад: раптам думка ўзнікла бегчы, бо ж быццам лёгка гэта, каб ведаў: гэта смерць у тваім выпадку. У гарах няма вады, няма ежы. А сустрэнеш чалавека-чачэнца – ён цябе заб’е і атрымае за тваю галаву ўзнагароду.
– Вы чатыры гады тут?
– Тры і дзевяць месяцаў. Давай будзем на ты. Трапіў у палон падчас другой Чачэнскай. Капітан расійскай арміі. А ты адкуль?
– З Беларусі. Мацвей.
– Праўда? Мая маці – з-пад Гомеля. У дзяцінстве я да бабулі ездзіў. Ды і бацька – беларус, але сірата, служыў, вось і панасіла па свеце – ад Германіі да Уладзівастока. Я таксама ў ваеннае уляпаўся, тады яшчэ прэстыжна было. Хто ж думаў, што давядзецца людзей забіваць… І нядаўніх сваіх, савецкіх.
– А зваць вас як? Цябе, – паправіўся Мацвей.
– Пакуль я тут, заві мяне Гракам. Ага, так і заві – Грак. Так мяне сябры ў роце звалі.
У дзверы стукнулі нечым, можа, палкай. Мацвей падхапіўся, нацягнуў курту. Стары чачэнец адыходзіў ад хлеўчыка з кійком у руках.
“І праўда, як жывёліне навучанай – стукнуў, значыць, ідзі за мной”, – з прыкрасцю падумаў Мацвей.
Стары ішоў вядомай яму сцяжынкай, забіраючы вышэй у горы. Пачаўся нібыта лес – з незнаёмымі дрэвамі, калючым кустоўем. Стары спыніўся і скамандаваў:
– Дровы. Збірай сухое, – і кінуў пад ногі сабе, невялікую вяроўчыну.
І сам сышоў.
Мацвей прыняўся за работу, сам сабе даючы каманду не спяшацца, рабіць усё як мага павольней – няма сэнсу ні спяшацца, ні зрабіць лепш. Вышукваў вачыма сухое сучча, да якога мог дацягнуцца, углыбіўся ў гушчар, знайшоў паваленае ветрам ці ўпалае ад старасці дрэва з мноствам сухіх, але ж моцных сукоў. “А сякеру даць не асмеліўся”, – думаў ён пра старога чачэнца. – За жывёлу трымаеш, але ж баішся.”.
Аднёс першую вязку сучча на надворак, раздумваў хвіліну: ці ісці яшчэ, бо нідзе не было відно старога, і сам пацягнуўся ў гару. Яшчэ назбіраў.