– Яшчэ дай… – ціха папрасіў мужчына.
Ён папіў, гэта каштавала яму нямала высілкаў, зноў абапёрся на сцяну, змоўк. Святло ад агню скакала на ягоным твары. Мацвей падкінуў дроў у ачаг, паглядзеў, што за скрыня ля яго. Там быў стары закопчаны чайнік, каваны трыножнік, гнутая і брудная алюмініевая міска з нямытай лыжкай. Ён спаласнуў чайнік вадой з бутэлькі, паставіў трыножнік у ачаг, пасунуў пад яго галавешкі – збіраўся нагрэць чаю. Скрыню павярнуў бокам, склаў чорную плёнку і заслаў зверху – атрымаўся амаль столік, які заслаў ручніком з заплечніка. На яго стаў выкладаць хлеб, каўбасу, цукар. Паглядваў на мужчыну і заўважыў, што той неадрыўна сочыць за імправізаваным столікам, а ноздры ягоныя раздзімаліся ад дыхання. Пачуў пах ежы…
Чайнік запараваў, Мацвей заварыў чай, кінуў цукру. Адрэзаў лусту хлеба, тонкіх скрылікаў сала і каўбасы, падсеў да мужчыны:
– Зможаце трымаць?
Мужчына пацягнуўся рукамі да ежы.
Ён каўтаў, амаль не жуючы. Піў чай, маленькімі глыткамі, але таропка і прагна. Мацвей забраў пусты кубак, мужчына сказаў заўважна падужэлым голасам:
– З кубкам асцярожней. Дызентэрыя ў мяне, пэўна. Прабач за смурод. І яшчэ налі…
Акенца пачарнела. Полымя з ачага асвятляла хлеўчык, кідаючы водбліскі на сцены. Дроў заставалася нямнога, дзе браць болей, Мацвей не ведаў, таму непакоіўся: ноччу цёпла не будзе.
– У мяне… Тут маці надавала, таблеткі ёсць розныя.
– Давай, што маеш. Мо дапаможа, – папрасіў мужчына.
Падказаў Мацвею, што ў дымаходзе ёсць невялікая заслонка – каб за ноч не выцягвала цяпло. Ён лёг і заснуў, як адключыўся.
Дзіўна, але і Мацвей заснуў адразу, магчыма, эмацыйная перапоўненасць дарэшты стаміла яго мозг – думаць пра нешта ён не мог.
Прачнуўся ад холаду. У хлеўчыку панаваў паўзмрок – праз акенца сюды сачылася шэрасць рання. Нацягнуў на сябе куртку, збіраючыся выйсці да ветру і застыў ля дзвярэй: згадаў учарашняе, і жывот адгукнуўся застылым болем.
– Выходзь і за хлеўчык – там яміна ёсць, – пачуўся голас мужчыны ад тапчана. Ён прачнуўся і пазіраў на Мацвея.
Мацвей смялей таўхануў дзверы і выйшаў у ранішняе сутонне.
Потым развёў агонь у ачагу з рэшткаў дроў, ашчадна спаласнуў рукі вадой. За гэты час мужчына уставаў і выходзіў на двор, трымаючыся за сцяну. Вярнуўся і прызнаўся:
– Выкінуў трусы, бо загадзіў. Не так смярдзець буду. Можа, хопіць сілы абмыцца пазней.
– Дапамаглі таблеткі? – пацікавіўся Мацвей.
– О, так. Яшчэ ёсць?
– Ёсць.
– І чаю многа завары, моцнага. Калі ласка, – дадаў ён, праглынуў таблеткі, выбіраючы іх языком з упакоўкі, і лёг.
Паспелі папіць чаю, як дзверы рыпнулі, раскрыліся:
– Выходзь!
Малады чачэнец пазіраў на Мацвея з крывой усмешкай.
– Трохі навучыўся, чмо? Зараз пойдзеш з гаспадаром, рабіць, што ён скажа. Ежу знойдзеш сваю во тут, – ён паказаў на драўляны цурбан ля дзвярэй хлеўчыка. – Пытанняў не задавай, рабі і будзеш жывы і сыты. Зразумела?
– Так, – ціха адказаў Мацвей.
– Ідзі за мной!
Стары павёў Мацвея у глыб двара – там адкрылася вялікая прастора, нейкія пабудовы. Цягнула жывёльным духам. Стары адкрыў вароты вялікага хлява з нізкім дахам – у глыбіні былі загоны і авечкі у іх.
– Чысціць! – сказаў, як варона каркнула, стары, паказаў рукой на кут, дзе стаялі драўляная рыдлёўка і самаробная тачка з адным колам. – Туды вынось – паказаў рукой на кучу гною воддаль за хлявом. – Паслаць пасля, – і зноў рух рукой у напрамку ці то стажка, ці то кучы саломы ў другім баку двара.
Мацвей рушыў у закутак, авечкі выбеглі з яго, мэкаючы. Стары глядзеў, як Мацвей загрузіў першую тачку авечым дробным гноем, вывез яго. Мабыць, ён застаўся задаволены тым, як пачаў Мацвей, бо моўчкі сышоў.